У ААН адрэагавалі на відэа з расстрэлам украінскага вайскоўца, лічаць яго сапраўдным

Цімафей Шадура перад імаверным расстрэлам. Дата і месца невядомыя.
Цімафей Шадура перад імаверным расстрэлам. Дата і месца невядомыя.

Офіс правоў чалавека ААН дапускае, што відэа з забойствам украінскага вайскоўца зьяўляецца сапраўдным, пра гэта паведамляе агенцтва AFP са спасылкай на прадстаўніцу Офісу 8 сакавіка.

«Мы ведаем пра гэта відэа, якое зьявілася ў сацыяльных сетках і паказвае, як выглядае, расстрэл украінскага салдата, які ўжо ня быў баявым, расейскімі вайскоўцамі. Зыходзячы з папярэдняй ацэнкі, мы лічым, што гэта відэа можа быць сапраўдным», — сказала яна.

У той жа час прадстаўніца ААН заявіла, што з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня Офіс правоў чалавека «фіксаваў шматлікія парушэньні міжнароднага гуманітарнага права супраць ваеннапалонных, у тым ліку расстрэл як расейскіх, так і ўкраінскіх зьняволеных».

Яна заклікала да «бесстароньняга і эфэктыўнага расьсьледаваньня» і пакараньня вінаватых.

6 сакавіка было абнародавана відэа, на якім, як мяркуецца, расейскія вайскоўцы застрэлілі бяззбройнага чалавека ва ўкраінскай вайсковай форме пасьля таго, як ён сказаў «Слава Ўкраіне!»

30-я асобная мэханізаваная брыгада імя Канстанціна Астроскага 7 сакавіка зрабіла заяву, што, паводле папярэдніх дадзеных, чалавек зь відэа са стрэлам — баец брыгады Цімафей Мікалаевіч Шадура.

Офіс генэральнага пракурора і Служба бясьпекі Ўкраіны пачалі расьсьледаваньне. Амбудсмэн Дзьмітро Лубінец заявіў, што накіраваў відэа міжнародным партнэрам і амбудсмэнам з усяго сьвету «як пацьверджаньне наступнага ваеннага злачынства Расеі».

Пасьля вызначэньня асобы салдата фракцыя «Слуга народу» паабяцала зьвярнуцца да прэзыдэнта з просьбай даць званьне Героя Ўкраіны забітаму.
Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, камэнтуючы абнародаванае відэа, сказаў, што «забойцы будуць знойдзены».

Згодна з Жэнэўскай канвэнцыяй аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі, падпісанай Расеяй, палонным мусяць гарантаваць жыцьцё і гуманныя ўмовы затрыманьня. Расстрэл або жорсткае абыходжаньне з ваеннапалонным разглядаюцца як ваенныя злачынствы.

​
XS
SM
MD
LG