Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Куля прабіла лёгкае і спынілася ў печані». Гутарка з добраахвотнікам Дзянісам «Ваўкалакам» Урбановічам


Дзяніс Урбановіч
Дзяніс Урбановіч

На пачатку студзеня кіраўніка «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча параніла падчас баёў за Бахмут. Цяпер хлопец у шпіталі ў Кіеве. Нейкі час «Ваўкалак» (пазыўны Дзяніса) адмаўляўся ад размоваў, бо цяжка было гаварыць. Але калі крыху ачуняў, то пагадзіўся адказаць на пытаньні Свабоды.

— Дзянісе, наколькі ведаю, у вас гэта ўжо чацьвёртае раненьне. У СМІ пісалі пра тры.

— Я ня ведаю, як правільна лічыць раненьні. Наш парамэдык мяркуе, што было яшчэ адно, калі чырканула вока. Мы тады штурмавалі расейскія пазыцыі ў Бахмуце, я адразу засек некалькіх праціўнікаў, адкрыў па іх агонь. Каля мяне выбухнула граната, і крыху чырканула вока. Я лічу раненьнямі толькі тыя, якія праходзяць па «Форме 100» (дакумэнт вайскова-мэдычнага ўліку аб дапамозе раненым і хворым на этапе эвакуацыі. — РС). Такіх у мяне было тры. Лёгкія кантузіі, калі крыху аглушыла, я нават не лічу. Калі іх лічыць, то ўжо штук 20–30 будзе.

З вока ж тады цякла кроў, але мяне апрацавалі проста на месцы. Наш камандзір батальёну «Волат» Ян «Беларус» (Мельнікаў. — РС) мяне аглядаў, ён жа таксама на парамэдыка вучыўся. Аскепка не было, таму я працягнуў бой.

— Што такое сёньня Бахмут?

— Бахмут — гэта зямля, засеяная трупамі. Там іх настолькі шмат, што цяжка сабе ўявіць. І ўкраінскія салдаты, і расейскія. Я памятаю мы зайшлі з групай на адну пазыцыю, там ляжаў забіты ўкраінец і шмат-шмат трупаў расейцаў. Яны паўсюль ляжалі, перамяшаныя зь зямлёй, іх нават палічыць было немагчыма.

Вельмі горача цяпер у Бахмуце, наступы ідуць кожную гадзіну. Там ідзе змаганьне не за кілямэтры, а за кожны мэтар, за кожны домік, за кожны куст, астравок. За ўсё ідуць кровапралітныя баі. Гэта вялікае адрозьненьне ад таго, дзе мы былі раней.

Беларусам давяраюць, мы выконваем задачы там, дзе асабліва хранова. Мы там знаходзімся ня ўвесь час, але моцна дапамагаем. Я бачыў, што Зяленскі гаварыў пра Бахмут, дзякаваў групе «Шамана» і камандам «Легіёна». Гэта ён меў на ўвазе ў тым ліку і нас, бо мы зь імі працуем.

Дзяніс Урбановіч
Дзяніс Урбановіч

— Гэта значыць, што вы цяпер удзельнічаеце ў блізкіх баях, бачыце праціўніка?

— У нашай групы апошнія кантакты, якія былі з расейцамі, — гэта 10–15 мэтраў ад іх. Я бачу праціўніка. Бачу, дзе яны ляжаць, дзе заселі. Мы страляем толькі тады, калі разумеем, што можам забіць кагосьці. Калі мы разумеем, што нічога не атрымаецца, то мы нават не страляем. Гэта тычыцца кулямётаў, гранатамётаў, асабістай зброі.

— Вядома, што з расейскага боку ў Бахмуце ваююць вагнэраўцы. Яны добра падрыхтаваныя?

— Неяк біліся з зэкамі з «Вагнэра», мы іх перабілі хвілін за 15. Падчас апошняга выхаду нават паразмаўляў з расейцам. Яны акопваліся ў кустах, я думаў, што гэта нашы, а гэта былі нейкія бураты. Я адразу адкаціўся назад, спытаўся па рацыі, ці могуць там быць нашы. Мне адказалі, што нашых там няма. Падышоў, запытаўся пароль, падрыхтаваўся страляць. Размаўляў зь ім па-беларуску, пытаўся, зь якой брыгады. Ён маўчаў і толькі махаў мне рукой, каб падыходзіў бліжэй, хоць адлегласьць між намі была мэтраў сем. Чую, перасмыкаецца затвор, бо ў акопе сядзеў яшчэ адзін іхні. Я адразу адкрыў агонь. Ня ведаю, ці заваліў каго, адкаціўся назад. Потым быў бой, нас спрабавалі штурмаваць. Нам пазьней паведамілі, што разам з украінцамі мы ў тым баі забілі 26 расейцаў. Я таксама быў тады паранены.

— Раскажыце пра гэтае апошняе раненьне.

— Куля прыляцела, бахнула ў грудзі. Я сам яшчэ адышоў. Мне аказалі дапамогу, фактычна сваімі нагамі дайшоў да эвакуацыі. Хутчэй за ўсё, што ў мяне была нават клінічная сьмерць, сэкундаў дваццаць, было спыненьне сэрца, але я прыйшоў у сябе. Наша парамэдык «Север» (Анастасія Махамет. — РС) казала, што не знайшла ў мяне ні пульсу, нічога. Па рацыі нават перадалі, што я «дзьвесьце» (забіты. — РС). Але потым перадалі, што ўсё нармальна. Гэта сэкундаў пятнаццаць-дваццаць, вельмі хутка. Я ляцеў у нейкую цемру, а потым ужо ачомаўся ў іншым горадзе пасьля апэрацыі. Мне было вельмі кепска, усё балела, калолі марфін. Пазьней даставілі ў Кіеў, настрой бадзёры.

— Як атрымалася, што вас параніла?

— Я вылез з прыкрыцьця адпрацаваць «бульдогам» (від зброі. — РС). Крыху падняўся, і ў мяне трапіла. Куля адрыкашэціла ад броніка, зайшла ў грудзі, прабіла мне лёгкае, зламала дзьве рабрыны, закранула дыяфрагму і спынілася ў печані. Мне падчас апэрацыі зашывалі печань, там два швы цяпер. Калі ішоў да эвакуацыі, то адкашліваў згусткі крыві, думаў, зараз пачнецца ўнутраны крывацёк. Але дзякуючы нашай эвакуацыі і парамэдыкам усё прайшло добра.

Дзяніс Урбановіч
Дзяніс Урбановіч

— Расказваюць, што вы цяпер адзін з самых бясстрашных ваяроў палку Каліноўскага. Ходзіце на самыя небясьпечныя заданьні.

— Я ўжо баюся з гэтымі размовамі. Знаёмыя дзяўчаты кажуць, што і мяне хутка заб’юць (сьмяецца). А я ж такі самы, як і ўсе, хто побач са мной, усе па-геройску змагаюцца. Са мной ёсьць «Дэн» (Аляксей Кавальчук. — РС), «Тор» (Кірыл Іваноў. — РС) — мы ўсе бясстрашна змагаемся, глядзім ворагу ў вочы, імгненна прымаем рашэньні. Часам сам дзіўлюся, як так хутка атрымліваецца нешта зрабіць. Усе, хто да нас прыходзіць, выходзіць у баі, ужо на месцы набіраюцца досьведу. Даведваюцца, што такое блізкі бой, як сябе паводзяць расейцы, як яны падпаўзаюць, як трэба страляць, як іх правакаваць, як не рэагаваць на іх правакацыі. Гэтаму цябе ніводная вучэбка не навучыць. Як казаў Паша «Волат» (Суслаў, загінуў у траўні ў Мікалаеўскай вобласьці. — РС), у баі вы самі зразумееце, што вам патрэбна. І ён абсалютна меў рацыю.

— Год вайны вас моцна зьмяніў?

— Мне здаецца, што які быў, такі і застаўся. Магчыма, крыху больш дарослы стаў, бараду пачаў насіць (сьмяецца). Я раней бараду ніколі не насіў, а цяпер нашу ў знак памяці нашых камандзіраў «Волата» і «Брэста» (Іван Марчук, загінуў у чэрвені ў Лісічанску. — РС). Буду насіць бараду, пакуль вайна ня скончыцца. Мы так усе між сабой дамовіліся, але ёсьць тыя, у каго яшчэ бароды не вырастаюць (зноў сьмяецца). А некаторыя сябры і сяброўкі кажуць, што я моцна зьмяніўся па павадках, па размовах. Маўляў, я стаў мысьліць ужо не як беларускі нацыяналіст найперш, а як вайсковец. Я асабіста ня бачу ў сабе вялікіх зьменаў. У чым я зьмяніўся? Што ў зброі стаў добра разьбірацца, дык на вайне б кожны стаў.

— А якая ваша любімая зброя?

— Чэская штурмавая вінтоўка CZ-807. Гэты аўтамат у мяне нават ад крыві яшчэ добра не адмыты.

— Ня думалі пасьля вайны будаваць вайсковую кар’еру?

— Складана сказаць. У Новай Беларусі нам трэба будзе неяк існаваць, я маю на ўвазе полк Каліноўскага. Калі будзе магчымасьць вучыцца на нейкае званьне ці пасаду, то пайшоў бы, чаму не. Ваенны досьвед — гэта адно. А вучоба ў акадэміі — гэта зусім іншае.

— Думкі пра Беларусь не зьнікаюць з радараў?

— Толькі вось днямі сустракаліся нашым узводам і думалі пра гэта. Усе думаем, вядома. Будзем чакаць нейкага пераломнага моманту, каб паспрабаваць зайсьці (на тэрыторыю Беларусі. — РС). Хтосьці хоча дадому, хтосьці — адпомсьціць «лягавым». У кагосьці сваякі сядзяць, у кагосьці сябры. Я разумею, што трэба вызваляць Статкевіча, Севярынца, Дашкевіча. Усіх нашых хлопцаў і дзяўчат. Яны ўсе патрэбныя Новай Беларусі, а ня тыя, хто па эўропах гойсае туды-сюды, менавіта гэтыя людзі.

— З кулі, што вас параніла, зробіце нейкі сувэнір?

— Яна ляжыць у мяне ў пакеціку. Аскепак з рукі калісьці проста выкінулі, магчыма, трэба было таксама захаваць. Можа, нешта і зраблю, а, можа, хай проста так ляжыць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG