Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек са сталі», аскетычны ў турэмным жыцьці, іграў панк-рок. 8 фактаў пра палітвязьня Анджэя Пачобута, якому споўнілася 50 гадоў

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

16 красавіка 1973 году нарадзіўся Анджэй Пачобут, журналіст, публіцыст і блогер з Горадні, актывіст Саюзу палякаў на Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. У 50-ты дзень нараджэньня ён знаходзіцца за кратамі.

Сабралі восем важных фактаў пра Анджэя Пачобута.

1. Выхаваны ў польскай традыцыі

Бацька і маці Анджэя — палякі, паходзяць зь Бераставіцкага раёну Горадзенскай вобласьці. У Вялікай Бераставіцы нарадзіўся і сам Анджэй. Анджэй вызнае сябе палякам, які жыве ў Беларусі.

Анджэй Пачобут у дзяцінстве
Анджэй Пачобут у дзяцінстве

У дзяцінстве ён не любіў польскую, размаўляў па-расейску. Аднак потым зацікавіўся польскай мовай, культурай, гісторыяй. Асабліва, калі пабачыў дакумэнты пра сваіх продкаў. Самы далёкі вядомы продак роду Пачобутаў — Мікалай Пачобут-Адляніцкі, які нарадзіўся ў 1536 годзе.

Анджэй вывучаў тое, што датычыла польскасьці на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Шануе польскую гісторыю, прыкладам, лічыць жаўнераў Арміі Краёвай узорам для перайманьня.

Сябар Анджэя і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі расказаў Свабодзе, што Анджэй шмат чаго ведае пра польскасьць, Горадню і ня толькі, зь ім цікава размаўляць, спрачацца на розныя тэмы.

Дрэва роду Пачобутаў
Дрэва роду Пачобутаў

Аднак сваякі Анджэя падкрэсьліваюць, што ён ніколі ня быў нацыяналістам, паважаў беларусаў і беларускую мову. На яго ў дзяцінстве аказала вялікі ўплыў бабуля-беларуска, яны зь ёй цёпла сябравалі.

Анджэй жанаты, мае з жонкай двое дзяцей, якія хадзілі ў «польскую» школу. Дзеці звычайна гавораць зь дзедам (бацькам Анджэя) па-польску. Анджэй з малодшым сынам таксама заўсёды гаворыць на польскай мове, якую лічыць роднай. На ёй жа піша яму лісты з турмы, аднак іх не прапускаў цэнзар. Бацькі Анджэя цяпер жывуць у Горадні.

2. Іграў у панк-рок-гурце

Родны брат Анджэя Стас Пачобут больш вядомы як музыкант. У 1993 годзе браты разам стварылі панк-рок-гурт Deviation. У іхных песень была палітычная афарбоўка анархічнага зьместу, у тэкстах крытыкавалі фашызм і таталітарызм, а таксама Аляксандра Лукашэнку.

«На якой ён іграў гітары? Хутчэй на бубне. У яго слыху няма», — раней іранічна выказвалася пра музычныя здольнасьці сына маці.

«Гэта былі ў пэўным сэнсе для маладога хлопца лякальныя зоркі, якія сьпявалі ў асноўным па-беларуску — гэта таксама тады было калі не прыкметай багемнасьці, то пэўнай элітарнасьці», — раней расказваў «Прэс-клюбу» пра гурт Deviation цяперашні палітвязень Павал Мажэйка.

3. Марыў стаць адвакатам

Анджэй скончыў юрыдычны факультэт у Горадні. Марыў стаць адвакатам. Вучыўся на «выдатна», але перад выпускам атрымаў адну «чацьвёрку» і праз гэта не атрымаў чырвонага дыплёма.

«Ён ужо тады быў прыкметны. Ягоная думка часта разыходзілася з думкай іншых», — расказваў раней пра Анджэя бацька Станіслаў.

Чатыры гады пасьля ўнівэрсытэту Анджэй выкладаў права ў політэхнічным каледжы ў Горадні і тэхнікуме права і бізнэсу. Зарабляў няшмат. Спрабаваў уладкавацца на працу на мясакамбінат — не ўзялі.

4. Стаяў ля вытокаў горадзенскай журналістыкі ў незалежнай Беларусі

Пачобут прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе па сьлядах бацькі. Неўзабаве пасьля ягонага прыходу закрылася незалежная горадзенская газэта «Пагоня». Потым яны разам зь Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам стварылі газэту «Дзень». Але і яна выходзіла нядоўга, яе вымусілі закрыцца.

«Вы не баіцеся мяне браць? Калі я прыходжу ў газэту, дык яна закрываецца», — жартаваў пасьля гэтага Анджэй.

Журналісты Анджэй Пачобут, Андрэй Мялешка, Вітаўт Руднік стаяць каля горадзенскага аблвыканкаму ў падтрымку Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, якіх пасадзілі ў «справе журналістаў», 2002 год
Журналісты Анджэй Пачобут, Андрэй Мялешка, Вітаўт Руднік стаяць каля горадзенскага аблвыканкаму ў падтрымку Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, якіх пасадзілі ў «справе журналістаў», 2002 год

Ён пісаў для газэтаў «Местное время», «Народная воля», польскамоўнай газэты Саюзу палякаў Беларусі «Głos z-nad Niemna», буйнога польскага выданьня «Gazeta Wyborcza».

У 2021 годзе Пачобута другі раз прызналі Журналістам году ў Польшчы (першы раз быў у 2011-м).

5. Любіць Горадню і Нёман

Большую частку жыцьця Анджэй пражыў у Горадні. Ён любіць гэтую зямлю настолькі, што адмовіўся выехаць зь Беларусі ўзамен на вызваленьне.

«Я вельмі люблю Нёман. Ён такі розны: ад вузкага ручайка да проста-такі марскіх шыротаў... Увогуле прырода — гэта тое, чаго не хапае», — пісаў у лістах Анджэй.

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

Пакуль Пачобут сядзеў на «Валадарцы», то стараўся займацца спортам па некалькі гадзін у дзень. Камэра была цесная, таму даводзілася хадзіць амаль на месцы.

«Я сабе выдумаў так: кожны крок — гэта крок у кірунку Горадні. Гэта вельмі матывуе. Кожны крок — і ты бліжэй да дому. Зразумела, што вывезьлі мяне далёка, а вывезуць яшчэ далей, але калі не здавацца і крочыць, то раней ці пазьней дойдзеш да хаты, да нашага каралеўскага гораду», — прыдумаў Анджэй.

6. Моцна схуднеў падчас мінулай адседкі

Цяперашні арышт Анджэя — ужо трэці ў крымінальных справах.

У 2010 годзе ён сядзеў «суткі» пасьля Плошчы. У 2011 і 2012 гадах на яго заводзілі крымінальныя справы за «абразу Лукашэнкі» і «паклёп на Лукашэнку». Тады ён правёў пад вартай каля чатырох месяцаў.

Калі Анджэй вызваліўся 10 гадоў таму, яго цяжка было пазнаць, настолькі ён зьмяніўся. Ён тады абвяшчаў у турме сухую галадоўку і моцна схуднеў.

«Раней ён любіў есьці салодкае, булачкі, піць салодкую ваду. Потым ён казаў мне: „Ведаеш, я зразумеў, што магу спакойна абыходзіцца бяз гэтага ўсяго“. Ён памяняў свой густ. Раней жыў для таго, каб есьці, а цяпер есьць для таго, каб падтрымліваць сябе. Ён узяўся за сябе, шмат хадзіў», — расказвалі ягоныя бацькі.

Падчас цяперашняга зьняволеньня Анджэя стала вядома аб праблемах з сэрцам, якія абвастраюцца падчас летняй сьпёкі, таксама пра захворваньне страўніка. Ён амаль нічога ня можа есьці. Падчас гэтага зьняволеньня журналіст таксама ўжо моцна схуднеў.

Суд над Андрэем Пачобутам

Андрэй Пачобут пад канвоем
1/24 Андрэй Пачобут пад канвоем
Жонку журналіста Аксану Пачобут з дзіцём на руках ў тамбуре суду не пускае ўнутр міліцыянт
2/24 Жонку журналіста Аксану Пачобут з дзіцём на руках ў тамбуре суду не пускае ўнутр міліцыянт
3/24
Бацька журналіста Станіслаў Пачобут з унукам Яраславам
4/24 Бацька журналіста Станіслаў Пачобут з унукам Яраславам
Дачка Андрэя Пачобута Яна
5/24 Дачка Андрэя Пачобута Яна
Аксана Пачобут з адвакатам мужа Аляксандрам Бірылавым
6/24 Аксана Пачобут з адвакатам мужа Аляксандрам Бірылавым
7/24
Адвакат Аляксандар Бірылаў
8/24 Адвакат Аляксандар Бірылаў
Консул РП Яцэк Даліва атрымаў адмову прысутнічаць на судзе
9/24 Консул РП Яцэк Даліва атрымаў адмову прысутнічаць на судзе
10/24
Консул Яцэк Даліва, які выконвае абавязкі генконсула РП у Горадні, і журналіст Анджэй Пісальнік
11/24 Консул Яцэк Даліва, які выконвае абавязкі генконсула РП у Горадні, і журналіст Анджэй Пісальнік
12/24
Міліцыянты правяраюць дакумэнты ў журналістаў
13/24 Міліцыянты правяраюць дакумэнты ў журналістаў
14/24
Аксана Пачобут
15/24 Аксана Пачобут
На суд прыйшоў былы палітвязень Аляксандар Васільеў, які ў 2004 годзе пацярпеў за “публічную абразу прэзыдэнта”
16/24 На суд прыйшоў былы палітвязень Аляксандар Васільеў, які ў 2004 годзе пацярпеў за “публічную абразу прэзыдэнта”
17/24
Аляксандар Мілінкевіч размаўляе з прафсаюзным лідэрам Сяргеем Антусевічам
18/24 Аляксандар Мілінкевіч размаўляе з прафсаюзным лідэрам Сяргеем Антусевічам
Спэцвыпуск газэты “Glos znad Niemna na uchodzstwie” з партрэтам Андрэя Пачобута.
19/24 Спэцвыпуск газэты “Glos znad Niemna na uchodzstwie” з партрэтам Андрэя Пачобута.
Павал Мажэйка, журналіст
20/24 Павал Мажэйка, журналіст
21/24
22/24
Сьвятлана Нех, грамадзкая актывістка
23/24 Сьвятлана Нех, грамадзкая актывістка
Спэцвыпуск газэты “Glos znad Niemna na uchodzstwie” з партрэтам Андрэя Пачобута.
24/24 Спэцвыпуск газэты “Glos znad Niemna na uchodzstwie” з партрэтам Андрэя Пачобута.
Previous slide
Next slide

Цяпер Анджэй аскетычны ў сваім турэмным жыцьці. Барыс Гарэцкі пэўны час насіў перадачы ў турму для калегі. Ён адзначыў, што Анджэй заўжды прасіў не прыносіць шмат. Яму стараліся найперш перадаваць сьвежую гародніну.

«Думаю, прычына менавіта ў аскетызьме, а не ў фізычных асаблівасьцях Анджэя», — думае Барыс.

«Сяджу ў Пішчалаўскім замку і адчуваю сябе графам Монтэ-Крыста. Нягледзячы на тое, што зь першага арышту прайшло ўжо 10 гадоў, хутка ўспомніў рэжым. Хутка адаптаваўся», — пісаў Анджэй да бацькоў у пачатку адседкі.

7. Адмовіўся прасіць памілаваньня

Першапачаткова затрыманых у «польскай справе» было пяцёра. Усе сябры Саюзу палякаў Беларусі з розных беларускіх гарадоў на чале са старшынёй СПБ Анжалікай Борыс.

У траўні 2021 году, праз два месяцы пасьля затрыманьня, стала вядома пра вызваленьне зь СІЗА трох фігурантак справы ўзамен на выезд зь Беларусі. Іх адвезьлі зь вязьніцы да польскай мяжы і высадзілі. Гэтаму папярэднічалі перамовы з абвінавачанымі праз польскага консула.

Пазьней стала вядома, што Анджэю прапаноўвалі падобны плян, але ён адмовіўся.

«Ніякія памілаваньні мне не патрэбныя. Зьвяртацца ці прасіцца я не зьбіраюся. Нават калі будуць ціснуць. У такіх справах, як мая, падобныя паводзіны былі б амаральнымі і ня годнымі памяці герояў Арміі Краёвай», — тлумачыў раней у лістах свой выбар Пачобут.

Анджэй Пачобут ля суду ў Горадні. 23 верасьня 2013 году
Анджэй Пачобут ля суду ў Горадні. 23 верасьня 2013 году

«Ён будзе паміраць, але будзе трымацца свайго», — казаў раней пра Анджэя бацька Станіслаў.

Калегі называюць Пачобута «чалавекам са сталі» і «прыкладам непахіснасьці».

Намесьнік галоўнага рэдактара Gazety Wyborczej Роман Імельскі часта размаўляў з Пачобутам пра падзеі ў Беларусі.

«Я ад пачатку ведаў, што Анджэй ня пойдзе ні на якую дамову з уладамі. Я таксама быў перакананы, што ўлады будуць яму такое прапаноўваць. Анджэя нельга выкінуць сілай, яму нельга прапанаваць такі кампраміс. Анджэй — чалавек каштоўнасьцяў, нязломны чалавек. Я падкрэсьліваю, нязломны чалавек. Яму баліць сэрца за дабро дзяржавы, у якой ён нарадзіўся. Хоць ён паляк, але грамадзянін Беларусі. Анджэй хоча, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай», — сказаў Імельскі.

8. Праз прысуд яму ўлады Польшчы закрылі памежны пераход зь Беларусьсю

Памежны пераход Баброўнікі (польска-беларуская мяжа). 10 лютага, 2023 году
Памежны пераход Баброўнікі (польска-беларуская мяжа). 10 лютага, 2023 году

Міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі заявіў, што пераход «Баброўнікі» будзе закрыты да вызваленьня з турмы журналіста і прадстаўніка польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Анджэя Пачобута.

«Як толькі Пачобут будзе вызвалены, на наступны дзень мы адкрыем пераход „Баброўнікі“», — сказаў Марыюш Камінскі на прэсавай канфэрэнцыі 23 сакавіка, паведаміла беларуская служба Польскага радыё.

Міністар дадаў, што «беларускаму боку высланы выразны сыгнал» у гэтым пытаньні. Камінскі таксама падкрэсьліў, што на кожныя дзеяньні беларускага рэжыму, накіраваныя супраць Польшчы і палякаў у Беларусі, Варшава адкажа «адэкватна і цьвёрда».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG