Каардынацыйная Рада заклікала МАГАТЭ даць ацэнку намерам пабудаваць у Беларусі сховішча ядзернай зброі

«Даць ацэнку намерам Расейскай Фэдэрацыі і нелегітымнага ўраду А. Лукашэнкі» з пункту гледжаньня выкананьня абавязаньняў у межах Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі заклікала МАГАТЭ Каардынацыйная рада па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу (КР).

КР лічыць неабходным «працягваць намаганьні для зьніжэньня рызыкі выкарыстаньня ядзернай зброі як палітычнага інструмэнту»; патрабуе ад РФ «неадкладна вывесьці» войскі з тэрыторыі Беларусі, спыніць «незаконнае выкарыстаньне» яе паветранай прасторы, спыніць «фінансаваньне і іншую падтрымку нелегітымнага ўраду А. Лукашэнкі, якія ажыцьцяўляюцца насуперак волі беларускага народу».

Каардынацыйная рада заклікала беларускіх афіцэраў «трымаць прысягу і не дапускаць любых пагроз бясьпецы беларускага народу»; усіх, хто застаўся ў Беларусі, — далучыцца да яе «ў супрацьдзеяньні разьмяшчэньню ядзернай зброі на нашай радзіме», а беларусаў за мяжой — «таксама выкарыстоўваць свой уплыў, каб супрацьстаяць гэтай пагрозе».

Разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі КР лічыць «істотнай эскаляцыяй канфлікту, якая мае сур’ёзныя наступствы для бясьпекі грамадзян Рэспублікі Беларусь і грамадзян краін-суседак, парушае міжнародныя абавязкі і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародныя абавязаньні Расейскай Фэдэрацыі».

«Разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі ператварае краіну ў першачарговую мішэнь для ядзернага ўдару ў выніку канфлікту паміж ядзернымі дзяржавамі», — заявіла КР.

​
XS
SM
MD
LG