Пры гэтым у Вялікай Брытаніі заўважылі, што Ўкраіна працягвае цярпець вялікія страты ад расейскіх ракетных атак.
Брытанскае Міністэрства абароны заявіла, што за апошнія два тыдні Расея, пэўна, зазнала самы высокі ўзровень страт зь першага тыдня маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, якое адбылося амаль год таму, піша «Голас Амэрыкі».
Назіраньне міністэрства заснавана на дадзеных Украіны аб тым, што за апошні тыдзень з расейскага боку штодня гінулі ў сярэднім 824 чалавекі, што больш як у чатыры разы перавышае сярэдні паказчык за чэрвень і ліпень. У міністэрстве заявілі, што статыстыка грунтуецца на «падобных на дакладныя» ўкраінскіх дадзеных.
Рост расейскіх страт, заявіла міністэрства, «падобна, абумоўлены» некалькімі фактарамі, у тым ліку нястачай падрыхтаванага пэрсаналу, каардынацыі і рэсурсаў на фронце.
У абноўленай інфармацыі выведкі Вялікай Брытаніі, апублікаванай у Twitter, таксама гаворыцца, што ва Ўкраіне працягвае назірацца высокі ўзровень скарачэньня электраэнэргіі. Падчас свайго начнога відэазвароту ў нядзелю прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі высока ацаніў намаганьні працоўных у аднаўленьні энэргасыстэм, пашкоджаных бесьпілётнікамі і ракетнымі атакамі Расеі 10 лютага.
Зяленскі сказаў, што большасьці людзей не даводзілася сутыкацца зь вялікай колькасьцю адключэньняў у суботу і нядзелю.
«Сам факт, што ... пасьля інтэнсіўнага ракетнага ўдару на гэтым тыдні мы можам правесьці такія мірныя энэргетычныя дні, сьведчыць аб прафэсіяналізьме нашых энэргетыкаў, — сказаў ён. — Трэба разумець: гэта яшчэ не рашучая перамога на энэргетычным фронце. На жаль, могуць быць новыя тэракты з боку Расеі. Могуць быць новыя абмежаваньні, калі будуць далейшыя разбурэньні або рост спажываньня».
Зяленскі заявіў, што плянавыя адключэньні электраэнэргіі зноў адбудуцца, калі працоўны тыдзень пачнецца, паведамляе Reuters.
У Харкаве, другім па велічыні горадзе Ўкраіны, адзін чалавек быў паранены ў выніку падзеньня трох расейскіх ракет С-300 на аб’екты інфраструктуры ўначы, паведаміў кіраўнік адміністрацыі Алег Сінягубаў. Расейскія вайскоўцы заявілі, што пацэліілі ў цэхі па зборцы бранятэхнікі на машынабудаўнічым заводзе імя Малышава.
Украінскія вайскоўцы заявілі, што ў 11 лютага ўвечары яны зьбілі пяць расейскіх бесьпілётнікаў над часткова акупаванымі Запароскай і Данецкай абласьцямі.