Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека назвала сем аргумэнтаў, чаму абвінавачаньні супраць вясноўцаў фальшывыя


 Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч і Валянцін Стэфановіч у залі суда
Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч і Валянцін Стэфановіч у залі суда

Чакаецца, што суд Ленінскага раёну Менску вынесе прысуд у «справе „Вясны“» 3 сакавіка 2023 году. Праваабаронцам пагражае ад 9 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH) апублікавала артыкул, у якім тлумачыць, чаму абвінавачаньні супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча зьяўляюцца лжывымі.

У ёй FIDH прыводзіць 7 пунктаў на карысьць гэтага сьцьвярджэньня:

1. 16 месяцаў сакрэтнага расьсьледаваньня

Сьледчыя дзеяньні доўжыліся 16 месяцаў з моманту затрыманьня і зацягваліся як мага даўжэй, «каб ціснуць на затрыманых і прымусіць іх прызнаць віну». На ўвесь гэты час іх пазбавілі спатканьняў са сваякамі, а іх доступ да мэдыцынскай дапамогі сур’ёзна абмежавалі. Улады стараліся зрабіць расьсьледаваньне як мага больш закрытым: з усіх адвакатаў, сваякоў і сьведак узялі падпіску аб невыдаваньні.

2. Новыя абвінавачаньні выставілі за 4 месяцы да суду

Больш за год, з 14 ліпеня 2021 году, Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч знаходзіліся пад вартай па абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў». Яго склалі пасьля 120 ператрусаў і рэйдаў па ўсёй Беларусі і апытаньня каля 100 сьведак. Ня здолеўшы абгрунтаваць першую вэрсію абвінавачваньняў, у верасьні 2022 году сьледзтва замяніла абвінавачваньне ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў» новым: сёньня праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе» і «фінансаваньні дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак».

3. «Вясну» абвінавачваюць у тым, што яна дапамагае сотням людзей

Праваабаронцаў абвінавачваюць у атрыманьні на свае замежныя рахункі буйной сумы грошай, якую яны выкарыстоўвалі ў «злачынных» мэтах, у тым ліку для дапамогі затрыманым пасьля дэманстрацый пратэсту, аплаты паслуг адвакатаў, арганізацыі незалежнага маніторынгу выбараў і працягу дзейнасьці «Вясны» пасьля яе ліквідацыі.

Іншымі словамі, праваабаронцаў абвінавачваюць у ажыцьцяўленьні праваабарончай дзейнасьці.

4. У 2014 годзе Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў аналягічнае абвінавачаньне адвольным

Праваабаронцаў затрымалі праз такія самыя абвінавачаньні, якія выстаўлялі супраць Алеся Бяляцкага ў 2011 годзе. Яны ўжо былі прызнаныя адвольнымі Камітэтам правоў чалавека ААН у 2014 годзе.

На думку Камітэту, Беларусь парушыла права на свабоду асацыяцыі, калі адмовіла «Вясьне» ў рэгістрацыі яшчэ ў 2003 годзе. Адмова ў рэгістрацыі «Вясны» зрабіла яе дзейнасьць незаконнай на тэрыторыі Беларусі і пазбавіла яе сяброў доступу да сваіх правоў.

5. У залі суду з праваабаронцамі абыходзіліся, як са злачынцамі

Палітзьняволеных вясноўцаў трымалі ў залі суду ў кайданках і за кратамі. Такія меры ў Беларусі не ўжываюцца нават да людзей, якіх абвінавачваюць у забойстве. Судзьдзя адхіліў хадайніцтва абвінавачаных аб зьняцьці кайданкоў, пагрэбаваўшы прэзумпцыяй невінаватасьці.

6. Незалежных СМІ і актывістаў не дапусьцілі на суд

Беларускія ўлады афіцыйна не закрылі судовага працэсу, але ў суд дапусьцілі толькі праўрадавыя прапагандысцкія СМІ. Дыпляматам краін Эўразьвязу спатрэбілася акрэдытацыя для ўдзелу ў працэсе: у першы дзень судовага працэсу яны сабраліся перад будынкам суду, каб выказаць салідарнасьць з праваабаронцамі.

Расейскую праваабаронцу і журналістку Кацярыну Яншыну асудзілі ў Менску на 15 дзён адміністрацыйнага арышту за нібыта «дробнае хуліганства» пасьля таго, як яна паспрабавала зрабіць фатаздымак падчас судовага працэсу.

7. Адзін месяц далі, каб прачытаць 84 900 старонак справы

Крымінальная справа праваабаронцаў складаецца з 283 тамоў. Кожны том зьмяшчае каля 300 аркушаў дакумэнтаў. Палітзьняволеным вясноўцам далі ўсяго месяц на азнаямленьне з матэрыяламі справы, а гэта значыць, што абвінавачаныя павінны былі чытаць больш як 9 тамоў, ці 2700 старонак, за дзень. Амаль немагчыма прачытаць столькі старонак за такі кароткі час. І, вядома, падрыхтавацца да абароны ў такім рэжыме немагчыма.

  • Разгляд крымінальнай справы супраць Бяляцкага, а таксама ягонага намесьніка і віцэ-прэзыдэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча і праваабаронца Дзьмітрыя Салаўёва (у парадку спэцыяльнага вядзеньня), пачаўся ў судзе Ленінскага раёну Менску 5 студзеня.
  • Іх абвінавачваюць у кантрабандзе — незаконным перамяшчэньні праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай (ч. 4 арт. 228 КК) і фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 2 арт. 342 КК).
  • Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Кароль на пасяджэньні 9 лютага запатрабаваў асудзіць Бяляцкага на 12 гадоў калёніі, Стэфановіча — на 11, Лабковіча — на 9. Салаўёву, якога судзяць завочна, ён прапанаваў прысудзіць 10 гадоў калёніі.
  • Згаданых праваабаронцаў, апрача Салаўёва, затрымалі 14 ліпеня 2021 году праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК). У верасьні 2022 году справа паводле гэтага артыкулу была спыненая, але праваабаронцам выставілі абвінавачаньне паводле арт. 228 і 342 КК.
  • 7 кастрычніка 2022 году Бяляцкі разам з праваабарончымі арганізацыямі «Мемориал» (Расея) і «Центр громадянських свобод» (Украіна) быў абвешчаны ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG