Раней такі ліст напісалі «ОВД-Инфо» і «Мемориал», цяпер салідарнасьць зь імі выказалі яшчэ 39 праектаў, у тым ліку рух «Вясна», сахараўскі рух «Мір. Прагрэс. Правы чалавека» і «Фэмінісцкі антываенны супраціў».
Больш за 40 расейскіх і міжнародных антываенных і праваабарончых ініцыятыў зьвярнуліся да Эўразьвязу з просьбай не дапусьціць экстрадыцыі Аляксея Маскалёва зь Беларусі ў Расею і забясьпечыць яго перадачу ў бясьпечную краіну.
Раней такі ліст напісалі «ОВД-Инфо» і «Мемориал», цяпер салідарнасьць зь імі выказалі яшчэ 39 праектаў, у тым ліку рух «Вясна», сахараўскі рух «Мір. Прагрэс. Правы чалавека» і «Фэмінісцкі антываенны супраціў».
Аўтары звароты мяркуюць, што перасьлед Маскалёвых мае выключна палітычны і дэманстрацыйны характар з мэтай запалохаць тых, хто думае інакш, а таксама «парушае як расейскае заканадаўства, гэтак і Эўрапейскую канвэнцыю па правах чалавека.
Аляксей Маскалёў
Аляксея Маскалёва, якога пакаралі двума гадамі калёніі паводле артыкулу аб паўторнай дыскрэдытацыі расейскай арміі, затрымалі ў Менску 30 сакавіка. Ён спрабаваў уцячы з-пад хатняга арышту ў Расеі за дзень да суду. Паводле адной з вэрсій, Маскалёў не пазбавіўся ад свайго мабільнага тэлефона і ўключыў яго ў Беларусі. Так яго змаглі знайсьці і затрымаць беларускія міліцыянты.
Цяпер расеец знаходзіцца ў СІЗА Жодзіна, а ягоную 13-гадовую дачку, якую ён выхоўваў адзін, спачатку адправілі ў інтэрнат, а потым перадалі маці, якая выказала гатоўнасьць «адбіць» у яе думкі аб палітыцы.
У красавіку 2022 году яго дачка Маша Маскалёва намалявала малюнак на ўроку выяўленчага мастацтва. Зь дзяўчынкай «правялі гутарку» супрацоўнікі ФСБ, а на яе бацьку спачатку склалі адміністрацыйны пратакол аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі, а затым супраць яго распачалі крымінальную справу аб паўторнай «дыскрэдытацыі».