Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не чытаю першых камэнтароў». Украінская тыктокерка расказала, як  у сваіх роліках абараняе беларусаў


Хрысьціна Крайнік
Хрысьціна Крайнік

Самы папулярны ролік тыктокеркі Хрысьціны Крайнік з Івана-Франкоўску называецца «Жыве Беларусь». Украінка ў сваіх эмацыйных відэа становіцца на бок беларусаў, за што атрымлівае шмат хэйту.

Хрысьціне 22 гады. Яна вядзе TikTok каля году. Большасьць ролікаў датычаць украінцаў, украінскай мовы і культуры. Сёлета ў сакавіку яна запісала відэа, у якім простымі словамі патлумачыла сваё бачаньне падзей у Беларусі пасьля 2020 году. Пераказала сытуацыю на ўкраінскіх прыкладах, перасыпаючы гэта лаянкай.

«Уявіце, што Рэвалюцыю годнасьці ў 2014 годзе жорстка прыдушылі, Украіна стала марыянэткаваю дзяржавай, якой кіруе Пуцін рукамі самаабвешчанага прэзыдэнта Януковіча», — пачала яна сюжэтную лінію.

«Я прачнулася ранкам і зразумела, што ў мяне чамусьці вельмі шмат апавяшчэньняў у TikTok. Мне пісалі і ў камэнтарах, і ў асабістыя паведамленьні», — успамінае рэакцыю дзяўчына.

Калі большасьць ейных відэа раней набірала па некалькі сотняў або тысяч праглядаў, то гэтае «стрэліла» да 200 тысяч. Чаму так сталася, Хрысьціна ня ведае. Думае, што многім людзям трэба было гэта пачуць.

Відэа з назвай «Жыве Беларусь» зьявілася пасьля гутаркі з адной украінкай з прарасейскімі поглядамі, расказвае Хрысьціна. У адказ на крытыку за распаўсюд прарасейскага кантэнту жанчына зрабіла блогерцы заўвагу, што і тая ня лепшая, бо вучыць беларускую мову, а зь Беларусі на Ўкраіну ляцяць ракеты.

«Мяне гэта зьбянтэжыла. Я падумала, што, напэўна, ёсьць людзі, якія не разумеюць, што адбываецца. Замест таго, каб нешта даводзіць гэтай жанчыне, я на эмоцыях зьняла відэа ў TikTok», — успамінае суразмоўца.

Хрысьціна Крайнік
Хрысьціна Крайнік

Працуе майстрыхай па манікюры, захапляецца Францам Кафкам

Дзяўчына адразу папярэджвае, што не зьяўляецца экспэрткай у тэмах, пра якія гаворыць у TikTok. Мае няскончаную філязофскую адукацыю, а працуе яна «простай майстрыхай па манікюры». Тлумачыць, што яшчэ нядаўна яна была расейскамоўнай, лёгка паддавалася на расейскую прапаганду, аб чым цяпер шкадуе. Але пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны вырашыла выпраўляць свае памылкі. Пачала з блогу.

«Гэта мізэрны ўнёсак, але гэта ўсё, што я магу пакуль што зрабіць», — кажа яна.

Яшчэ адна мара дзяўчыны — арганізаваць украінамоўны летнік для ўкраінскіх дзяцей. Каб знайсьці на яго грошы, яна пераехала ў Нямеччыну.

Хрысьціна выбрала сабе псэўданім Кафка ад захапленьня пісьменьнікам Францам Кафкам, творы якога пранізаныя абсурдам рэальнасьці. Дзяўчына лічыць, што яна перажывае тое самае, што і ён, калі глядзіць на жыцьцё.

«Хрысьціна Кафка — гэта хутчэй прозьвішча маёй душы. Усё, што я раблю ў інтэрнэце, эмоцыі, якія я выказваю, — гэта барацьба з абсурдам, як у творах Кафкі, дзе ён сутыкаецца са сьветам, які здаецца немагчымым», — тлумачыць яна.

Інфармацыю бярэ зь незалежных мэдыя

Хрысьціна працягнула беларускую тэму ў блогу, і гэтыя ролікі зноў сталі папулярнымі.

«Я зразумела, што яшчэ шмат украінцаў задаюць сабе падобныя пытаньні, якія задавала тая жанчына. Магчыма, не да канца разумеюць, што адбываецца ў Беларусі», — разважае яна.

Дзяўчына палічыла сваім абавязкам тлумачыць землякам сытуацыю ў Беларусі. Яна думае, што не гаворыць унікальных рэчаў. Зьвесткі бярэ ў незалежных беларускіх мэдыя, але пераказвае іх вельмі даступнай эмацыйнай мовай. Тыктокерка думае, што ейная дзейнасьць кагосьці падтрымае, а камусьці дапаможа зразумець беларусаў лепш.

«У мяне няма асаблівых крыніц інфармацыі, я бачу тое, што ляжыць на паверхні», — кажа яна.

Пачала вучыць беларускую мову, каб падтрымаць беларусаў

У дзяўчыны не было раней асаблівай сувязі зь Беларусьсю. Упершыню пра беларускія пратэсты яна даведалася ў 2020 годзе, калі ўбачыла адно зь відэа на Youtube.

«Мне было вельмі сумна, я не магла заснуць. Я зразумела, што ня ўсё так проста ў гэтай сытуацыі. Цяпер, калі я сустракаю людзей, якія лічаць, што Беларусь такі самы агрэсар, як і Расея, што беларусы такія самыя расейцы, толькі зь іншай назвай, я ўсьведамляю, што гэтыя людзі проста ня чулі таго, што чула я», — тлумачыць яна.

Упершыню Хрысьціна пачула беларускую мову ў 2022 годзе.

«Я зразумела, што чамусьці я магу разумець сэнс словаў, магу чытаць. Мяне гэта зьдзівіла. Я зразумела, што, відаць, мы культурна падобныя», — разважае яна.

Украінка вырашыла падтрымаць беларусаў, якія змагаюцца за сваю незалежнасьць, і пачала вучыць беларускую мову. Яна шукае кнігі, вершы, відэа па-беларуску. Пазьней Хрысьціна даведалася, што беларуская мова адносіцца да моваў з пагрозай зьнікненьня. Гэта стала яшчэ адным матывам для вывучэньня.

«Я зразумела, што чым больш будзе носьбітаў гэтай мовы, тым меншая імавернасьць, што гэтая мова калісьці зьнікне», — кажа яна.

Гэтаксама дзяўчына хацела бы пазьней вывучыць крымскататарскую мову.

«Мова — гэта душа народу, як бы гэта банальна ні гучала. Калі задумацца над сэнсам словаў, мы можам зразумець, што дзякуючы мове фармуецца мэнтальнасьць народу. Дзякуючы мове мы можам адсочваць культурныя тэндэнцыі, ствараць іх», — разважае дзяўчына.

Яна хоча, каб культурныя трэнды беларусаў і ўкраінцаў сталі самастойнымі, не зьвязанымі з расейскай інфармацыйнай культурнай прасторай.

«Хэйт амаль нічога ня значыць у параўнаньні з усімі падзякамі»

Выказваньні Хрысьціны ў інтэрнэце выклікаюць супрацьлеглую рэакцыю. Блізкія і беларусы падтрымліваюць яе. хэйт прыходзіць ад украінскіх інтэрнэт-карыстальнікаў. Тыктокерка прызнаецца, што не навучылася зь ім спраўляцца. Перад тым, як пачытаць рэакцыі, яна просіць сяброўку праверыць іх. Яшчэ адзін спосаб — не чытаць першых камэнтароў, бо яны часьцей за ўсё нэгатыўныя.

Хрысьціна Крайнік
Хрысьціна Крайнік

Нэгатыўную рэакцыю можа выклікаць і агрэсіўны стыль ейнай камунікацыі ў роліках, мяркуе дзяўчына. Тлумачыць, што ён сфармаваўся сам сабой. Такая яна і ў жыцьці. Дзяўчына стараецца гаварыць спакойна. Але калі яна рыхтуе тэкст для відэа, а потым перачытвае яго і ўсё больш асэнсоўвае, то ня можа стрымаць эмоцый. Але найцяжэй блогерцы перажываць ня хэйт, а тое, калі ейныя аргумэнты ня здольныя зьмяніць стаўленьне людзей.

«Некаторыя ўсё адно пішуць, што „беларусы — мяккацелы народ“, „беларусы могуць толькі станавіцца ў шкарпэтках на лавачку“, „беларусы могуць пратэставаць толькі з кветкамі“, „яны не заслужылі быць незалежнымі“, „яны заслужылі жыць у дыктатуры, бо яны зь ёй не змагаюцца“. Гэта віктымблэйдзінг (абвінавачваньне ахвяры ў тым, што зь сталася. — РС), гэта жахліва. Трэба такія наратывы выкараняць», — перакананая тыктокерка.

Адначасна дзяўчыне пішуць шмат словаў падзякі, найперш беларусы, за тое, што яна падымае балючыя тэмы ва ўкраінскай прасторы. Да таго ж дзякуюць некаторыя ўкраінцы, якія пасьля ейных ролікаў памянялі свой пункт гледжаньня.

«Таму хэйт амаль нічога ня значыць у параўнаньні з усімі гэтымі „дзякуй“», — прызнаецца яна.

Адной з самых высокіх ацэнак сваёй працы Хрысьціна лічыць падабайку ад беларускага відэаблогера Валянціна Trashsmash Конана. Ад яго Хрысьціна пачала даведвацца пра сытуацыю ў Беларусі.

«Ён таксама бярэ ўдзел у інфармацыйнай вайне супраць расейскай прапаганды. І ён для мяне ўзор для перайманьня. Мне вельмі далёка да ягонага ўзроўню аргумэнтацыі і падрыхтоўкі», — апісала яна калегу.

«Чаму мы брацкія народы, ніхто не тлумачыў»

Хрысьціна не адчувае сябе вінаватай у тым, што «здраджвае свайму народу», калі абараняе беларусаў. Яна перакананая, што робіць справядлівую справу, бо падтрымлівае «сапраўдных» беларусаў, якія змагаюцца за сваю незалежнасьць. Адначасна яна асуджае і беларусаў, і ўкраінцаў, якія падтрымліваюць Лукашэнку і Пуціна.

«Усіх людзей, якія прасоўваюць прарасейскія наратывы, я лічу расейскай культурнай дыяспарай, якая жыве на тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны», — акрэсьлівае дзяўчына.

Яна мяркуе, што такіх людзей ня варта называць беларусамі ці ўкраінцамі, бо «нацыянальнасьць залежыць ад самаідэнтыфікацыі».

«Калі гэтыя людзі не ідэнтыфікуюць сябе як частку культуры Беларусі або Ўкраіны, ня лічаць сваёй роднай мовай украінскую або беларускую, то яны ня маюць ніякага дачыненьня да беларускай і ўкраінскай культурнай прасторы», — перакананая суразмоўца.

Хрысьціна мяркуе, што цяперашняе непаразуменьне паміж беларусамі і ўкраінцамі вынікла з таго, што Расея беспадстаўна пашырала наратыў «брацкіх народаў».

«Але чаму мы брацкія народы, ніхто не тлумачыў. Цяпер, калі мы пераасэнсоўваем нашыя адносіны з суседзямі, нам трэба зразумець, хто насамрэч нашыя сябры, з кім мы блізкія культурна, з кім нам варта захаваць дыпляматычныя, культурныя адносіны, а з кім нам трэба іх разарваць», — мяркуе ўкраінка.

Вырашэньнем гэтага пытаньня дзяўчына бачыць вывучэньне гісторыі і культурнага досьведу адно аднаго, аб’яднаньнем беларускай і ўкраінскай культурных прастораў.

«Я проста веру, што празь нейкі час, калі ўкраінцам перастане балець крыўда, калі беларусам перастане балець, што іх не падтрымалі ў 2020 годзе, тады, відаць, мы будзем гатовыя да больш канструктыўнага дыялёгу», — кажа Хрысьціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG