Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страляніна і імавернае забойства «тэрарыста» ў Горадні. Што вядома празь дзень пасьля здарэньня


Сілавікі ў Горадні. Архіўнае фота
Сілавікі ў Горадні. Архіўнае фота

19 сакавіка жыхары Горадні чулі страляніну ў адным з раёнаў горада. БелТА паведаміла, што супрацоўнікі КДБ нібыта забілі іншаземца.

У 13 гадзін 19 сакавіка жыхары Гародні заўважылі збор сілавікоў, а таксама пачулі гукі стрэлаў і выбухаў у раёне вуліцаў Курчатава і Ўрублеўскага.

«У Горадні на вуліцы Курчатава і Ўрублеўскага нейкі час таму былі выбухі ці стрэлы. Цяпер ля пад'езду дома міліцыянэры, якія загрузілі ў машыну чалавека», — так апісаў сытуацыю падпісчык тэлеграм-каналу «МКБ».

На відэа, якое апублікаваў тэлеграм-канал, відаць каля 10 сілавікоў у форме.

Пазьней дзяржаўная агэнцыя БелТА паведаміла, што ў Горадні сілавікі з КДБ забілі іншаземца за «аказаньне супраціву».

«Падчас правядзеньня спэцыяльных мерапрыемстваў у спыненьні дзейнасьці асоб, якія праніклі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з мэтай зьдзяйсьненьня тэрарыстычнай акцыі, 19 сакавіка 2023 году ў Горадні на вул. Курчатава зьліквідаваны іншаземны грамадзянін Л. Гэтая асоба з выкарыстаньнем аўтаматычнай зброі і шляхам падрыву баявых гранат аказала ўзброены супраціў байцам спэцпадраздзяленьня КДБ, група «А», — працытавала БелТА словы КДБ.

Іншых афіцыйных паведамленьняў пра здарэньне не было. Для ўладаў такая практыка маўчаньня звыклая. Пасьля атакі дронаў на расейскі самалёт у Мачулішчах улады адрэагавалі толькі праз тыдзень, прызнаўшы інцыдэнт. Пасьля гэтага па Беларусі пракацілася новая хваля затрыманьняў. ГУБАЗіК адсправаздачыўся, што за дзень праводзіць дзясяткі ператрусаў.

Увечары 19 сакавіка таксама стала вядома аб канцэнтрацыіі сілавікоў каля дома кіраўніка Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзіміра Караніка. Апроч сілавікоў, там заўважылі службу разьмінаваньня з сабакамі.

Вайскоўцы правяраюць машыны на выезьдзе з Горадні

Вайскоўцаў з аўтаматамі на выезьдзе з Гародні заўважылі ў той жа дзень 19 сакавіка. Відавочцы паведамлялі, што сілавікі правяраюць аўтамабілі. Аб гэтым напісала выданьню «MOST» чытачка.

«Былі зьдзіўленыя, калі на ўезьдзе ў Гародню з боку Сапоцкіна было тры блёкпасты. Каля Аўгустоўскага канала адзін быў і два на саміх выездах з горада. Стаялі вайскоўцы з аўтаматамі і біноклямі, якія спынялі ўсе аўтамабілі. Правяралі дакумэнты. Мы не разумелі, чаму такі надгляд. А калі прыехалі дадому, то даведаліся пра сытуацыю ў горадзе з нейкім «інагентам», — цытуе выданьне відавочцаў.

Як расказала Свабодзе жыхарка Горадні, якая жыве непадалёк ад месца здарэньня, для шараговых жыхароў абласнога цэнтру інцыдэнт мог застацца зусім незаўважаным.

«Мы жывём прыкладна за 500 мэтраў ад таго месца, дзе ўсё адбывалася, — гаворыць суразмоўца. — Былі дома ў гэты час. Ня чулі зусім нічога. Мне пачалі пісаць знаёмыя, хвалявацца. Маўляў, як мы тут, што адбываецца. А мы нават ня ведалі, аб чым яны. Учора і сёньня ў горадзе ўсё як звычайна, нібы нічога і не адбывалася. Я ня бачыла нейкай узмоцненай аховы, ня чула пра блёкпасты на выездзе з горада».

Больш падрабязнай інфармацыі аб здарэньні пакуль няма. Невядомым застаецца грамадзянства чалавека, якога нібыта забілі беларускія сілавікі ля вуліцы Курчатава ў Горадні. Таксама пакуль незразумела, якім чынам спэцслужбы вылічылі яго і чаму вырашылі затрымаць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG