Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўніца раіць, як дзецям эмігрантаў лепш за ўсё вучыць беларускую мову


Ганна Дар, архіўнае фота
Ганна Дар, архіўнае фота

Зь сярэдзіны лютага 2023 году ў хабе «Новая зямля» ў Беластоку праводзяць заняткі беларускай мовай і літаратурай.

Ідэя зьявілася яшчэ летам, калі дзеці Ганны пайшлі ў школу № 4 у Беластоку.

«Там праводзяцца беларускія заняткі, але толькі для дзяцей нацыянальнай меншасьці, то бок якія маюць польскае грамадзянства. Разам зь беларускай дыяспарай Беластока мы паспрабавалі гэтую сытуацыю зьмяніць, правялі кампанію збору заявак ад бацькоў, якія хацелі б, каб іхнае дзіця вывучала беларускую мову. 44 заявы мы падалі ў Беластоцкі дэпартамэнт адукацыі. Але ў студзені сёлета атрымалі адмову. І, каб ня траціць часу, не губляць дзяцей, я пачала праводзіць заняткі беларускай мовай і літаратурай для іх сама», — дзеліцца настаўніца Ганна Дар.

На гэты момант склаліся дзьве групы: малодшая і старэйшая. Агулам іх наведваюць 20 дзетак.

«Заняткі праходзяць у адкрытым фармаце, я спрабую спалучыць і даць дзецям і мову, і літаратуру беларускую, крыху гісторыі. Яны праходзяць у такой больш нефармальнай, прыязнай атмасфэры, ніякіх адзнак я не выстаўляю, не сваруся за памылкі. Калі пасьля заняткаў у нас ёсьць час, мы гуляем у моўныя настольныя гульні. Вось я давала старэйшай групе тэму «Славутыя беларускія мігранты». Мне падумалася, што гэта ім будзе цікава. Мы разглядалі постаці Францішка Скарыны, Барыса Кіта, Натальлі Арсеньневай, Максіма Багдановіча, вывучалі верш «Пагоня».

На мінулых занятках дзеці праходзілі тэму пра беларускія легенды і паданьні, расказвае Ганна. Да такіх тэмаў настаўніца прывязвае граматыку. Кажа, што большасьць дзетак з расейскамоўных сем’яў, але вялікіх праблемаў, каб размаўляць па-беларуску, у іх няма.

«Дзеці ўсё паглынаюць. Так, у некаторых ёсьць цяжкасьці, каб выказаць сваю думку па-беларуску, тады яны могуць і русізмы ўстаўляць, і палянізмы, але збольшага яны ўсё разумеюць, толькі некаторыя словы трэба патлумачыць. Я арыентуюся і выкладаю беларускую мову як родную, а не як замежную».

Ганна Дар
Ганна Дар

«Трэба, каб і дома гучала беларуская мова»

Ганна кажа, што цяпер у інтэрнэце дастаткова рэсурсаў, каб дапамагаць дзіцяці вывучаць беларускую мову і падтрымліваць яе. Сярод іх настаўніца раіць, напрыклад, «Будзьма», «Мова нанова» і «Гаварун».

«Можна пачынаць шукаць беларускамоўныя мульцікі перакладныя, стварыць беларускамоўны плэйліст музыкаў, гурты сабраць — гэта для малодшых, вядома, бо старэйшым ужо не навяжаш свой густ. Але старэйшыя могуць шукаць беларускамоўных блогераў, ініцыятывы, фільмы на беларускай мове».

Варта таксама зь дзецьмі чытаць кнігі па-беларуску, тут Ганна раіць Беларускую інтэрнэт-бібліятэку.

«Безумоўна, трэба, каб і дома гучала беларуская мова, і хадзіць на заняткі таксама, каб дзеці мелі нейкую супольнасьць, дзе яны могуць пачуць беларускую мову, паразмаўляць паміж сабой. Асабліва актуальна для дашкольнага і школьнага ўзросту вучыцца чытаць і пісаць, каб мова не засталася толькі на побытавым узроўні».

Ганна кажа, што для яе важна праводзіць такія заняткі, каб для дзяцей беларуская мова засталася роднай.

«У мяне заўсёды было жаданьне, каб у дзяцей была супольнасьць. І вось цяпер дзеці іншых беларусаў прыехалі, я ўбачыла неабходнасьць вывучаць сваю родную мову. Бо ў дзіцяці на працягу двух-трох гадоў мова асяродзьдзя можа выцесьніць дамашнюю мову, калі яе не падтрымліваць. Бацькам, якія хочуць захаваць родную мову для свайго дзіцяці, трэба прыкласьці пэўныя намаганьні, каб дзіця ведала сваю мову на ўзроўні мовы асяродку. Бо польскую мову дзеці і так будуць вучыць у польскай школе. Мову трэба падтрымліваць з дапамогай кніг, дадатковых рэсурсаў. Вядома, вельмі добра, калі хоць адзін з бацькоў размаўляе па-беларуску», — апавядае Ганна.

Падрабязнасьці пра заняткі шукайце на старонцы хабу «Новая зямля».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG