Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка ніяк не камэнтуе сытуацыю зь ядзернай зброяй, якую так настойліва прасіў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Магчымае зьяўленьне тактычнай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі ўсё моцна мяняе. Рэжым Лукашэнкі становіцца значна больш таксычным, чым раней. З усімі адпаведнымі наступствамі — і для яго, і для Беларусі.

Сьцісла:

  • Пагроза Лукашэнкі разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю была адным з спосабаў ціску на Захад.
  • Усе дыктатарскія дзяржавы-ізгоі мараць пра зброю масавага зьнішчэньня як гарантыю ўласнай бясьпекі.
  • Беларусь і ейнае кіраўніцтва аказваюцца закладнікамі, як ужо відавочна, вар’яцкай палітыкі Крамля.
  • Такім рашэньнем Лукашэнка зьвязвае свой палітычны і жыцьцёвы лёс зь лёсам Пуціна.
  • Разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі паскорыць працэс эвалюцыі аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны.


Цягам усяго 2022 году Лукашэнка гаварыў пра магчымасьць зьяўленьня ядзернай зброі ў Беларусі, апавядаў пра падрыхтоўку да рэалізацыі гэтай ідэі (пераабсталяваньне самалётаў, навучаньне экіпажаў і інш.). Аднак заява Пуціна пра хуткае заканчэньне будаўніцтва сховішча для ядзерных боезарадаў і наступнае перамяшчэньне на беларускую тэрыторыю тактычнай ядзернай зброі сталася нечаканаю. Чаму?

За шмат гадоў усе прызвычаіліся да манеры Лукашэнкі выбудоўваць адносіны з Захадам з дапамогай шантажу, пагрозы як спосабу прымусіць заходнія краіны да перамоваў на выгадных для афіцыйнага Менску ўмовах. То бок ён прывык размаўляць з заходнімі краінамі з пазыцыі сілы. Яшчэ да лёсавызначальных падзей 2020 году Лукашэнка шмат разоў пужаў Захад пагрозай адкрыць межы для мігрантаў, наркатрафіку, ядзерных матэрыялаў, час ад часу «кашмарыў» грузаперавозчыкаў. Пасьля 2020 году гэтую ролю выконваў штучна створаны міграцыйны крызіс, бясконцыя вайсковыя вучэньні, перамяшчэньні войскаў да мяжы і назад, ды інш.

Пагроза разьмясьціць тут ядзерную зброю была адным з спосабаў ціску на Захад. Таму практычнае ажыцьцяўленьне гэтай пагрозы сталася ў пэўным сэнсе нечаканым для палітычных суб’ектаў. Бо такі мэтад ціску працуе толькі тады, калі пагроза мацнейшая за выкананьне. Калі ж яна рэалізуецца, то пужаць далей няма чым.

Лёгіка Лукашэнкі, які пагадзіўся на разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі, даволі зразумелая. Усе дзяржавы-ізгоі мараць пра зброю масавага зьнішчэньня як гарантыю ўласнай бясьпекі. Прычым бясьпекі ня столькі краіны, колькі палітычнага рэжыму. І такое імкненьне дыктатур атрымаць ядзерную зброю пэрыядычна правакуе міжнародныя крызісы. Жаданьне Фідэля Кастра разьмясьціць на Кубе савецкія ракеты, якія маглі несьці ядзерныя боегалоўкі, вылілася ў Карыбскі крызіс 1962 году. Іранская ядзерная праграма стала прычынай вострага канфлікту паміж Тэгеранам і шырокай кааліцыяй на чале з ЗША. Рэгулярна стварае міжнародныя крызісы Паўночная Карэя, калі чарговы раз абвяшчае пра выпрабаваньні новай зброі.

У гэтым рэчышчы пазыцыянуе сябе і Лукашэнка. Калісьці пасьля ваеннага канфлікту паміж NATO і Югаславіяй ён заўважыў, што краіны зь ядзернай зброяй ніхто не бамбіць. Таму Лукашэнка і імкнуўся ўвесь час свайго кіраваньня займець ядзерную зброю. Дарэчы, мяркую, будаўніцтва АЭС, якая ня мае эканамічнага сэнсу, тлумачыцца лёгікай ператварэньня краіны ў ядзерную дзяржаву. Няхай гэта і мірны атам.

І асноўны зьмест дзяржаўнай прапаганды, якая камэнтуе рашэньне Пуціна ад 25 сакавіка, заключаецца якраз у тым, што ядзерная зброя надае краіне палітычную вагу і бясьпеку. Лейтматывам гучыць фраза: «На дзяржавы, якія валодаюць ядзернай зброяй, ніхто не нападае».

У пэўным сэнсе гэта сапраўды так. Мяркую, калі б Украіна мела ядзерную зброю, наўрад ці Пуцін наважыўся б на ваенную авантуру супраць яе.

Аднак у такой лёгіцы ёсьць і відавочныя мінусы. Ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі ўсё моцна мяняе. Рэжым Лукашэнкі становіцца значна больш таксычным, чым раней. З усімі адпаведнымі наступствамі.

Найперш, ядзерная зброя, якую зьбіраюцца разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі, належыць іншай дзяржаве — Расеі. І менавіта Масква будзе вырашаць пытаньне пра яе выкарыстаньне. То бок Беларусь і ейнае кіраўніцтва аказваюцца закладнікамі вар’яцкай, як ужо відавочна, палітыкі Крамля. І ці будзе ў Лукашэнкі права вэта на яе прымяненьне? Зусім не відавочна. Вось жа выкарыстаў Пуцін беларускую тэрыторыю дзеля наступу на Кіеў у лютым мінулага году бязь ведама ўладаў Беларусі.

Ёсьць яшчэ адзін важны чыньнік. На працягу 80 гадоў, з моманту зьяўленьня ядзернай бомбы, гэтая зброя і ў тэорыі, і на практыцы была сродкам стрымліваньня. То бок яна прызначалася для папярэджаньня патэнцыяльнага праціўніка, а не для практычнага прымяненьня. Вайна ва Ўкраіне, пагрозы Пуціна яе ўжыць рэзка зьніжаюць ядзерны парог. Гэта крок да таго, каб ядзерная зброя ператварылася ў рэальны інструмэнт вайны. І менавіта ў гэты момант яна зьяўляецца ў Беларусі. І калі пачнецца абмен ядзернымі ўдарамі, то краіна становіцца патэнцыйнай мішэньню для ўдару ў адказ. Адседзецца ўбаку не атрымаецца.

Такім рашэньнем Лукашэнка зьвязвае свой палітычны і жыцьцёвы лёс зь лёсам Пуціна. Дыстанцыявацца ад Масквы, казаць, што мы ня ўдзельнічаем у вайне, мы за мір, а тым больш прапанаваць статус міратворца — будзе значна цяжэй.

І, можа, самае галоўнае — гэта настрой грамадзтва. Сацыялёгія сьведчыць, што 80% беларусаў не ўхваляюць разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі. То бок улада выступае, па сутнасьці, супраць агульнанацыянальнага кансэнсусу ў гэтым пытаньні. Нагадаю, што Беларусь — гэта краіна зь не пераадоленым «чарнобыльскім сындромам». Нават у пытаньні будаўніцтва АЭС грамадзтва раскалолася напалам. А тут — ядзерная бомба. І, каб утрымаць уладу, рэжыму давядзецца павялічваць жорсткасьць рэпрэсій. Такім чынам, разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі паскорыць працэс эвалюцыі аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны.

Магчыма, таму Лукашэнка і маўчыць ужо некалькі дзён, ніяк не камэнтуе сытуацыю зь ядзернай зброяй, якую так настойліва прасіў. І заява МЗС Беларусі не выпадкова выглядае як апраўданьне. Калі людзі апраўдваюцца, то падсьвядома разумеюць усю далікатнасьць сытуацыі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG