Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намдырэктара вядомай кампаніі, сувязь са шпіталем КДБ. Што вядома пра трэцяга беларуса, нібыта затрыманага ў Польшчы па «шпіёнскай справе»


Каляж
Каляж

Дзяржаўныя СМІ ў сваіх рэпартаж паведамляюць, што Мікалай Маскаленка — гэта просты «дальнабойнік і чаўнок», але гэта не зусім так.

У Польшчы 15 сакавіка выявілі расейскую шпіёнскую сетку, якая рыхтавала ў краіне дывэрсіі. Са словаў міністра замежных спраў Марыюша Камінскага, галоўнай мэтай групы быў сабатаж дапамогі Ўкраіне, а таксама прапаганда антызаходніх настрояў.

Празь дзень пасьля затрыманьняў зь беларускіх праўладных тэлеграм-каналаў стала вядома, што сярод дзевяці затрыманых трое — грамадзяне Беларусі. Гаворка пра Мікалая Маскаленку (1971 г. н.), Уладзіслава Пасьміцюху (1994 г. н.) і Марыю Мядзьведзеву (2004 г. н.). Польскія ўлады імёнаў не называюць, абмежаваўшыся інфармацыяй, што ўсе затрыманыя паходзяць з краін за «ўсходняй мяжой».

На мінулым тыдні Свабода падрабязна пісала пра Ўладзіслава Пасьміцюху і Марыю Мядзьведзеву, а цяпер мы атрымалі некаторыя дадзеныя і пра Мікалая Маскаленку.

«Дасьведчаны чаўночнік, дальнабойнік. Ды проста мужчына ў самым росквіце сілаў», — сказалі пра Мікалая Маскаленку на тэлеканале «Беларусь-1».

З дапамогай «Кібэрпартызанаў» Свабодзе стала вядома, што Мікалай Маскаленка нарадзіўся ва Ўкраіне, але стала жыў у Берасьці. Прынамсі ад 2005 году Мікалай Маскаленка працаваў у берасьцейскай кампаніі «Компа». Ад 2010 году быў там намесьнікам дырэктара.

«Компа» — гэта вядомае ў Берасьці прадпрыемства. Кампанія была заснаваная яшчэ ў 1991 годзе. Галоўная мэта — забясьпечваць прадпрыемствы, найперш харчовай прамысловасьці, высокатэхналягічным абсталяваньнем. Кампанія працавала на прасторах усяго пост-СССР, выходзіла і на іншыя кантынэнты. На сёньня, напрыклад, філія «Компа» ёсьць у Мэксыцы.

Заснавальнік кампаніі — інжынэр Міхаіл Белавусаў. Ён родам з расейскага Растова-на-Доне. У Берасьце трапіў у выніку разьмеркаваньня, але застаўся там жыць. У 2021 годзе Белавусаў памёр. Новым дырэктарам кампаніі стала дачка Белавусава — Эла Джангозава.

Джангозава — гэта прозьвішча па новым мужы. Першым быў якраз Мікалай Маскаленка. У пары двое дзяцей. Дзед Міхаіл Белавусаў так казаў пра сваіх унукаў: «Унукі нарадзіліся ў забясьпечанай, матэрыяльна пасьпяховай сям’і».

У свой час Мікалай і Эла Маскаленкі адначасова былі намесьнікамі дырэктара на прадпрыемстве адпаведна ў цесьця і бацькі.

Кампанію «Компа» вельмі добра ведаюць сярод берасьцейскай вэртыкалі. Напрыклад, «Чалавека году Берасьцейшчыны» за 2018 год атрымаў Міхаіл Белавусаў, узнагароду яму ўручаў асабіста тагачасны старшыня аблвыканкаму Анатоль Ліс (). У прамацыйным роліку кампаніі здымаўся старшыня берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук, а таксама іншыя дзяржаўныя службоўцы.

«Мы дапамагаем роднаму гораду чым можам», —казаў Белавусаў пра ўзаемадзеяньне зь берасьцейскімі ўладамі.

Частая замена пашпартоў Мікалаем Маскаленкам, хутчэй за ўсё, зьвязаная з спэцыфікай працы і частымі камандзіроўкамі.

Вядома, што Мікалай Маскаленка і Эма Маскаленка разьвяліся напрыканцы 2014 году. Ад гэтага самага часу мужчына перастаў фігураваць на пасадзе намесьніка дырэктара «Компа».

У зьвестках, якія «Кібэрпартызаны» перадалі Свабодзе, ёсьць пазнакі насупраць прозьвішча Маскаленкі — «мед КГБ» і «Оружие». Гэта значыць, што ён абслугоўваўся ў шпіталі КДБ і меў на руках зарэгістраваную зброю. Ніякага іншага пацьверджаньня, што Маскаленка працаваў у КДБ ці неяк зь ім супрацоўнічаў, няма.

Вядома, што ў Польшчу ён выехаў у 2021 годзе. Пасьля гэтага ў Беларусь ужо не вяртаўся. У сацыяльных сетках акаўнтаў Мікалая Маскаленкі няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG