Conflict Intelligence Team пра страты Расеі за год вайны: ад 130 да 270 тысяч забітых і параненых, і гэта бяз вагнэраўцаў

Праз год пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну дакладная колькасьць стратаў расейскага войска застаецца невядомай.

Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў у інтэрвію «Настоящему времени» распавёў, што, паводле ацэнкі іх каманды, страты Расеі ва Ўкраіне складаюць сама меней ад 130 да 270 тысяч забітых і параненых. Сярод іх забітых — ад 30 да 80-90 тысяч чалавек (на момант пачатку лютага).

«І гэта толькі вайскоўцы», — удакладняе аналітык. Так, напрыклад, яны не ўлічвалі страты ПВК «Вагнэр», байцы якой таксама ваююць ва Ўкраіне і, паводле дадзеных заходняй выведкі, за ўвесь час вайны страціла забітымі і параненымі 30 тысяч чалавек.

У Расеі не раскрываюць стратаў расейскага войска ў вайне з Украінай. Апошні раз Мінабароны РФ раскрывала гэтыя дадзеныя ў верасьні 2022 году — тады ведамства паведаміла аб гібелі 5937 чалавек. Таксама Мінабароны прызнала гібель 89 вайскоўцаў пры абстрэле ў Макееўцы, які адбыўся ў ноч на 1 студзеня. Такім чынам, колькасьць загінулых, паводле афіцыйных зьвестак ведамства, перавысіла 6 тысяч чалавек.

Журналістам Рускай службы BBC і «Медыязоны» на аснове адкрытых крыніц удалося ўстанавіць імёны 14709 загінулых на вайне ва Ўкраіне расейскіх вайскоўцаў. Як адзначаюць журналісты, пацьверджаныя страты пачалі істотна расьці яшчэ зь сярэдзіны сьнежня. На працягу ўсяго 2022 года расейскія крыніцы штотыдзень паведамлялі прыкладна пра 250-300 загінулых, у студзені гэтыя лічбы падвоіліся.

Паводле найбольш кансэрватыўнай ацэнкі, падчас уварваньня ва Ўкраіну Расея магла страціць больш за 29 500 чалавек загінулымі. Агульныя беззваротныя страты Расеі (то бок колькасьць тых, хто выбыў са строю з прычыны раненьня, сьмерці або прапаў бязь вестак) могуць складаць сама меней 133 тысячы чалавек. Гэтая лічба атрыманая на аснове назіраньняў Цэнтру ваенна-марскога аналізу ЗША, адзначаюць журналісты.

Афіцыйныя асобы ЗША і іншых заходніх краін ацэньваюць страты расейскага войска ва Ўкраіне параненымі і забітымі прыблізна ў 200 тысяч чалавек.

​
XS
SM
MD
LG