Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць пяцярых палітвязьняў за вывешваньне нацыянальных сьцягоў Беларусі і Ўкраіны


Нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны. Гомель, 2020. Ілюстрацыйнае фота
Нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны. Гомель, 2020. Ілюстрацыйнае фота

МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» канал у мабільнай аплікацыі Zello, празь які менчукі размаўлялі пры арганізацыі сваёй акцыі.

Менскі гарадзкі суд пачаў разглядаць у закрытым рэжыме справу Дзяніса Варозава, Вячаслава Панцюшэнкі, Вольгі Церах, Уладзімера Лавора і Кацярыны Зарэцкай за вывешваньне ў сярэдзіне верасьня 2022 году вялікіх нацыянальных сьцягоў Беларусі і Ўкраіны.

Спачатку гэтыя дзеяньні кваліфікавалі як злоснае хуліганства, а пазьней іх абвінавацілі ў стварэньні або ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361–1) і садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 2 арт. 361–4 Крымінальнгага кодэксу Беларусі).

Як паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», перакваліфікацыя абвінавачаньня адбылася пасьля таго, як МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» канал у аплікацыі Zello, празь які менчукі камунікавалі пры арганізацыі акцыі.

Праваабронца Павел Сапелка перакананы, што вывешваньне сьцягоў увогуле нельга разглядаць як злачынства.

«Калі няма за што „пасадзіць“ любога чалавека, то можна выбраць з наяўных або стварыць для яго „экстрэмісцкае фармаваньне“. Таму што, вядома, вывешваньне сьцягоў — гэта дакладна не хуліганства ў гэтым кантэксьце, а пакараць за праяву грамадзянскай пазыцыі вельмі хацелася», — адзначаў юрыст.

Справу разглядае судзьдзя Дзіна Кучук.

Гэтая судзьдзя разглядала шмат справаў палітвязьняў, у тым ліку Валерыі Касьцюговай і Тацяны Кузінай, валянтэраў фонду «Страна для жизни» Антона Сташэўскага, Юліі Сырых, Тацяны Астроўскай і Марыны Дуброўскай, відэаблогера Паўла Сьпірына, а таксама прафэсараў БНТУ, якіх абвінавачвалі ў злоўжываньнях падчас выкананьня дзяржпраграмы «Мэталюргія». Разгляд усіх спраў заканчваўся абвінаваўчым выракам з пазбаўленьнем волі на тэрмін ад чатырох гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG