Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай прадставіў свой мірны плян па вайне ва Ўкраіне

Сустрэча Ван І з Уладзімірам Пуціным. Масква, люты 2023
Сустрэча Ван І з Уладзімірам Пуціным. Масква, люты 2023

Плян Пэкіну ў «палітычным урэгуляваньні ўкраінскага крызісу» складаецца з 12 пунктаў. Адпаведны дакумэнт разьмешчаны на сайце МЗС Кітаю.

Пэкін заклікаў спыніць баявыя дзеяньні ва Ўкраіне і «адмовіцца ад мэнталітэту халоднай вайны». Таксама кітайскія ўлады лічаць неабходным пачаць мірныя перамовы, спыніць «аднабаковыя санкцыі» і гарантаваць вываз украінскага збожжа.

У прыватнасьці, Пэкін заклікае:

  • Паважаць міжнароднае права і прынцып «сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці ўсіх краін».
  • Адмовіцца ад «мэнталітэту халоднай вайны». «Бясьпека краіны ня можа дасягацца за кошт бясьпекі іншых. Бясьпека рэгіёну не павінна дасягацца ўмацаваньнем або пашырэньнем ваенных блёкаў», — гаворыцца ў гэтым пункце. Пэкін заклікаў сур’ёзна ставіцца да «законных інтарэсаў бясьпекі ўсіх краін» і «не дапускаць фармаваньня лягерных супрацьстаяньняў».
  • Спыніць агонь, прымяняць стрыманасьць, не «разьдзімаць полымя» і дапамагчы Ўкраіне і Расеі як мага хутчэй аднавіць дыялёг.
  • Пачаць мірныя перамовы. На думку Кітаю, міжнародная супольнасьць павінна дапамагчы бакам канфлікту «адчыніць дзьверы для палітычнага ўрэгуляваньня», а таксама стварыць для гэтага ўмовы і прапанаваць плятформу для перамоваў.
  • Вырашыць гуманітарны крызіс. Пэкін заклікаў «абараняць бясьпеку цывільных асоб» і ствараць гуманітарныя калідоры для іх эвакуацыі, нарасьціць гуманітарную дапамогу.
  • Абараніць цывільных асоб і ваеннапалонных. На думку кітайскіх уладаў, бакі ваеннага канфлікту павінны ўстрымлівацца ад нападаў на цывільных асоб і цывільныя аб’екты, абараняць жанчын і дзяцей, а таксама паважаць правы ваеннапалонных.
  • Падтрымліваць бясьпеку атамных электрастанцый. Кітай заявіў аб неабходнасьці супрацьстаяць узброеным нападам «на мірныя ядзерныя аб’екты», у прыватнасьці на АЭС. Згодна з дакумэнтам, усе бакі павінны выконваць канвэнцыі аб ядзернай бясьпецы і пазьбягаць тэхнагенных ядзерных аварый.
  • Зьнізіць стратэгічныя рызыкі. На думку Пэкіну, нельга выкарыстоўваць ядзерную зброю, неабходна супрацьдзейнічаць яе прымяненьню або пагрозе прымяненьня. Кітай таксама выступае супраць «распрацоўкі і прымяненьня біялягічнай і хімічнай зброі любой краінай пры любых абставінах».
  • Гарантаваць вываз збожжа і зерня. На думку Пэкіну, усе бакі павінны выконваць пагадненьне аб перавозцы збожжа па Чорным моры, падпісанае Расеяй, Украінай, Турэччынай і ААН у 2022 годзе.
  • Спыніць аднабаковыя санкцыі. Кітай заяўляе аб недапушчальнасьці «аднабаковых», гэта значыць не зацьверджаных Радай Бясьпекі ААН, санкцый. На яго думку, такія захады «ня толькі ня вырашаць праблем, але створаць новыя».
  • Забясьпечыць стабільнасьць ланцужкоў вытворчасьці і паставак. Пэкін зазначае, што трэба абараняць сусьветную эканоміку і супрацьстаяць яе палітызацыі і выкарыстаньню ў ваенных мэтах. Ён заклікаў не дапусьціць зрыву міжнароднага супрацоўніцтва ў сфэрах энэргетыкі, фінансаў, гандлю збожжам і транспарту.
  • Садзейнічаць пасьляваеннаму аднаўленьню. На думку КНР, міжнароднай супольнасьці неабходна прыняць меры для падтрымкі пасьляваеннага аднаўленьня ў зоне канфлікту. Пэкін заявіў, што гатовы «аказаць дапамогу і адыграць канструктыўную ролю» ў гэтым пытаньні.

Раней на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы чалец Палітбюро ЦК КПК Ван І заявіў, што Кітай у гадавіну расейскага ўварваньня ва Ўкраіну апублікуе «мірны плян» урэгуляваньня.

Пасьля гэтага Ван І прыбыў зь візытам у Маскву, дзе сустрэўся з сакратаром Савету бясьпекі Расеі Мікалаем Патрушавым і затым у Крамлі — з Уладзімірам Пуціным.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG