Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Емэне пачаліся перамовы аб заканчэньні вайны, якая працягваецца ў краіне ўжо 9 гадоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дэлегацыя Саудаўскай Арабіі знаходзіцца ў сталіцы Емэну Сане для перамоваў з паўстанцкім рухам хусітаў. Перамовы накіраваныя на дасягненьне пастаяннага спыненьня агню.

Пасярэдніцкая група з Аману таксама знаходзіцца ў Сане, паведамляе BBC.

Сталіца кантралюецца хусітамі з таго часу, як яны выгналі з гораду міжнародна прызнаны ўрад Емэну ў 2015 годзе. Неўзабаве пасьля гэтага пачалася вайна паміж хусітамі і кааліцыяй пад кіраўніцтвам Саудаўскай Арабіі, якая падтрымлівае ўрад.

У выніку вайны загінулі дзясяткі тысяч емэнцаў, а каля 80% насельніцтва выжываюць толькі на староньнюю дапамогу.

У інтэрнэце зьявілася фатаграфія, на якой відаць, як лідэр хусітаў Махамэд Алі аль-Хуці паціскае руку чыноўніку з Саудаўскай Арабіі, чый твар схаваны. Гэта было ўспрынята як яшчэ адзін важны знак жаданьня абодвух бакоў нарэшце дасягнуць пагадненьня, якое магло б пакласьці канец вайне.

Ніхто з афіцыйных асоб не камэнтаваў перамовы, але з розных крыніц паступалі паведамленьні, што пагадненьне могуць падпісаць да канца месяца.

Ёсьць інфармацыя, што праект пагадненьня ўключае абавязаньні ў выплаце заработнай платы дзяржаўным службоўцам і аднаўленьні ўсіх партоў і аэрапортаў, а таксама аднаўленьне краіны, вывад замежных узброеных сіл і палітычныя пераўтварэньні.

Раней, у пэрыяд замірэньня, дасягнутага пры ўдзеле ААН, адбылося паслабленьне абмежаваньняў на імпарт і абмен палоннымі.

Канфлікт у Емэне складаны — сталае спыненьне агню паміж кааліцыяй пад кіраўніцтвам Саудаўскай Арабіі і хусітамі можа не спыніць усіх баёў, якія вядуцца ў краіне. Іншыя фракцыі, у тым ліку «Аль-Каіда», яшчэ маюць свае інтарэсы ў Емэне.

Але проксі-вайна паміж Саудаўскай Арабіяй і Іранам, здаецца, падыходзіць да канца — два рэгіянальныя канкурэнты зараз імкнуцца да збліжэньня, што дазволіць ім аднавіць дыпляматычныя місіі, адзначае BBC.

Міжнародна прызнаны ўрад Емэну і рух хусітаў знаходзяцца ў стане грамадзянскай вайны з 2014 году. Міжнародная кааліцыя пад камандаваньнем Саудаўскай Арабіі ў 2015 годзе ўступіла ў гэты канфлікт на баку зрынутага паўстанцамі ўраду прэзыдэнта Абд-Рабу Мансура Хадзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG