Генэральны сакратар NATO адрэагаваў на пляны Пуціна разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі

Енс Столтэнбэрг
Енс Столтэнбэрг

«Нас не запужаць, мы працягнем падтрымліваць Украіну», — паабяцаў Столтэнбэрг.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 3 красавіка пракамэнтаваў заяву Ўладзіміра Пуціна аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі: ён заявіў, што гэта частка ядзерных пагрозаў Расеі, каб Захад адмовіўся ад падтрымкі Ўкраіны, але гэтыя пагрозы не спрацуюць, паведамляе Белсат.

Міністры замежных спраў дзяржаў Паўночнаатлянтычнага альянсу маюць сустрэцца ў Брусэлі 4 красавіка — чакаецца, што будуць вітаць Фінляндыю як новага чальца NATO.

Напярэдадні сустрэчы Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг даў прэс-канфэрэнцыю, на якой згадаў і аб плянах Уладзіміра Пуціна разьмясьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю.

«Заява прэзыдэнта Пуціна — гэта частка шаблёну небясьпечнай і безадказнай ядзернай рыторыкі, у якой Расея і прэзыдэнт Пуцін спрабуюць ужываць ядзерную зброю як спосаб перашкодзіць нам у падтрымцы Ўкраіны, — перадае карэспандэнт „Белсату“ словы Столтэнбэрга. — Запалохваньне і ціск, каб спыніць падтрымку Ўкраіны чальцамі і партнэрамі NATO ў іхным праве абараняць іхную краіну».

«Канечне, NATO застаецца пільным, — працягнуў ён. — Мы вельмі ўважліва назіраем за тым, што робіць Расея. Але пакуль мы ня бачылі зьменаў у іхнай ядзернай пазыцыі, якія вымагалі б зьменаў нашай ядзернай пазыцыі. Мы застаёмся ядзерным альянсам, мы стрымліваем і баронім усіх саюзьнікаў. І, канечне, працягваем сачыць за тым, што Расея робіць, у тым ліку за тым, што тычыцца любога патэнцыйнага разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі».

​
XS
SM
MD
LG