Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму такі жорсткі прысуд Алесю Бяляцкаму і вясноўцам


Акцыя каля муралу з партрэтам Бяляцкага ў падтрымку вясноўцаў, якіх асудзілі на вялікія тэрміны. Вільня, 3 сакавіка 2023
Акцыя каля муралу з партрэтам Бяляцкага ў падтрымку вясноўцаў, якіх асудзілі на вялікія тэрміны. Вільня, 3 сакавіка 2023

Нават ва ўмовах беларускай прававой сваволі прысуд выглядае занадта жорсткім. Бо судзяць выключна за праваабарончую дзейнасьць. Таму такое «правасудзьдзе» выглядае адыёзным зь міжнароднага гледзішча.

Сьцісла:

  • Суд над нобэлеўскім ляўрэатам прыцягнуў увагу міжнароднай супольнасьці.
  • Паводле палітычнай філязофіі лукашэнкаўскага рэжыму, дэмакратыя зь яе ўяўленьнямі аб правах чалавека — гэта варожая заходняя ідэалёгія.
  • Вынішчэньне самой ідэі салідарнасьці, структураў, якія яе ўвасабляюць — важная задача рэжыму.
  • Лукашэнку моцна раздражняюць нязломныя палітычныя праціўнікі кшталту Алеся Бяляцкага.

Трэцяга сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны». Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, прысудзілі 10 гадоў калёніі; Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня; Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня; Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.

Нават ва ўмовах беларускай прававой свавволі прысуд выглядае занадта жорсткім. Бо судзяць выключна за праваабарончую дзейнасьць. Таму такое «правасудзьдзе» выглядае адыёзным зь міжнароднага гледзішча. Да ўсяго на лаве падсудных знаходзіцца ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году.
Таму суд над нобэлеўскім ляўрэатам прыцягнуў увагу міжнароднай супольнасьці. Пра яго паведамляюць мэдыя многіх краінаў. З гэтай нагоды генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыша канстатаваў «вельмі трывожнае разьвіцьцё падзей і яшчэ адзін прыклад звужэньня прасторы, якую мы назіраем у многіх краінах для праваабаронцаў і абаронцаў».

2 сакавіка, напярэдадні вынясеньня прысуду ў справе «Вясны», 21 міжнародная арганізацыя падпісала заяву, у якой рашуча асуджаюць крымінальны перасьлед Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча і паўтараюць свой заклік да беларускіх уладаў вызваліць іх неадкладна і безумоўна, зьняць зь іх усе абвінавачаньні і спыніць судовы перасьлед усіх праваабаронцаў у краіне.

Суд над вядомымі праваабаронцамі ўлады зрабілі паказальным, дэманстратыўным. Праваабаронцаў прыраўноўваюць да тэрарыстаў. Падчас прысуду рукі вясноўцаў былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі.
Чаму праваабаронцы ў сёньняшняй Беларусі сталі такім моцным раздражняльнікам для рэжыму?

Справа ў тым, што, паводле палітычнай філязофіі лукашэнкаўскага рэжыму, дэмакратыя зь яе ўяўленьнямі аб правах чалавека — гэта варожая заходняя ідэалёгія, якая ня мае нічога агульнага з традыцыйнымі каштоўнасьцямі беларусаў. То бок непрыняцьце ідэі правоў чалавека адрынаецца на сьветапоглядным узроўні.

Акрамя таго, праваабаронцы робяць маніторынг парушэньняў правоў чалавека, яны фіксуюць выпадкі палітычнага перасьледу а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў, судзьдзяў, «засьвечаных» у рэпрэсіях. Што вельмі непрыемна апошнім.

Вясноўцаў абвінавачваюць у аказаньні падтрымкі палітвязьням, фінансаваньні адвакацкай дапамогі, выплаце штрафаў ахвярамі беззаконьня. Такая дзейнасьць зьяўляецца ўвасабленьнем грамадзянскай салідарнасьці. Вось якраз вынішчэньне самой ідэі салідарнасьці, структур, якія яе ўвасабляюць, — важная задача рэжыму. Яе і павінен выканаць гэты прысуд.

То бок рэжым хоча зьнішчыць праваабарончы рух як інстытут.
Асаблівым раздражняльнікам зьяўляецца нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі. Ён сядзіць у турме другі раз. У 2011 годзе ён быў асуджаны на 4,5 года калёніі (быў вызвалены ў 2014 годзе). Цяпер новы, больш суровы прысуд. Пры чым, важна адзначыць, што абодва разы ў Алеся была магчымасьць выехаць за мяжу і пазьбегнуць турмы. Але і тады, і цяпер Бяляцкі сьвядома застаўся ў краіне, добра разумеючы, чым яму гэта пагражае.

Лукашэнка вельмі любіць маральна зламаных праціўнікаў. Іхныя паводзіны дазваляюць пераадолець псыхалягічную траўму. І, наадварот, яго моцна раздражняюць нязломныя палітычныя праціўнікі, кшталту Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, Анджэя Пачобута. Алесь Бяляцкі ў гэтым шэрагу. Да іх прымяняцца жорсткія захады, на мяжы катаваньня.

А тое, што Бяляцкі стаў нобэлеўскім ляўрэатам, стала дадатковым раздражняльнікам для рэжыму. Можна меркаваць, што гэты чыньнік таксама паспрыяў жорсткаму прысуду. Як помста ў тым ліку і Нобэлеўскаму камітэту. Не пасьпелі пераварыць Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры Сьвятлане Алексіевіч, як на табе яшчэ і Алесь Бяляцкі. У нармальных краінах такія людзі робяцца гонарам нацыі, а ў Беларусі ператвараюцца ў ахвяры. Адно гэта зьяўляецца выразным паказьнікам, у якую прорву трапіла краіна.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG