Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта адзін з многіх варыянтаў фашызму». Рэакцыі на вырак лідэрам «Вясны»

абноўлена

Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч у судзе. Каляж
Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч у судзе. Каляж

Нобэлеўскі ляўрэат, праваабаронца, літаратар Алесь Бяляцкі 3 сакавіка быў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня. Праваабаронцам Валянціну Стэфановічу, Уладзімеру Лабковічу і Дзьмітрыю Салаўёву прызначылі тэрміны ад 7 да 9 гадоў зьняволеньня. Такі прысуд вынесла судзьдзя Марына Запасьнік.

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч пра вырак Бяляцкаму і вясноўцам: «Такія рэчы расчышчаюць шлях да грамадзянскай вайны»

Сьвятлана Алексіевіч згадала, як некалькі год таму Лукашэнка заявіў сваім чыноўнікам, што бываюць часы, калі не да законаў.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

«Вось мы бачым сапраўды, што законы не існуюць. Бяляцкі — гэта, мабыць, адзіны на сёньняшні дзень у сьвеце нобэлеўскі ляўрэат, які знаходзіцца за кратамі і атрымаў такі вырак і такі штраф, — заявіла Сьвятлана Алексіевіч. — Я мяркую, што ўсе павінны разумець, што такія рэчы расчышчаюць шлях да грамадзянскай вайны. Такое беззаконьне, такая адсутнасьць усякага закону, усякіх правіл жыцьця і грамадзтва. Гэта шлях да грамадзянскай вайны, і вось гэта самае жахлівае»

Сьвятлана Алексіевіч мяркуе, што ўзровень інтэлектуальнай культуры ў Беларусі моцна упаў, ён робіцца ўсё ніжэйшы і ніжэйшы.

Нобэлеўская ляўрэатка згадала выказваньне Алеся Бяляцкага, які ў апошнім слове на судзе сказаў, што беларуская нацыя ў небясьпецы, і ўпершыню загаварыў пра нацыянальнае прымірэньне.

«Думаю, што многія задумаліся над гэтымі словамі Бяляцкага, але іх складана сёньня вымавіць. Іх сёньня мала хто чуе, але ўсё ж знаходзяцца людзі, якія іх чуюць. Проста няма іншага выйсьця, інакш, зноў паўтару — грамадзянская вайна.

Гэта самае страшнае. Я б не хацела, каб у маёй Беларусі была грамадзянская вайна, і думаю, што ніхто з нас гэтага б не хацеў. Нават улада, таму што тады пад пытаньнем будзе сама ўлада. Але ў азарце барацьбы мала ў каго ёсьць такі спакой духу, які праявіў Бяляцкі, кажучы гэтыя словы ў клетцы».

Украінская нобэлеўская ляўрэатка: Можна лёгка ўявіць, што робіць рэжым у Беларусі зь іншымі людзьмі, якія ня маюць міжнароднай вядомасьці

Прысуд Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Ўладзімеру Лабковічу камэнтуе Аляксандра Матвійчук, старшыня ўкраінскай арганізацыі «Цэнтар грамадзянскіх свабодаў», які стаў адным зь ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру за 2022 год.

— Сёньня маіх беларускіх калегаў і сяброў — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча — асудзілі на вялікія турэмныя тэрміны. Так рэжым Лукашэнкі пакараў іх за праваабарончую дзейнасьць. Цэнтар «Вясна» гадамі абараняў людзей ад перасьледу, адстойваў правы і свабоды ў Беларусі. Я хачу сказаць дзьве рэчы. Рэжым Лукашэнкі падзе, а беларускія праваабаронцы і ўсе незаконна пазбаўленыя волі апынуцца на свабодзе. І другое — нам патрэбная рэакцыя міжнароднай супольнасьці. Калі нобэлеўскага ляўрэата можна лёгка сабе ўявіць, што робіць беларускі рэжым зь іншымі людзьмі, якія ня маюць міжнароднай вядомасьці.

«Прысуд Бяляцкаму сьведчыць, што рэжым антыбеларускі і антынародны», — кіраўніца Беларускага ПЭНу Нядбай

Прысуд Алесю Бяляцкаму камэнтуе старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай:

Тацяна Нядбай
Тацяна Нядбай

«Праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі сёньня ўвасабляе сабой усю грамадзянскую супольнасьць Беларусі, якая ня хоча мірыцца зь несправядлівасьцю і парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі, зьнішчэньнем беларускай культуры.

Чалавек эпіцэнтру, ён заўсёды быў у віры лёсавызначальных для краіны і грамадзтва падзеяў. Ён двойчы сьвядома выбраў ня зьехаць, а застацца са сваім народам, у сваёй краіне. Асабістая гісторыя Бяляцкага — летапіс краіны: вехі прыватнага жыцьця шчыльна пераплятаюцца з этапамі станаўленьня новай Беларусі, пра якую мы марым.

Несправядлівы і палітычна матываваны прысуд Бяляцкаму, чалавеку, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў беларускай культуры і правам чалавека, — сьведчаньне таго, што рэжым у Беларусі сёньня антыбеларускі і антынародны, помсьціць нязломным грамадзянам за іх няўхільную пазыцыю і непрыманьне дыктатуры, гвалту і хлусьні».

Ціханоўская: «Гэта помста рэжыму»

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская назвала судовы працэс па «справе Вясны» фальшывым, а прысуд Алесю Бяляцкаму — «жудасным», і заявіла, што дэмакратычныя сілы Беларусі «павінны зрабіць усё, каб змагацца з гэтай ганебнай несправядлівасьцю і вызваліць іх».

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

«Алесь прысьвяціў сваё жыцьцё барацьбе з тыраніяй. Ён сапраўдны герой Беларусі, і яго будуць шанаваць яшчэ доўга пасьля таго, як дыктатар будзе забыты», — напісала Ціханоўская ў Твітэры.

Прысуд праваабаронцам яна назвала помстай беларускага рэжыму:

«Ганебны прысуд Алесю, Валянціну і Ўладзімера — помста рэжыму за іх стойкасьць. Помста за салідарнасьць. Помста за дапамогу іншым. Дзесяць гадоў нобэлеўскаму ляўрэату наглядна паказваюць, што такое рэжым Лукашэнкі. Мы не перастанем змагацца за нашых герояў».

«Прысуд для вясноўцаў — бесчалавечны, жорсткі, але прадказальны. Гэта помста за нязломнасьць. Помста за салідарнасьць. Гэта і плявок у твар міжнароднай праваабарончай супольнасьці — калі садзяць віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.

Я бачыла фотаздымкi з суда. Бачыла вочы Алеся і іншых. У іх няма адчаю — але ёсьць энэргія, гатовасьць працягваць барацьбу. Яны ведаюць, што робяць правільную справу.

Алесь нават з турмы здольны прыцягваць увагу да Беларусі. Мы бачым, што дзякуючы яму Беларусь вяртаецца ў парадак дня. Дзякуючы яму гавораць пра іншых палітвязьняў. Гэта вялікая ахвяра, на якую ён пайшоў дзеля ўсіх нас.

Я ад усяго сэрца зычу Алесю Бяляцкаму, Уладзіміру Лабковічу і Валянціну Стэфановічу прайсьці гэтае выпрабаваньне хутчэй і без моцнай шкоды для здароўя. Вы — нашыя героі. Мы, усе беларусы, будзем рабіць усё магчымае, каб гэты жах скончыўся як мага хутчэй, і ніколі не паўтарыўся зноў».

Юрыст Павал Сапелка: «Праваабаронцы «Вясны» ня спыняць сваёй дзейнасьці

Юрыст «Вясны», экс-адвакат Павал Сапелка абураны прысудам Нобэлеўскаму ляўрэату Алесю Бяляцкаму і ягоным калегам.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

«Гэты прысуд — яскравае сьведчаньне таго, што барацьба за правы чалавека ў Беларусі вельмі небясьпечны занятак, гэта тое, што палохае беларускія ўлады, нават калі гэта барацьба за правы чалавека вядзецца выключна мірнымі сродкамі і выключна легітымна.

Праваабаронцы „Вясны“ ня спыняць сваю дзейнасьць, мы будзем і далей падтрымліваць палітзьняволеных, падтрымліваць ахвяраў рэпрэсій, зьбіраць доказы злачынстваў беларускіх уладаў. „Вясна“ будзе і далей працягваць сваю легітымную дзейнасьць. Мы прыкладзём усе намаганьні, каб вызваліць нашых калег і падтрымаць іх сем’і», — кажа Павал Сапелка.

Што да міжнароднай супольнасьці, яна падтрымлівае беларускіх праваабаронцаў, правільна разумее сутнасьць і прыроду прэтэнзій уладаў да праваабаронцаў. Менавіта таму і на ўзроўні ААН, і на больш лякальным узроўні ў Эўропе рэгулярна гучаць галасы ў іх падтрымку, перакананы юрыст «Вясны».

«Калегі зь міжнародных праваабарончых арганізацый падтрымліваюць нас у гэтыя цяжкія часы, дапамагаюць нам як мага шырэй разносіць інфармацыю пра гэтую беспрэцэдэнтную крымінальную справу і ў цэлым пра перасьлед „Вясны“.

Я хачу нагадаць, што Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч і Зьміцер Салаўёў не адзіныя ахвяры бязьмежжа беларускіх уладаў і беларускага суду. За кратамі знаходзяцца таксама вясноўцы Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка. Мы таксама нагадваем, што арыштаваная і доўгі час знаходзіцца ў зьняволеньні ў СІЗА праваабаронца Наста Лойка», — кажа Павал Сапелка.

«Гэта ня суд, а прапагандысцкі спэктакль». Завочна асуджаны па справе «Вясны» Зьміцер Салаўёў

Зьміцер Салаўёў назваў суд і вырак над вясноўцамі спробай нэўтралізаваць праваабаронцаў — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча. Гэта замоўныя тэрміны, якія паступілі непасрэдна ад Лукашэнкі, сказаў Салаўёў у інтэрвію Свабодзе.

Зьміцер Салаўёў
Зьміцер Салаўёў

«Гэта ня суд, а прапагандысцкі спэктакль, гэта расправа над праваабаронцамі, зьверскія тэрміны, якія яны прызначылі праваабаронцам, гэта помста за тую дзейнасьць, якую праводзіў Праваабарончы цэнтар „Вясна“ 27 гадоў», — сказаў Зьміцер Салаўёў, якога асудзілі завочна да 8 гадоў зьняволеньня і штрафу.

На думку Салаўёва, мэта ўладаў — каб не было незалежнага назіраньня, не паступала інфармацыя зь Беларусі аб сытуацыі з правамі чалавека, аб катаваньнях, аб забойствах, але «ў іх гэта не атрымаецца».

Салаўёў заклікаў да новых міжнародных санкцыяў супраць беларускіх уладаў:

«Я выступаю, каб санкцыі былі павялічаныя, таму што гэта ненармальна — гандляваць з рэжымам, даваць яму магчымасьць зарабляць грошы, яшчэ трэба ўлічыць, што гэты рэжым дапамагае Расеі забіваць украінцаў».

Прадстаўніца Пераходнага кабінэта Аліна Коўшык: «Гэта Беларусі даюць вырак правесьці 10 гадоў у нечалавечых умовах»

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэта Аліна Коўшык адрэагавала на прысуд Алесю Бяляцкаму:

Аліна Коўшык
Аліна Коўшык

«Я ўжо не адзін раз заўважала, што самая нязломная вера — у тых, хто цярпіць за ўсіх нас у лукашысцкіх засьценках. І з Алесем — тое ж: сьвятло яго вачэй дае веру нам, і натхняе нас працаваць больш зацята, каб ён, і ўсе нашыя блізкія, нявінна асуджаныя, выйшлі на волю.

Алесь — ня проста праваабаронца. Гэта асоба, якая абдымае ўсю беларускую культуру, усю гістарычную эпоху, праз якую наканавана прайсьці нашай радзіме. Тое, што адбываецца зараз зь ім, можна з упэўненасьцю перанесьці на ўсю Беларусь: гэта Беларусі даюць вырак правесьці 10 гадоў у нечалавечых умовах. Гэта Беларусь, таленавітую, адважную, з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці асуджаюць на побыт з крымінальнікамі на зоне, як пакараньне за тое, што прагнула праўды, заявіла пра свае правы і годнасьць», — цытуе Аліну Коўшык прэс-служба Абʼяднанага пераходнага кабінэту.

Яна таксама падзякавала Алесю Бяляцкаму «за той крыж, які ён нясе за ўсіх нас» і выказала словы падтрымкі ягоным блізкім.

«А да ўсіх беларусаў у мяне толькі адна просьба: каб кожны з нас падумаў і вырашыў, што канкрэтна ён можа зрабіць на сваім месцы, каб зьменшыць пакуты Алеся, каб ён хутчэй выйшаў на волю. І зрабіў гэта», — кажа Аліна Коўшык.

«Каб запалохаць грамадзтва, каб ніхто нават пікнуць ня мог», — сузаснавальнік «Мемориала» Алег Арлоў

Праявай фашызму назваў суд над нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім і ягонымі калегамі адзін з заснавальнікаў расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемориал» Алег Арлоў. Ён зьбіраўся асабіста прысутнічаць на абвяшчэньні прысуду, але ўлады Беларусі забаранілі яму ўезд на тэрыторыю краіны.

Алег Арлоў
Алег Арлоў

«З нашымі краінамі адбываецца дзівосная гісторыя. Пасьля распаду СССР здавалася, што нашыя краіны ідуць да дэмакратыі. Але пайшоў рэгрэс; у Беларусі хутчэй, чым у Расеі. А цяпер абедзьве краіны скаціліся ў таталітарызм.

Як лічу, што гэтыя сыстэмы можна ахарактарызаваць як фашысцкія. Гэта адзін з многіх варыянтаў фашызму. І любы такі рэжым не цярпіць іншадумства, ня тое, што апазыцыі, а любой незалежнай ад яго ініцыятывы. І таму такія прысуды. Каб запалохаць грамадзтва, каб ніхто нават пікнуць ня мог. Каб кожны разумеў, што за любое слова пасадзяць і закачаюць у асфальт», — заявіў расейскі праваабаронца.

«Мы ў Расеі думаем, што горш быць ужо ня можа. Пазаўчора я быў на судзе над палітвязьнем Дзьмітрыем Івановым, якога садзяць за антываенныя выказваньні. У нас тут поўнае беззаконьне. Але калі апынаесься ў Беларусі, то бачыш, што Расеі яшчэ ёсьць куды падаць.

У судзе ў Беларусі забараняецца нават махаць людзям у клетцы. Абвінавачаньне абсалютна дзікае. Фінансаваньне пратэставых акцыяў — гэта, аказваецца, фінансаваньне адвакацкай дапамогі, штрафаў і дапамога ахвярам беззаконьня. Гэта ж праваабарончая дзейнасьць. Або абвінавачваньне ў кантрабандзе. Людзі абсалютна законна вазілі валюту, не перавышаючы дазволенай суму. Потым абвінавачаньне сабрала ўсе гэтыя законныя дзеяньні і сьцьвярджае, што яно незаконнае. Якое гэта мае дачыненьне да права? Ды ніякага», — гаворыць Арлоў.

Сяргей Сыс: Беларусь дасягнула дна ў парушэньні ўсіх асноўных свабод грамадзян

Як адзначае праваабаронца і пісьменьнік Сяргей Сыс, які працягвае працаваць у «Вясьне», у Беларусі часта здаралася, што праваабаронцы і журналісты першымі трапляюць пад рэпрэсіі ўлады.

Сяргей Сыс
Сяргей Сыс

«Сёньняшнія суровыя прысуды Алеся Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзю Лабковічу і Зьмітру Салаўёву — толькі адзін з прыкладаў агоніі кіроўнага рэжыму Беларусі, — мяркуе Сыс. — Суд не пераканаў у вінаватасьці праваабаронцаў. Ды і ня мог гэтага зрабіць, бо віны іх няма ў прад’яўленых абвінавачаньнях. Дык хіба гэта суд? Але нават у такой сытуацыі яны робяць выгляд справядлівага і бесстароньняга судовага разьбіральніцтва», — кажа Сяржук Сыс, адзначаючы, што насуперак патрабаваньням пракурора судзьдзя зьменшыла тэрміны пакараньня Бяляцкаму, Лабковіч і Стэфановічу «аж на два гады».

У той жа час Сяргей Сыс перакананы, што праваабаронцы выйдуць на волю раней:

«Упэўнены, што гэты тэрмін хлопцы не дасядзяць да канца, а тыя гады, што яны правядуць у зьняволеньні лягуць незмыванай плямай на ўсё жыцьцё тых, хто ініцыяваў гэтую ганебную справу і давёў яе да турмы».

Ён таксама пагадзіўся са словамі сузаснавальніка расейскай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» Алега Арлоў, які канстатаваў: «На судзе над „Вясной“ я зразумеў, што нават Расеі ёсьць куды падаць».

«У ягоных словах — вялікая рацыя. Сапраўды, Беларусь дасягнула дна як у парушэньні ўсіх асноўных свабодаў, так і ў зьнішчэньні ўсёй грамадзкай супольнасьці», — адзначае праваабаронца.

3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны». Судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла:

  • Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
  • Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
  • Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
  • Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.

Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Разгляд крымінальнай справы праходзіў у судзе Ленінскага раёну Менску з 5 студзеня.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімір Лабковіч не прызналі сваёй віны цалкам.

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Кароль на пасяджэньні 9 лютага запатрабаваў асудзіць Бяляцкага на 12 гадоў калёніі, Стэфановіча — на 11, Лабковіча — на 9. Салаўёву, якога судзяць завочна, ён прапанаваў прысудзіць 10 гадоў калёніі.

  • Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году.
  • Іх затрымалі 14 ліпеня 2021 году праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК). У верасьні 2022 году справа паводле гэтага артыкулу была спыненая, але праваабаронцам выставілі абвінавачаньне паводле двух новых артыкулаў (арт. 228 і 342 КК).
  • Крымінальная справа праваабаронцаў складаецца з 284 тамоў. Кожны том зьмяшчае каля 300 старонак дакумэнтаў. Палітзьняволеным вясноўцам далі ўсяго месяц на азнаямленьне з 284 тамамі матэрыяў справы, а гэта значыць, што абвінавачаныя павінны былі чытаць больш як 9 тамоў, ці 2700 старонак, за дзень.
  • У справе праходзілі каля 100 сьведак, у межах крымінальнай справы правялі 120 ператрусаў.
  • Праваабаронцаў абвінавачвалі ў атрыманьні на свае замежныя рахункі буйной сумы грошай, якую яны выкарыстоўвалі ў «злачынных» мэтах, у тым ліку для дапамогі затрыманым пасьля дэманстрацый пратэсту, аплаты паслуг адвакатаў, арганізацыі незалежнага маніторынгу выбараў і працягу дзейнасьці «Вясны» пасьля яе ліквідацыі. Іншымі словамі, праваабаронцаў абвінавачваюць у ажыцьцяўленьні праваабарончай дзейнасьці.
  • 7 кастрычніка 2022 году Алесь Бяляцкі разам з праваабарончымі арганізацыямі «Мемориал» (Расея) і «Центр громадянських свобод» (Украіна) быў абвешчаны ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG