Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны жывыя, а ня проста лічбы ў справаздачах». Як вядомыя беларусы ўзялі апеку над палітвязьнямі


Акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Варшаве, Польшча. Архіўнае фота
Акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Варшаве, Польшча. Архіўнае фота

Беларускія блогеры, журналісты і сэлебрыці заапякуюцца палітвязьнямі, каб падтрымаць іх, расказаць пра іх, дапамагчы іхным сем’ям.

«Мы змагаемся за галасы гэтых людзей»

Кампанію «Пакуль усе ня будуць вольныя» запусьцілі праваабарончая ініцыятыва Dissidentby і фонд «Страна для жизни» на Дзень Волі. Мэта кампаніі — даць палітвязьням голас.

Праваабаронца і арганізатар ініцыятывы Dissidentby Вячаслаў Касінераў патлумачыў, што ініцыятыва ўзьнікла ў адказ на спад інтарэсу да палітвязьняў на фоне іншых сусьветных праблемаў. Такіх, як вайна ва Ўкраіне і землятрус у Турэччыне.

Вячаслаў Касінераў
Вячаслаў Касінераў

«Усё чалавецтва ў чаканьні ядзерных катаклізмаў і кліматычных крызісаў. Гэта стварае сытуацыю, калі пра пытаньне палітвязьняў і невялікай краіны Беларусі ня вельмі хочуць гаварыць», — кажа Вячаслаў.

Новая кампанія, паводле праваабаронцы, мае нагадаць, «хто адным зь першых прыняў на сябе ўдар рэпрэсій, постсавецкага жаху, што ў далейшым прывяло да вайны».

«Мы хочам зноў зрабіць іх бачнымі. Мы змагаемся за галасы гэтых людзей, за іхнае існаваньне, што яны жывыя, а ня проста лічбы ў палітыкаў у справаздачах», — расказвае праваабаронца.

Расказваць не як пра ахвяраў, а як пра герояў

Сутнасьці кампаніі ў тым, каб публічныя людзі, блогеры, інфлюэнсэры ўзялі на сябе адказнасьць за аднаго палітвязьня — апеку над ім. Задача апекуна — рэгулярна расказваць пра свайго падапечнага, напрыклад у сацыяльных сетках. Паведамляць навіны пра яго. Па магчымасьці трымаць сувязь са сваякамі зьняволенага, падтрымліваць іх. Агучваць, якая дапамога патрэбна сям’і арыштанта і яму самому. Можна пісаць свайму падапечнаму лісты, арганізоўваць зборы на ягоныя патрэбы.

Такім чынам у грамадзтве б узьнікалі гарызантальныя сувязі, мяркуюць аўтары ідэі. Праваабаронцы ня здолеюць дапамагчы ўсім зьняволеным, але могуць «працягнуць нітачку паміж людзьмі», тлумачыць Касінераў.

Цяпер да кампаніі далучыліся шэсьць апекуноў. Сярод іх:

  • прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык, ейны падапечны — анархіст Ігар Аліневіч;
  • журналіст і блогер Валер Руселік, падапечны — ягоны сябар, анархіст і журналіст Мікола Дзядок;
  • былая палітзьняволеная і прадстаўніца Кабінэту ў сацыяльных пытаньнях Вольга Гарбунова, ейная падапечная — «пэнсіянэрка-тэрарыстка» з Горадзеншчыны Галіна Дзербыш;
  • журналістка Кацярына Пытлева, ейная падапечная — музыка з Мазыра Кацярына Чаранкова.

Як расказваць пра палітвязьняў, калі людзі стаміліся ад рэпрэсій і сумных навінаў? Вячаслаў Касінераў перакананы, што варта расказваць пра палітвязьняў не як пра ахвяраў, а як пра герояў, якія працягваюць змагацца за кратамі.

«Палітвязьні — гэта героі, гэта фронт палітычнага сьветлага сьвету, за якім знаходзяцца ўсе гэтыя мордары. Яны першыя прынялі ўдар», — падсумоўвае ён.

«Чаму мы, беларусы, ня можам стаць голасам палітвязьняў?»

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык расказала пра свой удзел у кампаніі. Паводле яе, ідэя ўзьнікла падчас адной з сустрэч з блізкімі палітвязьняў.

«У нас было зразуменьне таго, што гэтым людзям вельмі патрэбная падтрымка. Яе вельмі не хапае. Ёсьць цудоўная кампанія „хросных“ палітвязьняў, у якой бяруць удзел замежныя палітыкі. А чаму мы, беларусы, ня можам далучыцца, каб стаць голасам палітвязьняў?», — разважае Аліна.

Аліна Коўшык
Аліна Коўшык

Яна мяркуе, што цяпер важна як мага больш і гучней гаварыць пра палітвязьняў.

«Мы разумеем, што гэтыя людзі сядзяць і за нас, і наш маральны абавязак быць у гэтай тэме, расказваць пра яе», — кажа Коўшык.

Аліна была першай, хто пагадзіўся ўзяць удзел у ініцыятыве. Ігар Аліневіч спантанна стаўся ейным падапечным, бо маці палітвязьня акурат дала згоду на ўдзел яго ў кампаніі. Аднак Аліна Коўшык мяркуе, што варта расказваць ня толькі пра вядомых палітвязьняў, але і пра менш публічных.

«Вельмі часта мы нічога ня ведаем пра непублічных палітвязьняў, а ім падтрымка патрэбная ня менш. Таму я заклікаю браць у якасьці сваіх падапечных тых, пра каго мы нічога ня ведаем. Расказваць пра іх, як пра свайго брата, бацьку альбо маці, якія сталі закладнікамі сыстэмы», — кажа Аліна.

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Яна мяркуе, што гаварыць і пісаць пра зьняволеных цяпер варта менавіта з асабістага пункту гледжаньня, як пра блізкіх сабе людзей.

«Як журналістка я разумею, што пісаць пра палітвязьняў цяжка. Людзі ня вельмі хочуць чытаць пра гэта. Але калі мы гэта падаём праз асабісты аспэкт, гэта нам дазваляе інакш паглядзець на гэтую тэму. Калі кампанія стане масавай, мы станем больш разумець, што адбываецца ў нашай краіне», — мяркуе яна.

У Аліны ёсьць сувязь са сваякамі Ігара, яны плянуе расказваць пра яго навіны, публікаваць фрагмэнты ягоных лістоў. Аднак прызнаецца, што правілаў у вядзеньні гэтай кампаніі няма. Шмат залежыць ад саміх апекуноў і іхнага жаданьня і крэатыву.

«Важна, каб гэта не была аднаразовая акцыя, а памятаць пра іх штодня. Ігар, хутчэй за ўсё, ня ведае пра гэта. Пісаць пра такое нельга, цэнзура не прапускае. Мы робім гэта найперш для тых людзей, якія звонку», — падсумоўвае Аліна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG