Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі агучыў сваю вэрсію прычыны зьяўленьня плянаў разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі


Журналісты Associated Press запісвалі інтэрвію з Уладзімірам Зяленскім у цягніку, якім той вяртаўся ў Кіеў з паездкі па Сумскай вобласьці. 28 сакавіка 2023
Журналісты Associated Press запісвалі інтэрвію з Уладзімірам Зяленскім у цягніку, якім той вяртаўся ў Кіеў з паездкі па Сумскай вобласьці. 28 сакавіка 2023

Украінскі прэзыдэнт паведаміў, што таксама хацеў бы сустрэцца з лідэрам Кітаю.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перакананы, што заява расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб намеры разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю стала наступствам неатрыманых жаданых вынікаў ад візыту ў Маскву лідэра Кітаю Сі Цзіньпіна.

«Што гэта значыць? Гэта азначае, што гэты візыт ня быў выніковым для Расеі», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію агенцтву Associated Press.

Украінскі прэзыдэнт паведаміў, што хацеў бы правесьці сустрэчу з лідэрам Кітаю.

«Мы гатовы бачыць яго тут. Я хачу зь ім пагаварыць. У мяне быў кантакт зь ім перад поўнамаштабнай вайной. Але за ўвесь гэты год, больш за год, больш кантактаў у мяне не было», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

У ЗША паабяцалі прыцягнуць Расею да адказнасьці за пляны разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG