Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускія бізнэсоўцы лёгка выбіваюць канкурэнтаў». За год у Польшчы беларусы адкрылі больш за 1700 фірмаў


Кіраўнік Беларускага бізнэс-цэнтру ў Варшаве Дзьмітры Данільчук
Кіраўнік Беларускага бізнэс-цэнтру ў Варшаве Дзьмітры Данільчук

Усяго ў Польшчы на канец мінулага году было зарэгістравана 4980 такіх кампаній. Пагаварылі з кіраўніком Беларускага бізнэс-цэнтру ў Варшаве Дзьмітрыем Данільчуком аб праблемах і пэрспэктывах беларускага бізнэсу ў Польшчы.

1730 новых кампаній зь беларускім капіталам зьявілася ў Польшчы за год. На першым месцы — аптовы і раздробны гандаль, на другім — перавозкі і лягістыка, на трэцім — будаўніцтва, на чацьвёртым — ІТ-сфэра.

Гэтыя чатыры сэктары складаюць 73%. Такія лічбы прывёў дырэктар ВВС Дзьмітры Данільчук. Асноўныя сфэры дзейнасьці:

  • опт, рытэйл — 1278 кампаній;
  • транспартныя і складзкія паслугі — 1115 кампаній;
  • будаўніцтва — 819 кампаній;
  • ІТ — 435 кампаній;
  • прафэсійныя паслугі, навуковыя і тэхнічныя — 283 кампаніі;
  • адміністрацыйная падтрымка і паслугі — 274;
  • вытворчыя кампаніі — 258.
Дырэктар ВВС Дзьмітры Данільчук
Дырэктар ВВС Дзьмітры Данільчук

На першым месцы ў колькасьці беларускіх кампаній у Польшчы — Мазавецкае ваяводзтва, тут іх 53,9% ад агульнай колькасьці. На другім месцы сумежныя зь Беларусьсю Падляскае і Люблінскае ваяводзтвы (12,85% і 7,93%).


Топ гарадоў, дзе разгортваюць свой бізнэс беларусы:

  • Варшава,
  • Беласток,
  • Белая Падляска,
  • Уроцлаў,
  • Гданьск,
  • Кракаў.

Далей ідуць Познань, Лодзь, Люблін, Пясэчна.

За год колькасьць беларускіх кампаній можа павялічыцца яшчэ на 1,5 тысячы

Кіраўнік Беларускага бізнэс-цэнтру ZPP у Варшаве Дзьмітры Данільчук лічыць, што ў 2023 годзе колькасьць беларускіх кампаній у Польшчы можа павялічыцца яшчэ на 1,5 тысячы.

«Фактары, якія стымулююць гэтыя чатыры сэктары пераяжджаць, нікуды не зьнікаюць, яны толькі ўзмацняюцца. Так што мы чакаем, што сёлета ў Польшчу прыйдуць яшчэ 1500 кампаній. І мы хочам, каб Беларускі бізнэс-цэнтар стаў уваходным пунктам, своеасаблівымі дзьвярыма: каб усе ведалі, што тут беларускаму бізнэсу гатовыя дапамагчы. Любому сумленнаму бізнэсу. Нават калі яны яшчэ працуюць у Беларусі і плянуюць пашырацца», — кажа Дзьмітры Данільчук.

Ва ўсіх чатырох асноўных сэктарах — опт і рытэйл, перавозкі і лягістыка, будаўніцтва, ІТ-сфэра — ёсьць свае асаблівасьці вядзеньня бізнэсу, найманьня супрацоўнікаў і матывацыі прыезду.

«Калі ІТ-сфэра сутыкнулася з рэпутацыйнымі рызыкамі, то лягістыка сутыкнулася з разарванымі ланцужкамі паставак і санкцыямі. Рытэйл — з рэпутацыйнымі рызыкамі і санкцыямі. Будаўніцтва сутыкнулася са сьцісканьнем беларускага і расейскага рынку: калі раней беларусы езьдзілі будаваць у Расею, то цяпер — у Польшчу.

У сфэры продажаў і маркетынгу ў беларусаў усё вельмі добра. Гэта самы вядомы стэрэатып, пра яго гавораць усе: што беларусы значна лепшыя за палякаў і эўрапейцаў у продажах, камунікацыях, маркетынгу. Неймаверна якасныя каманды ў нас — яны спакойна выбіваюць канкурэнтаў на польскім рынку. Лёгка! Тое самае з узроўнем сэрвісу і грамадзкага харчаваньня — таксама значна вышэйшы ўзровень у нас, чым у Эўропе», — тлумачыць кіраўнік Беларускага бізнэс-цэнтру спадар Данільчук.

Што да культурнай адаптацыі, у значнай часткі прадстаўнікоў беларускага бізнэсу ёсьць праблемы з польскай мовай. Таму яны набіраюць у супрацоўнікі палякаў і паступова «падцягваюць» мову.

«Нават у нас у каворкінгу я заўважаю, як чалавек сёньня кантактуе на ангельскай мове, а заўтра пачынае прамаўляць першыя словы па-польску. І я бачу, як прагрэсуюць нашы бізнэсоўцы», — дзеліцца ўражаньнямі Дзьмітры Данільчук.

З рэгістрацыяй кампаній усё даволі проста, з падаткамі і легалізацыяй бізнэсу — складана

Многія адкрываюць і рэгіструюць фірмы самі. Некаторыя бізнэсоўцы зьвяртацца да юрыстаў, каб дапамаглі. А вось з выплатай падаткаў у многіх могуць узьнікнуць праблемы, тлумачыць дырэктар ВВС.

«Узровень падаткаабкладаньня ў Польшчы даволі высокі. І калі фірма ня ведае, якія льготы, легальныя паслабленьні можна атрымаць, бізнэс можа даволі інтэнсіўна сьціскацца. Дарэчы, многія беларусы пачалі ўступаць у свабодныя эканамічныя зоны — іх багата тут.

Многія пачалі вывучаць правілы падаткаабкладаньня для ІТ-кампаній, якія даюць пэўныя льготы. У буйных інвэстараў таксама ёсьць паслабленьні, якія гарантуе Польская агенцыя інвэстыцый і гандлю. Так, у сфэры падаткаў тут складана, але беларусы паступова вучацца», — кажа Дзьмітры Данільчук.

Узьнікаюць праблемы ў беларусаў і зь легалізацыяй бізнэсу. Бо няма дакладных правілаў, дакладных крытэраў, якую суму падаткаў павінен заплаціць бізнэсовец, каб яму далі дазвол на жыхарства на больш працяглы тэрмін. Многае залежыць ад суб’ектыўных фактараў, ад асобных спэцыялістаў ва ўжондах (мясцовых адміністрацыях. — РС).

«Няма дакладных правілаў гульні. Іх вельмі бракуе. Калі мы хочам, каб плынь беларускіх бізнэсаў тут замацавалася і добра сябе адчувала, трэба вырашыць дзьве праблемы. Спрасьціць працэдуру легалізацыі і зрабіць усё больш празрыста. Не павінна адбывацца выпадкаў, калі беларускія працадаўцы і падаткаплатнікі атрымліваюць дазвол на жыхарства тэрмінам на год і менш. Польскім уладам павінна быць выгадна даць яму гэтую легалізацыю. Мы пра гэта гаворым і будзем гаварыць».

Дзьмітры Данільчук у Варшаўскім бізнэс-цэнтры
Дзьмітры Данільчук у Варшаўскім бізнэс-цэнтры

Невырашальнае пытаньне —​ доступ да фінансаваньня

Мясцовыя банкі беларускі бізнэс не крэдытуюць. Гэтая праблема не прабіваецца ніяк, расказвае кіраўнік Беларускага бізнэс-цэнтру.

«Ёсьць альтэрнатыўныя крыніцы фінансаваньня: прыватныя інвэстары, вэнчурнае фінансаваньне для стартапаў, нейкія грантавыя праграмы. Пры гэтым у банках беларусаў не чакаюць. Складана сказаць, што павінна памяняцца. Павінна быць палітычнае рашэньне», — мяркуе Дзьмітры.

Бізнэсоўцы часам сутыкаюцца з праблемай падбору добрых юрыстаў, бухгальтараў. У Польшчу пераехала шмат абслуговых бізнэсаў: моўныя курсы, бухгальтарскія фірмы. Калі яны хочуць працаваць са сваімі, шукаюць кадры сярод землякоў. Некаторыя вельмі слушна робяць выхад на рынак: наймаюць мясцовых спэцыялістаў, якія добра разумеюць заканадаўства.

Дзьмітры Данільчук у варшаўскім офісе
Дзьмітры Данільчук у варшаўскім офісе

З падборам офісаў у Польшчы праблем няма. Плошчаў дастаткова: і вытворчых, і офісных, ёсьць маса кансультантаў. Цэны залежаць ад рэгіёну, тлумачыць Дзьмітры Данільчук.

«Мы ўсім рэкамэндуем паглядзець далей за 4 гарады, якія прыцягваюць беларусаў: Варшава, Гданьск (дакладней, Труймяста — Сопат і Гдыня), Кракаў, Уроцлаў. Ды паглядзіце вы далей! Ёсьць гарады, якія эканамічна менш разьвітыя. Але, да прыкладу, у Лодзі інвэстыцыйныя ўлады за руку возьмуць інвэстара, правядуць экскурсію, пакажуць, дапамогуць, зарэгіструюць. У малых гарадах усё прасьцей. Дарэчы, мы ў нашым бізнэс-цэнтры рабілі мерапрыемства з уладамі гораду Лодзі, — кажа Дзьмітры.

Юрыдычная і экспэртная дапамога зусім бясплатная

У верасьні 2022 году ў цэнтры Варшавы ўрачыста адкрыўся Беларускі бізнэс-цэнтар. Працаваць ён пачаў крыху раней. За паўгода ў ім прайшло 30 падзей (прыкладна напалам онлайн і офлайн). На 2023 год цэнтар заплянаваў яшчэ 30 мерапрыемстваў.

Кіраўнік Беларускага бізнэс-цэнтру ZPP у Варшаве Дзьмітры Данільчук сьцьвярджае, што дапамога бізнэсоўцам-беларусам цалкам бясплатная, цэнтар не аказвае платных паслуг.

«Мы дэ-юрэ заснаваныя і зьяўляемся часткай ZPP, Польскага бізнэс-зьвязу. Нас фінансуе ZPP і міжнародныя партнэры.

Яны сфармавалі тры кірункі дапамогі, якая нам патрэбная. Першая — гэта каворкінг. У нашым цэнтры 15 працоўных месцаў, ужо больш за 100 чалавек прыходзілі працаваць у каворкінг.

Другі кірунак — гэта юрыдычная дапамога. Яе аказваюць польскія юрысты, але ў наступным месяцы мы хочам узяць юрыста ў штат. Гэта будзе бясплатны юрыст для беларускага бізнэсу. Мы хочам, каб сёлета хаця б 100 кампаній атрымалі юрыдычную кансультацыю ў нас бясплатна.

Ну і трэцяе — івэнты. Іх было 30, наведала іх больш за тысячу чалавек», — расказаў Дзьмітры.

Запатрабаваная ня толькі юрыдычная дапамога, але і экспэртная. Людзі часьцяком пытаюцца, як шукаць офісы, якія стаўкі, у якім горадзе таньней і прасьцей, як знайсьці супрацоўнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG