Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі «Приватбанк» зноў блякуе рахункі грамадзян Беларусі. Цяпер ужо канчаткова


Галоўны офіс «Приватбанку» ў горадзе Дніпро. Архіўнае фота. Травень, 2017 году
Галоўны офіс «Приватбанку» ў горадзе Дніпро. Архіўнае фота. Травень, 2017 году

Беларусам, якія маюць рахункі ва ўкраінскім «Приватбанку», зноў заблякавалі карткі і скасавалі дамовы. Грошы можна перавесьці на іншы рахунак. Зрабіць гэта можна толькі асабіста, але ёсьць нюансы.

З пачаткам вайны ўкраінскія банкі ўжо блякавалі рахункі беларусаў. Улетку 2022 году пасьля шчыльнай праверкі СБУ некаторым беларусам і нават цэлым кампаніям рахункі ўдалося разблякаваць. Аднак ня ўсім.

Працэдура разблякаваньня была даволі складаная і доўгая. Людзі пісалі лісты ў Службу бясьпекі Ўкраіны, што ня маюць ніякага дачыненьня да вайны, праходзілі праверку. Потым праверку праводзіў Нацбанк Украіны і даваў дазвол банкам у індывідуальным парадку разблякаваць рахунак канкрэтнага грамадзяніна. Як паказала практыка, хутчэй па часе гэта ўдавалася тым, хто застаўся ва Ўкраіне. У многіх з тых, хто вымушаны быў выехаць з Украіны, рахункі так і не разблякавалі.

Грошы не прападуць, аднак трэба мець іншы рахунак на сваё імя

Днямі беларусы пачалі масава атрымліваць «Паведамленьне аб адмове дзелавых зносін і закрыцьцё рахункаў». Спасылка ідзе на артыкул 11 Закону Ўкраіны «Аб папярэджваньні і процідзеяньні легалізацыі (адмываньні) прыбыткаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаваньні тэрарызму і распаўсюду зброі масавага зьнішчэньня».

Сёньня такі пагрозьлівы ліст атрымала беларуска Ганна, якая з 2021 года жыве ў Кіеве і мае рахунак у «Приватбанку». Спачатку на картку ёй перавялі стыпэндыю. Літаральна на другі дзень пасьля пачатку вайны банк заблякаваў карты ўсім беларусам, у тым ліку і Ганьне. Яна апынулася фактычна бяз сродкаў. Вярнуўшыся ў Кіеў, Ганна ўрэшце дамаглася разблякаваньня свайго рахунку.

«І вось сёньня многім маім знаёмым беларусам прыйшоў ліст — „Паведамленьне пра адмову дзелавых зносін і закрыцьцё рахункаў“,

у якім паведамляецца, што дамова скасоўваецца. Але там ёсьць пункт, што банк можа перавесьці грошы на любую іншую картку. Для гэтага трэба прыйсьці ў банк з дакумэнтамі, рэквізытамі свайго рахунку ў іншым банку, на сваё імя. Вывесьці сродкі на чужую картку не атрымаецца.

Але ў многіх няма рахункаў у іншых краінах і няма магчымасьці выехаць з Украіны ў тую ж Польшчу, напрыклад. Хтосьці падаў дакумэнты на міжнародную абарону, у людзей няма візаў», — кажа Ганна.

Ганна разглядала розныя варыянты, у тым ліку і карткі фінтэхкампаніі Revolut альбо Wіse. Аднак «Приватбанк», хутчэй за ўсё, на электронныя рахункі сродкі пераводзіць ня будзе, мяркуе яна.

«У мяне ёсьць магчымасьць выехаць у Польшчу і адкрыць рахунак у PKO Bank Polski — беларусам нібыта адкрываюць без праблем. Вядома, карыстацца польскай карткай у Кіеве будзе ня вельмі зручна — канвэртацыя, вялікая камісія, валюты ня здымеш. Але іншага выйсьця я пакуль ня бачу», — прызнаецца Ганна.

«Прапала кароўка — прападай і вяроўка»

Беларуска Вольга вымушаная была пераехаць у Кіеў летам 2021 году. Таксама мела рахунак у «Приватбанку». На наступны дзень пасьля пачатку вайны рахунак заблякавалі. Жанчына працуе ў буйной кампаніі, якая рэлякавала сваіх супрацоўнікаў у Польшчу. І фірма дамаглася, што рахункі разблякавалі даволі хутка — ужо ў чэрвені 2022 году.

«Як толькі рахунак разблякавалі, я адразу стала карыстацца менавіта гэтай картай і амаль усе сродкі патраціла. Пакінула крыху грыўняў на ўсялякі выпадак, бо вельмі хачу вярнуцца ці хаця б паехаць у Кіеў. Сёньня праверыла свой інтэрнэт-банкінг, пішуць: «У мэтах бясьпекі паслуга часова недаступная». Ну нічога страшнага, грошай там засталося няшмат. Як кажуць беларусы, «прапала кароўка — прападай і вяроўка», — не траціць аптымізму Вольга.

«Мы дагэтуль змагаемся за тых, каму заблякавалі рахункі больш за год таму»

Журналістка Алена Прыходзька шмат дапамагала беларускім калегам разблякаваць рахункі ва Ўкраіне, складала сьпісы, пісала лісты ў Службу бясьпекі Ўкраіны, у Нацыянальны банк. Спачатку былі станоўчыя вынікі, некалькі пасьпяховых кейсаў і прыкладна працэнтам 80 журналістаў рахункі «размарозілі», потым працэс прыпыніўся. Афіцыйных адказаў ні ад СБУ, ні ад Нацбанку даўно ўжо не было. Аднак Алена ўпэўнена, што нельга складаць рукі.

«На жаль, на гэта паўплываць немагчыма. Але мы дагэтуль змагаемся за тых, каму заблякавалі рахункі больш за год таму і не разблякавалі. І будзем змагацца. Тых, каму разблякавалі рахункі летам і ўвосень, мы папярэджвалі, каб выводзілі грошы і ні на што не спадзяваліся. Але, на жаль, некаторыя людзі прызвычаіліся атрымліваць заробкі на ўкраінскія карткі і не распрацавалі запасных варыянтаў», — кажа Алена Прыходзька.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG