Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плянавы рамонт могуць выкарыстаць для пошуку новых рынкаў». Што цяпер з Мазырскім НПЗ, які закрываюць на рамонт


Мазырскі НПЗ, красавік 2021 году
Мазырскі НПЗ, красавік 2021 году

Мазырскі НПЗ распаўсюдзіў прэс-рэліз, у якім гаворыцца пра будучы капрамонт на заводзе.

«Завод рыхтуецца да вялікай рамонтнай кампаніі, калі практычна ўсе вытворчыя аб’екты будуць спыненыя», — паведамляецца ў інфармацыі прэс-службы.

З чэрвеня 2021 году абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы — «Нафтан» і Мазырскі НПЗ — працуюць пад санкцыямі ЭЗ, іх прадукцыя туды не пастаўляецца.

Паведамляецца, што капрамонт заплянаваны на красавік-травень. Глядзім, што з прадпрыемствам цяпер.

Што з прыбыткамі заводу?

Апошняя справаздача, якую публікаваў Мазырскі НПЗ, датаваная студзенем-сакавіком 2021 году. За першы квартал 2021 году чысты прыбытак Мазырскага НПЗ склаў 21,4 мільёна рублёў. За такі ж пэрыяд у 2020 завод меў страты на 218,5 мільёна. А за ўвесь 2020 год Мазырскі НПЗ зарабіў 327,4 мільёна рублёў.

Тады ж у заводу было крэдытаў (як доўгатэрміновых, так і кароткатэрміновых) на 1,8 мільярда рублёў. У сакавіку 2021 году на МНПЗ працавалі 4956 чалавек, за 5 гадоў колькасьць супрацоўнікаў павялічылася на 131 чалавека.

Па інфармацыі крыніц з прадпрыемства, цяпер пастаўкі нафтапрадуктаў ідуць «у Расею ці праз Расею». Таксама ёсьць інфармацыя, што ўсё ж «цалкам завод спыняцца ня будзе». Рабочым на час прастою заробкі «захаваюць», але некаторыя страцяць надбаўкі за шкоднасьць вытворчасьці.

Такі капітальны рамонт — рэдкасьць?

Плянавы рамонт на Мазырскім НПЗ праводзяць штогод, падобныя перапынкі ў працы былі і ў сакавіку мінулага году, ліпені 2021 году, у траўні і чэрвені 2020 году.

У 2019 годзе кіраўніцтва заводу паведамляла пра «самы маштабны» капрамонт на прадпрыемстве. Гаварылася, што ў рамонтных работах было задзейнічана блізу тысячы спэцыялістаў, але нават тады завод не спыняўся цалкам.

«Паўза на капітальны рамонт дапаможа шукаць новыя рынкі»

Паводле экспэрткі дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, у капрамонце заводу няма нічога дзіўнага, але дзіўна, «што зьбіраюцца спыніць усе вытворчыя працэсы».

«Мабыць, патрэба рамонту існавала, але не была такой крытычнай. Магчыма, гэта зьвязана з тым, як працуе прадпрыемства і як сябе адчувае нафтаперапрацоўчая галіна. У другой палове мінулага году нафтаапрацоўка пачала аднаўляцца, але потым санкцыі наклалі і на расейскі рынак нафтапрадуктаў, гэта магло стварыць перашкоды для беларускага рынку. Капрамонт можа быць кароткатэрміновай мерай. Запасы гадавой прадукцыі ў Гомельскай вобласьці вырасьлі за год, гэта тычыцца і Мазырскага НПЗ. Таму плянавы рамонт можа быць дарэчы, каб адшукаць новыя рынкі збыту», — кажа Анастасія Лузгіна.

Што да іншых рынкаў апроч ЭЗ, куды Беларусь магла б пастаўляць нафтапрадукты, то гэта могуць быць азіяцкія краіны. Аднак для гэтага трэба наладжваць лягістыку праз Расею, мяркуе экспэртка.

«Гэта больш складаны працэс дастаўкі новым спажыўцам, хутка ён не вырашаецца. Узьнікае пытаньне магутнасьці расейскіх партоў, наколькі іх хопіць для беларускіх грузаў», — дадае Анастасія Лузгіна.

2020 год — апошні, калі Белстат публікаваў статыстыку па экспарце нафтапрадуктаў. Тады іх прадалі на 2,7 мільярда даляраў. Найбольш ва Ўкраіну — на 1,2 мільярда даляраў, Вялікую Брытанію — на 700 мільёнаў даляраў, ЭЗ — на 507 мільёнаў даляраў. Цяпер усе гэтыя рынкі для Беларусі закрытыя. У Расею ад агульнай колькасьці нафтапрадуктаў тады прадалі толькі на 150 мільёнаў даляраў, або на 5,4%.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG