Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Францыі ў Кітаі заявіў, што Расея не павінна разьмяшчаць ядзерную зброю ў Беларусі. Лукашэнка яму адказаў

абноўлена

 Эманюэль Макрон і Сі Цзіньпін. Пэкін, 6 красавіка 2023
Эманюэль Макрон і Сі Цзіньпін. Пэкін, 6 красавіка 2023

У Кітаі зь візытам знаходзяцца прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен. Высокі камісар Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль плянуе наведаць Кітай на наступным тыдні.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, будучы ў Кітаі зь візытам, заявіў, што Расея не павінна разьмяшчаць ядзерную зброю ў Беларусі, паведаміла агенцтва Reuters.

У прыватнасьці, як паведамляе Reuters, прэзыдэнт Францыі папрасіў лідэра Кітаю Сі Цзіньпіна прымусіць Расею выконваць міжнародныя правілы нераспаўсюджваньня ядзернай зброі.

Макрон таксама заклікаў Сі пераканаць Расею і дапамагчы спыніць вайну ва Ўкраіне.

«Расейская агрэсія ва Ўкраіне нанесла ўдар па (міжнароднай) стабільнасьці», — сказаў Эманюэль Макрон лідэру Кітаю перад пачаткам іхнай афіцыйнай сустрэчы.

Абодва палітыкі заявілі, што абмеркавалі вайну ва Ўкраіне і пагадзіліся зь неабходнасьцю выключыць магчымае выкарыстаньне ядзернай зброі ў вайне з Украінай і дапамагчы яе спыніць.

Рэакцыя Лукашэнкі

Пазьней інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла аб рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі на заяву Эманюэля Макрона.

«Я зь ім згодны, таму трэба выводзіць усю ядзерную зброю амэрыканцам зь пяці ці шасьці краін, дзе яе разьмясьцілі. І кропка. Я наагул у гэтым сэнсе радыкал. Я лічу, што ядзерную зброю трэба на працягу літаральна некаторага часу зьвезьці да кучы і зьнішчыць. Вось і ўсё. А балбатаць языком, кшталту як гэты наш таварыш умее рабіць, усе спэцыялісты. Таму добра, давайце зьбярэм усё да кучы і зьнішчым. Гэта самы лепшы варыянт. А пакуль мы робім так, як робяць яны», — працытавала агенцтва Лукашэнку.

Адначасова з францускім прэзыдэнтам зь візытам у Кітаі знаходзіцца і прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен. Яна ўжо правяла сустрэчы з кіраўніком кітайскага ўраду і прапанавала абмеркаваць, як збалянсаваць гандаль Кітаю і краін Эўразьвязу, улічваючы дзейныя абмежаваньні.

«Мы павінны аднавіць наш эканамічны і гандлёвы дыялёг на высокім узроўні», — напісала Урзуля фон дэр Ляен на сваёй старонцы ў Twitter.

5 красавіка Высокі камісар Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль паведаміў, што 4 красавіка ў Кітай накіруюцца прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен, а сам ён плянуе наведаць Кітай на наступным тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG