Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі падазраваную ў выбуху ў кавярні ў Санкт-Пецярбургу. Яе абвінавачваюць у сувязях з Украінай і Фондам Навальнага

абноўлена
Паліцыя на месцы выбуху ў Санкт-Пецярбургу, Расея, 2 красавіка 2023
Паліцыя на месцы выбуху ў Санкт-Пецярбургу, Расея, 2 красавіка 2023

Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле артыкулу 105 Крымінальнага кодэксу Расеі («Забойства»). Расейскі нацыянальны антытэрарыстычны камітэт абвінаваціў у выбуху спэцслужбы Ўкраіны і Фонд Навальнага.

Пасьля выбуху ў кавярні ў Санкт-Пецярбургу 2 красавіка загінуў расейскі прапагандыст Уладлен Татарскі (сапраўднае імя Максім Фамін).

Колькасьць пацярпелых ад выбуху ўзрасла да 30, а 24 чалавекі шпіталізаваныя.

Сьледчыя органы Расеі заявілі, што ўстанавілі асобы падазраваных у забойстве Татарскага, перадаюць расейскія дзяржаўныя СМІ. Па іх дадзеных, выбух учыніла 26-гадовая жыхарка Санкт-Пецярбургу Дар’я Трэпава, якая, як мяркуе сьледзтва, прынесла ў кавярню, дзе выступаў Татарскі, статуэтку з выбухным прыстасаваньнем унутры. Пазьней яе затрымалі ў кватэры знаёмага.

Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі заявіў, што выбух «быў сплянаваны спэцслужбамі Ўкраіны з прыцягненьнем агентуры зь ліку асоб, якія супрацоўнічаюць з так званым Фондам барацьбы з карупцыяй Навальнага, актыўнай прыхільніцай якога зьяўляецца затрыманая Трэпава».

Агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што Трэпаву затрымалі, аднак па дадзеных тэлеграм-каналу Baza, падазраваную па-ранейшаму шукае паліцыя.

Baza паведамляе, што паліцыя шукае таксама мужа Трэпавай Дзьмітрыя Рылава. У ягонай кватэры праходзіць ператрус. Рылава падазраюць у саўдзеле ў выбуху ў кавярні. Пры гэтым сам ён на сустрэчы з Татарскім не прысутнічаў.

Тэлеграм-канал SOTA паведаміў, што паліцыя ўжо затрымлівала Трэпаву і Рылава — у лютым мінулага году на антываеннай акцыі ў Санкт-Пецярбургу. Рылаў тады атрымаў 9 дзён арышту.

Прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава напісала ў тэлеграм-канале, што Татарскі «быў небясьпечным» для ўладаў Украіны, а яго «прафэсійная дзейнасьць выклікала нянавісьць» у Кіева.

Пры гэтым Інстытут вывучэньня вайны (ISW) у сваёй сьвежай справаздачы гаворыць аб тым, што забойства прапагандыста, «пэўна, было папярэджаньнем Прыгожыну, які ўсё больш ставіў пад сумнеў галоўныя прапагандысцкія тэзы Крамля пра вайну ва Ўкраіне і нават туманна намякаў на цікавасьць да пасады расейскага прэзыдэнта ў ролі канкурэнта Пуціну або яго наступніка».

«Забойства Татарскага ў кавярні Прыгожына, пэўна, зьяўляецца часткай больш агульнай тэндэнцыі эскаляцыі ўнутрырасейскіх канфліктаў з удзелам Прыгожына і „Вагнэра“», — гаворыцца ў справаздачы ISW.

Увечары 3 красавіка пры выбуху ў кавярні «Стрыт-бар» у цэнтры Санкт-Пецярбургу адзін чалавек загінуў, 30 пацярпелі. Загінуў пры выбуху ваенкар-прапагандыст Уладлен Татарскі. Ён прапагандаваў вайну супраць Украіны і наведваў зону баявых дзеяньняў. У кавярні праходзіў ягоны творчы вечар. Установа раней належала кіраўніку ПВК «Вагнэр» Яўгенію Прыгожыну.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG