Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой бацька фактычна ў закладніках». Дзяніс Урбановіч адрэагаваў на візыт ГУБАЗіКа да родных


Дзяніс Урбановіч
Дзяніс Урбановіч

Старшыня «Маладога фронту», які ваюе ва Ўкраіне ў складзе палку Каліноўскага, не плянуе вяртацца дамоў на прапанову, адрасаваную яму сілавікамі празь відэа. Урбановіч кажа, што вобшукі прайшлі ня толькі ў ягонага бацькі.

Пасьля вобшуку ў бацькі беларускага добраахвотніка Дзяніса Ўрбановіча сілавікі прыходзілі да ягоных сваякоў і сяброў. «У некаторых забралі сьцягі», — паведаміў Свабодзе Дзяніс Урбановіч.

«Ведаю, што сілавікі былі ў майго бацькі, і не адзін раз. Правялі вобшук. Нібыта паводзілі сябе культурна, нешта паварушылі, але ўсё. З бацькам — нармальна, але фактычна ён у іх у закладніках, гэта трэба разумець», — сказаў Дзяніс Урбановіч. Адносна закліку бацькі «вяртацца ў Беларусь» Дзяніс сказаў, што «ў лукашэнкаўскую Беларусь дакладна ня вернецца».

Тэлеграм-канал «Книга ГУ„База“» выклаў відэазварот бацькі Дзяніса Ўрбановіча, які раней быў запісаны ў ягоным доме на Лагойшчыне падчас вобшуку.

«Капітулюй. Можаш прыехаць у Беларусь. Ты такой шкоды не зрабіў тут. Адседзіш якую дзясятку, затое будзеш жыць на Радзіме. А так будзе вельмі дрэнна. Не шукай долі на чужым полі», — закончыў свой зварот да сына Ўрбановіч-старэйшы.

Дзяніс Урбановіч сказаў, што ня ведае, хто дакладна прыходзіў з вобшукам да ягонага бацькі. «Мне сказалі, што з КДБ, але не магу сказаць дакладна, бо ня ведаю. Але дакладна ня нашыя міліцыянты лагойскія. Альбо з ГУБАЗіКу, альбо з КДБ», — мяркуе Дзяніс Урбановіч.

Паводле ягоных зьвестак, вобшукі адбыліся і ў дамах ягоных сваякоў ды сяброў.

«Да ўсіх прыходзілі. Да аднаклясьнікаў, сяброў, стрыечных братоў, сваякоў. У некаторых сьцягі пазабіралі, але нікога не затрымлівалі, наколькі ведаю. Іх цікавіла, ці падтрымліваюць са мной сувязь. Некаторых запалохалі гэтак, што сувязі сапраўды ня будзе».

Паводле тэлеграм-каналу міліцыянтаў, бацька Ўрбановіча «сам папрасіў публічна перадаць сыну свой зварот». Дзяніс Урбановіч кажа іначай. «Супрацоўнікі сказалі бацьку прамовіць на відэа, яго запішуць ды перашлюць мне». Відэа са зваротам бацькі ад міліцыянтаў Дзяніс дагэтуль не атрымаў.

Паводле Дзяніса Ўрбановіча, з падобным сустракаліся і іншыя беларускія добраахвотнікі, якія ваююць ва Ўкраіне.

«Гэта яны (сілавікі. — РС) баяцца. Беларускае незалежнае войска расьце, і Лукашэнка зь ягонымі сілавікамі баяцца, што калісьці мы зойдзем і ўсе іхныя нібыта прафэсіяналы, якіх некалькі дзясяткаў, будуць зьнішчаныя. Яны гэтага баяцца — вось і ходзяць. Спрабуюць каго запалохаць, каго перацягнуць на свой бок, каго ўзяць у закладнікі», — сказаў Урбановіч.

На пачатку сакавіка былы старшыня «Маладога фронту» зноў паехаў пад Бахмут, дзе ваюе ягоны батальён «Волат». Дзяніс Урбановіч вярнуўся на фронт пасьля таго, як акрыяў ад трэцяга раненьня. Напярэдадні Ўрбановічу ўручылі мэдаль «За баявыя заслугі», якім яго ўзнагародзіла ўправа выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG