Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне хочуць замясьціць на рынках Эўропы беларускую прадукцыю сваёй, экспэрты настойваюць на гандлёвым эмбарга

Слуханьні ў камітэце Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў пытаньнях эканамічнага разьвіцьця, 10 лютага 2023 году
Слуханьні ў камітэце Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў пытаньнях эканамічнага разьвіцьця, 10 лютага 2023 году

Ва Ўкраіне ініцыююць узмацненьне гандлёвых санкцый супраць Беларусі і разглядаюць магчымасьць замяшчэньня беларускай прадукцыі, якая пастаўлялася на эўрапейскі рынак, таварамі ўкраінскай вытворчасьці.

«Яшчэ ў 2021 годзе расейцы і беларусы пастаўлялі нам прадукцыю на 11 мільярдаў даляраў. Яшчэ на 25 мільярдаў даляраў яны пастаўлялі прадукцыю на рынкі Эўразьвязу. Агулам іхныя пастаўкі ва Ўкраіну і краіны ЭЗ складалі 36 мільярдаў даляраў. За гэтыя грошы яны фінансавалі, у прыватнасьці, узброеную агрэсію супраць нашай дзяржавы. Мы набывалі нафтапрадукты і прадукцыю нафтаперапрацоўкі, шкло, вагоны, сродкі гігіены і шмат чаго іншага ўвозілі аж да самага ўварваньня», – паведаміў намесьнік парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях эканамічнага разьвіцьця Дзьмітро Кісілеўскі.

Намесьнік старшыні камітэту Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў пытаньнях эканамічнага разьвіцьця Дзьмітро Кісілеўскі
Намесьнік старшыні камітэту Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў пытаньнях эканамічнага разьвіцьця Дзьмітро Кісілеўскі

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны мяркуе, што адначасова з узмацненьнем санкцый супраць Расеі і Беларусі, украінская прамысловасьць павінна прапанаваць краінам Эўропы аналягі забароненай прадукцыі з Расеі і Беларусі.

«Мы мусім зрабіць ня толькі ім балюча, а добра сабе. Вытворчасьць уласнай прадукцыі – гэта і працоўныя месцы для нашых грамадзян, і падаткі ў наш бюджэт, якімі мы фінансуем войска. (…) Мы павінны прапанаваць нашым партнэрам уводзіць эканамічныя абмежаваньні расейскіх і беларускіх тавараў, якія мы здольныя выпускаць», – дадаў Дзьмітро Кісілеўскі.

Намесьнік міністра эканомікі Ўкраіны, гандлёвы прадстаўнік Ўкраіны Тарас Качка (зьлева) і Дзьмітро Кісілеўскі (справа) на камітэцкіх слуханьнях 10 лютага 2023 году
Намесьнік міністра эканомікі Ўкраіны, гандлёвы прадстаўнік Ўкраіны Тарас Качка (зьлева) і Дзьмітро Кісілеўскі (справа) на камітэцкіх слуханьнях 10 лютага 2023 году

У сваю чаргу намесьнік міністра эканомікі Ўкраіны, гандлёвы прадстаўнік Ўкраіны Тарас Качка дадаў, што мэта ўкраінскага ўраду – канчаткова разарваць эканамічныя сувязі зь Беларусьсю і Расеяй з-за агрэсіі і дапамагчы эўрапейскім партнэрам пазбавіцца гандлёвай залежнасьці ад агрэсара, у тым ліку, праз павелічэньне паставак украінскай прадукцыі на эўрапейскі рынак.

«Цяпер галоўная задача – узмацніць санкцыйны ціск на Расею і Беларусь і адлюстраваньне міжнародных санкцый», – сказаў Тарас Качка на слуханьнях у галіновым камітэце Вярхоўнай рады.

Якую беларускую прадукцыю можа замясьціць Украіна

У Цэнтры разьвіцьця рынкавай эканомікі «CMD–Ukraine» прааналізавалі таварную структуру паставак Расеі і Беларусі ва Ўкраіну і краіны Эўрапейскага Зьвязу.

Паводле дасьледаваньня, аб’ём беларускіх паставак у Эўразьвяз у 2021 годзе склаў 17,5% ад усяго экспарту Беларусі, яшчэ 0,4% – у Вялікую Брытанію і 1,2% – у ЗША.

Экспэрты адзначылі, што Беларусь пастаўляе ў эўрапейскія краіны пераважна піламатэрыялы іглічных парод, драўляную мэблю, ДСП, фанэру, драўляныя паддоны, пялеты, пруткі і дрот з вугляродзістай сталі, канаты, тросы, некаторыя віды хімічных угнаеньняў. Экспарт машын і абсталяваньня ў асноўным прадстаўлены пастаўкамі самаходных і несамаходных чыгуначных трамвайных вагонаў, а таксама электрычнымі кабэлямі.

Беларусь таксама прадае ў Эўропу трактары, буксы для чыгуначных вагонаў, запчасткі да электратрансфарматараў, трансьмісійныя валы і грузавыя аўтамабілі.

Экспэрты мяркуюць, што ўкраінскія вытворцы могуць пасьпяхова замяніць большасьць гэтай прадукцыі на эўрапейскім рынку, таму вельмі важна, каб менавіта гэтую прадукцыю Эўрапейскі зьвяз абмежаваў на сваім рынку.

«Супраць Расеі Ўкраіна ўвяла гандлёвае эмбарга, забараніўшы і імпарт, і экспарт. У той жа час у дачыненьні да Беларусі дагэтуль не прымяняюцца ніводныя аналягічныя захады, а Дзяржаўная мытная служба фіксуе пранікненьне ва Ўкраіну прадукцыі беларускай вытворчасьці пасьля шырокамаштабнага ўварваньня. Таму мэтазгодным зьяўляецца вызначэньне неабходнасьці ўвядзеньня гандлёвага эмбарга супраць Беларусі», – адзначылі экспэрты.

Які статус маюць слуханьні ў парлямэнцкім камітэце

Парлямэнцкі камітэт ва Ўкраіне можа праводзіць слуханьні на найбольш актуальныя тэмы з запрашэньнем прадстаўнікоў ураду і экспэртнага асяродзьдзя. Па выніках слуханьняў дэпутаты могуць прапанаваць ураду адпаведныя рэкамэндацыі або распрацаваць неабходныя праекты законаў, якія ўрэгулююць сфэру дзейнасьці, што абмеркавалі на слуханьнях у камітэце.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG