Бярдзянск знаходзіцца на ўзьбярэжжы Азоўскага мора. Расейцы захапілі горад на трэці дзень ваеннага ўварваньня.
У Бярдзянск не прапускаюць украінскую гуманітарную дапамогу і няма «зялёных» калідораў для эвакуацыі. У пачатку акупацыі мясцовыя жыхары выходзілі на акцыі пратэсты, пакуль расейскія вайскоўцы не пачалі іх разганяць.
Журналісты праекту Радыё Свабода «Новини Приазов'я» запыталі мясцовых жыхароў пра жыцьцё ў акупацыі. Праз магчымую небясьпеку яны папрасілі не называць іхных імёнаў і прозьвішчаў.
Мяняюць рублі на грыўні і адпраўляюць іх Узброеным сілам Украіны
З 1 студзеня акупацыйныя ўлады забаранілі абарачэньне грыўні на акупаванай тэрыторыі. Нягледзячы на забарону, грыўню па-ранейшаму можна прадаваць і купляць на «чорным» рынку, а таксама здымаць гатоўку з банкаўскіх картак, асьцярожна дзеляцца досьведам жыхары Бярдзянску. Курс у так званых «абменьніках» — 1 да 1,65. Аднак разьлічыцца грыўнямі ў горадзе немагчыма. Бярдзянцы кажуць, што грыўні не прымаюць ні ў крамах, ні ў грамадзкім транспарце.
«Яны (акупанты. — РС) увялі штраф 5000 рублёў, калі хтосьці прымае ў краме ці аўтобусе грыўні. Словам, не абышлося без запалохваньня. Спачатку было шмат сварак, людзі патрабавалі прыняць аплату ў грыўнях. Але прадаўцы і кіроўцы баяцца штрафаў», — сказаў адзін з суразмоўцаў.
Акупацыйныя ўлады прапанавалі бярдзянцам здаць грыўні ў расейскія банкі і абмяняць іх на рублі па вызначаным курсе. Цяпер абарачэньне рублёў у горадзе адбываецца ў асноўным за кошт расейскіх сацыяльных выплат.
«Пэнсіянэры ў банку ці на пошце атрымліваюць пэнсію ў памеры 10 тысяч рублёў. Маці атрымліваюць дапамогу на дзяцей па 4 тысячы рублёў. У большай колькасьці атрымліваюць (выплаты ў рублях. — РС) усе, каму належыць, бо трэба выжываць. Цэны ў чатыры разы вышэйшыя, чым да вайны. Людзям, якія засталіся бяз працы, дапамагаюць бацькі-пэнсіянэры, якія атрымліваюць гэтыя грошы (ад акупацыйнай улады). І такое практыкуецца», — расказаў адзін зь мясцовых жыхароў.
Некаторыя жыхары, якія атрымліваюць расейскія выплаты, мяняюць рублі на безнаяўныя грыўні і адпраўляюць іх на дапамогу Узброеным сілам.
Бярдзянцы скардзяцца, што выжываць у горадзе становіцца ўсё цяжэй і маральна, і матэрыяльна.
«Цэны касьмічныя, асартымэнт тавараў, як у вёсцы, далёкай ад гораду. Тавар дзіўны, крэм без абгорткі і назвы. Хто ведае, што купляеш, як „ката ў мяшку“. Нейкія невядомыя фірмы, мы баімся іх купляць. Сардэлькі бяз смаку», — расказала мясцовая жыхарка.
Што вядома пра выбухі
Усё часьцей у Бярдзянску паведамляюць аб гуках, падобных на выбухі. 8 лютага шэраг тэлеграм-каналаў, а таксама Бярдзянская вайсковая адміністрацыя паведамілі аб выбухах у цэнтры гораду. Імаверна, спрацавала расейская СПА, а бярдзянцы пераконвалі, што бачылі пажар на палігоне ў вёсцы Навапятроўка.
«Расейскія акупанты казалі, нібыта гэта самалёт пераходзіў гукавы бар’ер. Але мы ў курсе, што пры гэтым адбываецца „воплеск“, а гэта быў выбух. Праўды мы так і не даведаліся. На палігоне часта, да 20 разоў, здараецца, нешта выбухае. Вядома ж, прызнаць, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны іх «падсмажылі», ім нязручна, яка мінімум. То яна адмоўчваюцца або кажуць, што гэта яны самі нешта падрываюць, або вучэньні, або яшчэ нейкая хлусьня», — паведаміў яшчэ адзін суразмоўца Свабоды.
У Бярдзянску шмат як расейскіх вайскоўцаў, так і іхных сем’яў.
«Яны ходзяць у цывільным са сваімі жонкамі па крамах, іх відаць і чуваць. Увогуле іх вельмі шмат у горадзе. Шмат дагестанцаў і чачэнцаў. У вайсковай форме яны ўсе з аўтаматамі. У цэнтры шмат курсуюць, стаяць і прыглядаюцца да людзей», — расказалі жыхары Бярдзянску.
Нягледзячы на год акупацыі, бярдзянцы, якія застаюцца ў горадзе, вераць, што ўкраінскае войска іх выхваліць. Але гаварыць пра гэта баяцца.
«Чаму баяцца гаварыць? Бо могуць „зьліць“ цябе і паедзеш „на падвал“ за такія размовы. Цяжка давяраць нават суседзям. Размовы такія адбываюцца шэптам на кухні. Але я чула нават пад банкам ад пэнсіянэркі: „Вось прыйдуць нашы ды гэты беспарадак скончыцца“», — падзялілася адна з жыхарак Бярдзянску.
Улічваючы ваенныя дзеяньні і акупацыю Расеяй паўднёвай часткі Ўкраіны, рэдакцыя ня можа атрымаць афіцыйнага пацьверджаньня зробленых заяваў або самастойна праверыць іх.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.