Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамашнія булачкі, арэшкі са згушчанкай, смачнае пітво. Беларус адкрыў кавярню ў Варшаве і расказвае палякам пра сваю радзіму


Яўген Скрабутан у кавярні Kakao
Яўген Скрабутан у кавярні Kakao

Паразмаўлялі з уладальнікам кавярні Kakao Яўгенам Скрабутанам пра тое, як прыйшла ідэя адкрыць сваю справу, якія былі цяжкасьці, чаму важна зьвяртацца па парады і дапамогу, а таксама якія ласункі любяць беларусы і палякі.

Да пераезду ў Варшаву Яўген Скрабутан жыў у Берасьці, займаўся папулярызацыяй нашай краіны сярод палякаў, арганізоўваў экскурсіі.

«Мы зь сябрамі вялі старонку ў Facebook “Беларусь па-польску”, дзе рабілі цікавыя матэрыялы пра Беларусь, заваблівалі турыстаў у нашую краіну. Мы хацелі паказаць, што Беларусь — гэта ня толькі лукашызм, дыктатура і “русский мир”. А што гэта добрыя людзі, прыгожыя мясьціны, багатыя традыцыі, смачная ежа і блізкая культура. Бо людзі думалі, што Беларусь — гэта нейкая экзатычная краіна, дзе адбываецца невядома што», — апавядае Яўген Скрабутан.

Яўген разам зь сябрамі арганізоўваў роварныя экскурсіі па Беларусі.

«Палякі з усёй краіны зьяжджаліся ў Тэрэспаль, сядалі на ровары і прыяжджалі ў Берасьце. Мы для іх арганізоўвалі экскурсію, адпачынак, начавалі там і на наступны дзень разам з групай з Беларусі ехалі ў Тэрэспаль, каталіся там, заяжджалі ў Лабачаў, усе нас ведалі… Але, на жаль, гэта скончылася».

Кавярня КАКАО у Варшаве,
Кавярня КАКАО у Варшаве,

Яўгену давялося пераехаць у Варшаву. Цяпер у Польшчы беларусы і ўкраінцы шукаюць, чым заняцца і як зарабіць грошы.

«Гэта не як 10-15 гадоў таму, калі нашаму чалавеку тут чагосьці бракавала: людзі марылі пра чорны хлеб, не маглі спаць, не паеўшы перадачы са згушчанкай зь Беларусі, хацелі беларускага шакаляду, нейкіх смажаных семак. Цяпер жа гэта ўсё ёсьць, мне здаецца, нават у кожным доме ёсьць чалавек, які робіць выпечку сваімі рукамі. І мы падумалі, што трэба гэта рабіць легальна ў месцы, дзе людзі змогуць прыйсьці, пакаштаваць і паразмаўляць, бо што можа быць лепш за камунікацыю і завязваньне новых стасункаў?»

Яўген кажа, што палякі цікавяцца Беларусьсю і іх дамашняй выпечкай.

«Мне вельмі падабаецца расказваць палякам пра Беларусь. Гэта тое, што мы рабілі праз інтэрнэт, а цяпер людзі прыходзяць і задаюць пытаньні без пасярэднікаў. Многім цікава паглядзець, што гэта за беларусы, што гэта ў іх за экзатычныя булачкі. Пазьней яны разумеюць, што і выпечка падобная да польскай, бо ў нас і традыцыі падобныя».

«Булачка з бульбай і смажанай цыбулькай – гэта топ з топаў!»

Жонка, сястра і сяброўкі Яўгена робяць выпечку сваімі рукамі. Усе яны працуюць у кавярні «Kakao. Беларуская выпечка».

«У нас ёсьць макароны (міндальнае пірожнае. – РС) трошкі большыя, чым прадаюцца на польскім рынку. Яны натуральныя, а не хімічныя, якія можна набыць у краме. Робім арэшкі са згушчанкай на вагу і па штуках, запакоўваем у скрыначкі з банцікамі, якія людзі замаўляюць на сямейныя сьвяты, прыносяць як пачастунак, гэта вельмі міла. Таксама мы пячом булачкі. Вельмі папулярная булачка з бульбяным пюрэ і смажанай цыбулькай – гэта топ з топаў! На польскім рынку такога не было, і, калі прыходзяць палякі, яны моцна зьдзіўляюцца, зь цікавасьці купляюць, каштуюць і потым абавязкова вяртаюцца і бяруць гэтых булачак некалькі», — усьміхаецца Яўген.

Ёсьць клясычныя булачкі з капустай і грыбамі, а таксама салодкія: сьмятаньнікі, сочнікі, з цынамонам, з разынкамі. Практычна кожны дзень зьяўляецца булачка з новым смакам.

«Кавярня знаходзіцца на вуліцы Грахоўскай, і ў нас была фішка – булачка з гарохам! Мы не пасьпяваем пакуль рабіць шмат, бо трэба купіць большую печку. Як пачнём выпякаць на месцы, то будзе большы асартымэнт і яны ўсе будуць падавацца гарачанькімі. Мы робім на заказ тарты і пэрыядычна прыносім у кавярню, каб чалавек мог кавалачак зьесьці, а калі спадабаецца, мог заказаць вялікі торт на нейкае сьвята».

У кавярні можна купіць і печыва з розным смакам: ванільна-шакаляднае, какосавае і зімовае (з імберцам, мёдам і цынамонам). Таксама Яўген плянуе рабіць больш вэганскіх дэсэртаў, бо ёсьць попыт і зацікаўленасьць.

«Цяпер у нас ёсьць вэганская карамэль, мы выставілі яе ў слоічках, яна зробленая з какосавага цукру і какосавага малака. Неяк мы частавалі людзей вэганскімі цукеркамі. Людзі былі зьдзіўленыя, бо невэганам здаецца, што гэта будзе на смак як трава ці нешта несалодкае, а цукерка аказвалася смачнейшай за клясычную! Вядома, такія вырабы больш дарагія, але ў Варшаве ёсьць людзі, якія за гэта гатовыя плаціць грошы».

«Палякі не пытаюцца пра цану, а бяруць тое, што ім падабаецца»

Важная адметнасьць кавярні Kakao – тут робяць раф. Яўген кажа, што на польскім рынку такой кавы няма, хаця яна вельмі запатрабаваная сярод беларусаў і ўкраінцаў.

«Мы плянавалі, што нашымі кліентамі будуць палякі, але ў першы месяц да нас прыходзіла недзе 90% беларусаў. Цяпер лічба зраўнялася, але ёсьць вялікая зацікаўленасьць з боку палякаў і навінкі становяцца папулярнымі сярод іх. Таксама мы робім клясычную какаву бяз цукру і хочам пашырыць выбар гатункаў. У нас ёсьць пробнікі какавы цырыманіяльнай з розных краін».

Уладальнік кажа, што ў палякаў прыкметна больш грошай.

«Палякі не пытаюцца пра цану, а бяруць тое, што ім падабаецца. Бачаць печыва: “То давайце мне пяць штук”. А наш чалавек заўсёды пытаецца: “А па чым? Ой, па тры злотыя?! А ў Менску было па 2! Чаму ў вас так дорага?” Але ў нас нядорага! У нас наадварот, даволі танна, улічваючы, што гэта дамашняя выпечка. Адзінае, варта было б прадаваць печыва ў каробачках, але ў Польшчы пакуль праблема з прыгожай упакоўкай».

У кавярні
У кавярні

«Мэблю рабілі сябры, сьцены малявалі нашы людзі, лядоўні набывалі ў знаёмых»

На адкрыцьцё сваёй кавярні трэба ня так шмат грошай, як можа здавацца, кажа Яўген.

«Заўсёды думалася: каб мець кавярню, трэба ўкласьці ледзь ня 200 тысяч эўра. А папраўдзе, найбольш грошай забірае рамонт, падрыхтоўка памяшканьня, бо ты нічога прадаваць яшчэ ня можаш, а за арэнду плаціць трэба. Гэта найбольшыя выдаткі, і гэта трохі б’е па кішэні. Асабліва, калі ты не падрыхтаваны і робіш гэта ўпершыню. Таксама трэба купіць неабходнае абсталяваньне, халадзільнікі, каваапарат, каву, расходныя матэрыялы, лыжкі, талерачкі. Палічыць гэта зусім ня цяжка».

У Яўгена атрымалася скараціць расходы, бо ён мае шмат знаёмых і сяброў, якія дапамагалі рэалізаваць ідэю.

«Мэблю рабілі нам сябры, сьцены малявалі нашы людзі, лядоўні куплялі ў знаёмых, выпечку робіць сям’я, сябры ці сябры сяброў, – усьміхаецца Яўген. — І вельмі шмат атрымліваецца зэканоміць. Зноў жа шмат парадаў раздаюць, бо ёсьць кола знаёмстваў сярод беларускага бізнэсу ў Польшчы».

Пірожныя
Пірожныя

«У Беларусі я займаўся іншымі рэчамі, і гэта нешта новенькае ў жыцьці»

Адкрыць сваю кавярню ў Польшчы ня так складана, як можа падавацца.

«Трэба спачатку адкрыць індывідуальнае прадпрымальніцтва, зарэгістраваць фірму, арэндаваць памяшканьне, паведаміць ва ўсе рэгістрацыйныя органы, што ты зьявіўся, атрымаць дазвол ад санітарна-эпідэміялягічнай станцыі і пачынаць працаваць. У Беларусі я займаўся іншымі рэчамі, і гэта нешта новенькае ў жыцьці, цікавы працэс, бо, нягледзячы на тое, што шмат сяброў маеш дасьведчаных, але набіваеш гузы на ўласным ілбе. Гэта цікава!»

Прайшоўшы шлях адкрыцьця сваёй справы ў іншай краіне, Яўген раіць усім, хто хоча распачаць нешта сваё, адразу зьвяртацца да спэцыялістаў.

«Існуюць людзі, якія дапамагаюць у адкрыцьці кавярняў: яны ведаюць, як і што рабіць, якія дакумэнты трэба падаваць, у якой пасьлядоўнасьці, зь якімі фірмамі трэба падпісаць пагадненьні на дастаўку кавы, дзе купляць лядоўні і мэблю. Як арганізатары вясельляў могуць зрабіць гэта ў комплексе, так і адкрывальнікі кавярняў дапамогуць вам зэканоміць час. Рэкамэндую не паўтараць наш досьвед, а лепш ісьці па наежджанай дарозе, бо ўсё можна рабіць нашмат прасьцей і хутчэй», — рэкамэндуе Яўген.

«Прыяжджай у Лодзь, бо вельмі смачныя булкі»

Цяпер Яўген хоча набыць большую печку, каб рабіць булачкі – так можна выпякаць больш вырабаў і зэканоміць на электрычнасьці. Таксама ўладальнік кавярні задумваецца над адкрыцьцём новага пункту.

«Людзі, якія працуюць даўно ў гэтай сфэры, кажуць, што адной кавярняй грошай не заробіш, трэба мець як мінімум дзьве, а лепш некалькі. І зноў жа, да нас прыяжджала на днях дэлегацыя сяброў-раварыстаў з Лодзі, яны кажуць, што ў любым польскім горадзе ёсьць віетнамская, армянская, японская, грузінская кухні, а беларускай няма: “Прыяжджай у Лодзь, бо вельмі смачныя булкі, спадабалася кава, мы дапаможам адкрыць кавярню”», — усьміхаецца Яўген.

«Мы можам паказваць на ўласным прыкладзе, што мы эўрапейскі народ»

Яўген кажа, што яму было важна падкрэсьліць, што кавярня менавіта беларуская, таму і назва «Kakao. Беларуская выпечка».

«Для нас важна, каб людзі, якія сюды прыходзяць, задавалі пытаньні пра Беларусь. Мы хочам расказаць, што нашая краіна мае даволі высокі патэнцыял, каб у будучыні, калі ня будзе гэтага ўсяго лукашызму, “русского мира”, да нас прыехалі сотні і тысячы турыстаў, бо ў нас ёсьць што паглядзець, з нашымі людзьмі трэба знаёміцца, у нас ёсьць што пераняць, у нас вельмі клясны народ, які не заслугоўвае таго, што зь ім адбываецца».

Яўген дадае, што яму вельмі прыкра, калі пра беларусаў гавораць як пра нейкіх адсталых людзей.

«Мы сучасныя, мы разумныя, у нас высокаадукаваныя людзі. Мы можам паказваць на ўласным прыкладзе, што мы эўрапейскі народ, бо мы маем багатую культуру, старажытныя традыцыі, супольныя з нашымі заходнімі суседзямі. Нашая кухня нездарма падобная на польскую, украінскую, літоўскую, бо мы спрадвеку разам жылі, мы побач існавалі і павінны цяпер быць разам, тым больш маючы супольнага ворага на ўсходзе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG