Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Вялікай Брытаніі заклікаў спонсараў Алімпіяды не дапусьціць удзелу спартоўцаў з Расеі і Беларусі

Зборная Беларусі на зімовай Алімпіядзе ў Пэкіне, 4 лютага 2022 году.
Зборная Беларусі на зімовай Алімпіядзе ў Пэкіне, 4 лютага 2022 году.

Як піша газэта The Guardian, найбуйнейшых спонсараў Алімпійскіх гульняў заклікалі аказаць ціск на МАК у сувязі з прапановамі аб зьмякчэньні забароны.

У лік найбуйнейшых спонсараў Алімпіяды, сярод іншых, уваходзяць Coca-Cola, Intel, Samsung і Visa.

Урад зьвярнуўся да найбуйнейшых спонсараў Алімпійскіх гульняў з заклікам аказаць ціск на МАК у сувязі зь яго прапановамі дазволіць расейцам і беларусам зноў удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах і ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы.

Паводле газэты, сакратарка ўраду па культуры Люсі Фрэйзэр зрабіла вельмі незвычайны крок і папрасіла брытанскіх кіраўнікоў сусьветных партнэраў Міжнароднага Алімпійскага камітэту, уключаючы Coca-Cola, Intel, Samsung і Visa, аказаць ціск на МАК па шэрагу сур’ёзных праблем, якія перад ім стаяць, у тым ліку з магчымым паслабленьнем забароны.

«Мы ведаем, што спорт і палітыка ў Расеі і Беларусі цесна пераплеценыя, і мы поўныя рашучасьці не дапусьціць, каб рэжымы ў Расеі і Беларусі выкарыстоўвалі спорт у сваіх прапагандысцкіх мэтах, — гаворыцца ў лісьце брытанскага ўраду. — Пакуль нашы асьцярогі і істотная адсутнасьць яснасьці і канкрэтных дэталяў у дачыненьні да працаздольнай мадэлі „нэўтралітэту“ ня будуць ліквідаваныя, мы ня згодныя з тым, што расейскіх і беларускіх спартоўцаў варта дапускаць да спаборніцтваў».

Цяпер МАК працягвае вывучаць магчымасьці, якія дазваляюць такім спартоўцам выступаць у якасьці «нэўтральных» спартоўцаў, уключаючы кваліфікацыю на Алімпійскія гульні ў Парыжы ў Азіі, а не ў Эўропе.

Раней Вялікая Брытанія разам з 34 іншымі краінамі, заявіла, што сытуацыя ва Ўкраіне пагоршылася пасьля першапачатковага рашэньня МАК у лютым летась ўвесьці забарону, і што Расея і Беларусь не павінны вяртацца, пакуль Уладзімір Пуцін ня спыніць сваю незаконную вайну.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG