Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтарку выказваньня «Аўтызм — наступства неўпарадкаваных полавых зносін» запрасілі выступіць на навуковым сэмінары ў Менску


Сымболіка Міністэрства здароўя Беларусі, якое запрасіла выступіць на смэмінары Вольгу Філістовіч. Ілюстрацыйнае фота
Сымболіка Міністэрства здароўя Беларусі, якое запрасіла выступіць на смэмінары Вольгу Філістовіч. Ілюстрацыйнае фота

У верасьні 2022 году ў інтэрнэце зьявіўся рэзанансны ролік, запісаны ў школе №14 Баранавічаў. Перад школьнікамі выступала лягапэд Вольга Філістовіч. Яна сьцьвярджала, што «аўтызм — наступства бязладных полавых зносін».

29 сакавіка Міністэрства здароўя Беларусі ладзіць сэмінар «Інавацыйныя падыходы да раньняй дыягностыкі і суправаджэньня дзяцей з аўтызмам». Сэмінар пройдзе на базе Беларускай мэдыцынскай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. На яго запрасілі навукоўцаў, пэдагогаў, псыхолягаў, лекараў і бацькоў дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця.

Сярод дакладчыкаў у праграме сэмінару заяўлена «па ўзгадненьні» Вольга Філістовіч, дырэктарка Цэнтру прыкладнога аналізу паводзін «Мэтад АВА». Тэма яе дакладу — «Псыхакарэкцыйныя мэтодыкі, якія ўжываюцца ў працы зь дзецьмі з РАС (разлад аўтыстычнага спэктру»).

Магчымы ўдзел Вольгі Філістовіч у сэмінары абурыў бацькоў дзяцей з асаблівасьцямі і лекараў. Яны падрыхтавалі калектыўны зварот да Міністэрства аховы здароўя.

Фрагмэнт звароту ў міністэрства адукацыі Беларусі
Фрагмэнт звароту ў міністэрства адукацыі Беларусі

Аўтары звароту пішуць, што «да глыбіні душы абураныя» тым, што сярод удзельнікаў мерапрыемства ёсьць такая асоба, як Вольга Філістовіч. Яны просяць зьвярнуць увагу на гэтую дакладчыцу і яе скандальныя выказваньні ў верасьні 2022 году.

«Выказваньні супярэчаць навукова абгрунтаваным тэорыям»

Вольга Філістовіч прэзэнтуе сябе як пэдагога, лягапэда, дырэктара Цэнтру прыкладнога аналізу паводзін «Мэтад АВА». Яна ня толькі працуе з дзецьмі, але і выступае з курсамі, якія распаўсюджваюць псэўданавуковыя тэорыі. Напрыклад, выступаючы перад баранавіцкімі школьнікамі, Філістовіч сьцьвярджала, што «аўтызм — гэта мутацыя, якая адбываецца падчас неўпарадкаваных полавых зносін», «калі ў вас дзіця з аўтызмам, магчыма, у гэтым вінаватыя ваш дзед альбо прадзед, які вёў неўпарадкаванае полавае жыцьцё».

Вольга Філістовіч выступае ў Баранавічах
Вольга Філістовіч выступае ў Баранавічах

Таксама Вольга Філістовіч казала, што «жанчыны атрымліваюць гены ўсіх мужчын, зь якімі калі-небудзь быў сэксуальны кантакт». Выступ у Баранавічах абурыў грамадзкасьць. У Міністэрства адукацыі накіравалі зварот ад бацькоў дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця, які падпісалі 2 228 чалавек. А таксама зварот ад лекараў, псыхолягаў, пэдагогаў, іншых спэцыялістаў, якія працуюць з дзецьмі з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця і членамі іх сем’яў. Яго падпісалі 1 254 чалавекі.

Па выніках праверкі Міністэрства адукацыі дало адказ. Спэцыялісты ведамства зазначылі, што «выказваньні Філістовіч аб этыялёгіі ўзьнікненьня аўтызму супярэчаць існым навукова абгрунтаваным тэорыям і сучаснай практыцы навучаньня, сацыялізацыі дзяцей з аўтызмам», «зьмест гэтых выказваньняў супярэчыць дзяржаўнай палітыцы ў сфэры адукацыі».

Фрагмэнт звароту ў міністэрства адукацыі Беларусі
Фрагмэнт звароту ў міністэрства адукацыі Беларусі

Міністэрства адукацыі накіравала ліст Вользе Філістовіч, дзе папярэдзіла пра недапушчальнасьць выкарыстаньня ў публічных выступах «выказваньняў дыскрымінацыйнага, абразьлівага характару ў адрас дзяцей з разладам аўтыстычнага спэктру, фармаваньне нэгатыўнага вобразу чалавека з аўтызмам».

Апроч гэтага, Мінадукацыі прыцягнула да дысцыплінарнай адказнасьці некаторых пэдагогаў з баранавіцкай школы.

«Ні цяпер, ні ў далейшым мы ня будзем пакідаць без увагі, што службовая асоба, якая прапагандуе антынавуковыя, дыскрымінацыйныя, прыніжальныя выказваньні, разглядаецца ў якасьці запрошанай на мерапрыемства такога высокага ўзроўню, фактычна прымаючы ўдзел у фармаваньні дзяржаўнай палітыкі», — напісалі аўтары звароту ў Міністэрства аховы здароўя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG