Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Швайцарыі пры АБСЭ: Хваля рэпрэсіяў у Беларусі дасягнула новых вышыняў


Штаб-кватэра АБСЭ ў Вене
Штаб-кватэра АБСЭ ў Вене

Сталы прадстаўнік Швайцарыі пры АБСЭ Рафаэль Нэгелі ад імя дэлегацыяў васьмі дзяржаваў агучыў у Вене 9 сакавіка «Сумесную заяву аб палітзьняволеных у Беларусі», асудзіўшы новую хвалю вынесеных нядаўна палітычна матываваных прыгавораў.

Нэгелі выступіў ад імя сваёй краіны, а таксама Канады, Даніі, Чарнагорыі, Нідэрляндаў, Швэцыі, Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Дыплямат нагадаў, што ў 2020 годзе праваабарончы цэнтар «Вясна» атрымаў прэмію «Абаронца дэмакратыі», якая ўручаецца «за выключны ўнёсак у прасоўваньне дэмакратыі і абарону правоў чалавека».

«У той час мы не маглі прадбачыць беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў, якія адбыліся ў апошнія месяцы і гады. Некалькі чальцоў „Вясны“ былі асуджаныя да працяглых тэрмінаў пазбаўленьня волі, а ў офісах арганізацыі неаднаразова праводзіліся ператрусы. З вынясеньнем 3 сакавіка менскім судом прысуду ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму гэтая хваля рэпрэсіяў дасягнула новых вышынь», — зазначыў Нэгелі.

Прадстаўнік Швайцарыі падкрэсьліў: «Мы заклікаем Беларусь выканаць свае абавязаньні ў галіне правоў чалавека і абавязаньні перад АБСЭ і неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага і ўсіх адвольна затрыманых».

Ён таксама асудзіў завочныя прысуды лідэрам дэмакратычных сілаў Сьвятлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку і іншым палітыкам, грамадзкім дзеячам і журналістам.

Намесьніца кіраўніка місіі ЗША пры АБСЭ Кортні Аўстрыян таксама асудзіла вынесеныя Алесю Бяляцкаму, праваабаронцам «Вясны», дэмакратычным актывістам прысуды і заклікала «да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня» усіх палітычных зьняволеных у Беларусі.

«Злучаныя Штаты заклікаюць беларускія ўлады спыніць усе палітычна матываваныя справы і пакласьці канец рэпрэсіям у дачыненьні да ўсіх беларусаў. ЗША па-ранейшаму адданыя падтрымцы волі беларускага народа, які імкнецца да захаваньня Беларусьсю палітычнай незалежнасьці, дэмакратычнай і мірнай будучыні сваёй краіны», — заявіла Аўстрыян.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі

  • Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
  • Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
  • 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
  • У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
  • Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
  • 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG