Расея нанесла ўдар па Славянску: 5 чалавек загінулі, 15 параненыя

Разбураны жылы дом у Славянску 14 красавіка 2023 году
Разбураны жылы дом у Славянску 14 красавіка 2023 году

У выніку расейскага ўдару па горадзе Славянску Данецкай вобласьці загінулі пяць чалавек, 15 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Пад заваламі знаходзяцца яшчэ 7 чалавек.

Пра гэта паведаміў кіраўнік Данецкай абласной адміністрацыі Павал Кірыленка.

«Па папярэдніх дадзеных, выкарыстоўвалі ракеты С-300. Пашкоджаныя 5 шматпавярховікаў і 5 прыватных дамоў, крама, гаспадарчы цэнтар, клюб і 3 аўтамабілі», — дадаў Кірыленка.

Адно дзіця ўдалося выцягнуць з-пад завалаў — яно памерла ў машыне хуткай дапамогі, паведаміла дарадца па камунікацыях кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Дар’я Зарыўная.

Кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак заявіў, што ў Славянску адбыліся ня менш за сем выбухаў у раёне школы № 8. Паводле яго слоў, адзін дом часткова разбураны, у двух адбылося ўзгараньне кватэр, таксама пашкоджаныя дамы вакол.

«Дзяржава-зло яшчэ раз дэманструе сваю сутнасьць. Проста сярод дня забіваючы людзей. Разбураючы, зьнішчаючы ўсё жывое. За кожную праяву тэрарызму будзе справядлівая адказнасьць. Ніякага сьледу Расеі на нашай зямлі не пакінем. І ніводнага ворага беспакараным таксама не пакінем», — напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

​
XS
SM
MD
LG