Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камісія ў справе „зьбеглых“ — гэта сумесь таварыскага суду і сталінскай „тройкі“», — правазнаўца Дзяйкала


Шыльда Генэральнай пракуратуры Беларусі, кіраўнік якой узначаліў камісію па вяртаньні палітэмігрантаў
Шыльда Генэральнай пракуратуры Беларусі, кіраўнік якой узначаліў камісію па вяртаньні палітэмігрантаў

Экспэртка ў сфэры міжнароднага права, кандыдат юрыдычных навук Кацярына Дзяйкала аналізуе ўказ Лукашэнкі пра «зьбеглых», разважае пра «рэвалюцыйную неабходнасьць» беларускага правасудзьдзя і адзначае «маніякальнае жаданьне» ўлады выконваць пэўныя фармальнасьці ва ўмовах поўнага беззаконьня.

Сьцісла:

  • Зь юрыдычнага гледзішча ўказ Лукашэнкі — прававы нонсэнс. Гэта не заканадаўства, гэта «рэвалюцыйная неабходнасьць».
  • Бальшавіцкая лёгіка: права ўспрымаецца як адзін з інструмэнтаў, якія абслугоўваюць уладу.
  • Той факт, што павінна быць публічнае «пакаяньне», — гэта відавочны элемэнт прыніжэньня чалавечай асобы, яны хочуць зламаць і растаптаць чалавека.
  • З аднаго боку, поўнае беззаконьне, але зь іншага — амаль маніякальнае жаданьне выконваць пэўныя фармальнасьці.

— 6 лютага Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, што знаходзяцца за мяжой, па пытаньнях зьдзяйсьненьня імі правапарушэньняў». Паводле ўказу, створана камісія, якая будзе разглядаць заявы тых асобаў, «якія ўчынілі ў пэрыяд з 1 студзеня 2020 году да ўступленьня ў сілу гэтага ўказу адміністрацыйныя правапарушэньні або злачынствы пратэставай скіраванасьці, асьцерагаюцца вяртаньня ў краіну ў сувязі з магчымым дачыненьнем да зьдзяйсьненьня такіх правапарушэньняў, злачынстваў».

Адразу ўзьнікае заканамернае пытаньне: хто да суду мае права вырашаць, што грамадзянін «учыніў злачынства альбо правапарушэньне»? Як гэта гучыць зь юрыдычнага гледзішча, з гледзішча нават спэцыфічнай беларускай прававой сыстэмы?

— Трэба адразу сказаць, што зь юрыдычнага гледзішча гэты ўказ Лукашэнкі — прававы нонсэнс. Фармальна гэта нарматыўна-прававы акт, але, пачынаючы з назвы, мы бачым, што гэта не прававыя канструкцыі. Па-першае, сама назва — нонсэнс. Чаму ў адносінах да грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, трэба нейкая асаблівая, адрозная ад астатніх, юрыдычная форма?

Кацярына Дзяйкала
Кацярына Дзяйкала

Само ўтварэньне камісіі — гэта нейкая сумесь таварыскага суду і сталінскай «тройкі». Камісія будзе прымаць рашэньні пра вінаватасьць тых ці іншых грамадзян? То бок яна замяняе сабою суд? У любым выпадку гэта юрыдычны нонсэнс. Бо ці ўчыніў чалавек злачынства — можа вырашыць толькі суд, спыніць справу па тых ці іншых абставінах могуць сьледчыя дзяржаўныя органы. Камісія не зьяўляецца ні тым, ні другім.

— У савецкай рэчаіснасьці былі ўжо тыя «тройкі» ў 1930-я гады, якія мелі паўнамоцтвы хутка вырашаць лёс чалавека — але савецкае заканадаўства нейкім чынам было зьменена, каб даць ім такія паўнамоцтвы. Цяперашняя «камісія» можа працаваць без прыняцьця нейкіх зьменаў у законы? На якой юрыдычнай базе грунтуецца яе стварэньне?

— Гэта канцэпцыя «рэвалюцыйнай неабходнасьці», якая зьявілася пасьля перамогі бальшавікоў і потым пераўтварылася спачатку ў «рэвалюцыйную законнасьць», а потым у «сацыялістычную законнасьць». То бок «мэта апраўдвае сродкі», бо робім рэвалюцыю, потым — будуем камунізм, сьветлую будучыню.

І тут, у сёньняшняй Беларусі, тое самае. Гэта бальшавіцкая лёгіка, дзе права ўспрымаецца як адзін з інструмэнтаў, якія абслугоўваюць уладу.

Што да юрыдычнага складніка, то ў Беларусі ўказы прэзыдэнта вышэйшыя за законы, прынятыя «парлямэнтам». Гэта існуе даўно і зьяўляецца складовай часткай цяперашняй «прававой сыстэмы».

Да таго ж гэтая камісія — ня суд, не юрыдычная інстанцыя. Яна будзе разглядаць, каму «варта» дараваць, і будзе «рэкамэндаваць» органам гэтаму чалавеку дараваць ягоныя «злачынствы». То бок юрыдычнае рашэньне будзе фармальна прымаць суд ці сьледзтва, а камісія толькі «рэкамэндуе». І яны скажуць: «Мы ж ня суд, мы прысудаў не выносім, мы проста раім». У іх жа мазаічнае мысьленьне.

— Цікавая таксама фармулёўка: «злачынствы пратэставай накіраванасьці». Таксама нейкае новае слова ў юрыспрудэнцыі.

— Так, магчыма, генпракурор Швед напіша пра гэта чарговую кнігу. Але што ў сусьветнай тэорыі крымінальнага права, што ў беларускім Крымінальным кодэксе няма такой катэгорыі, гэта зноў-такі нейкая новая канструкцыя. І фармулёўка ў іх зноў вельмі незвычайная: «грамадзяне, якія ўчынілі злачынствы», але «асьцерагаюцца вяртацца ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасьцю да злачынства».

— То бок тут фактычна заклік самім прызнацца ў сваіх «злачынствах». Як у той самай савецкай практыцы 1930-х гадоў — «прызнаньне — гэта царыца доказаў».

— Так, паводле той самай лёгікі, калі права — гэта інструмэнт, які абслугоўвае ўладу. Прызнаўся — і ўсё, гэтага дастаткова. Бо прызнаньне можна выбіць, а доказы трэба зьбіраць, нешта абгрунтоўваць, нешта даводзіць.

— Пры гэтым у беларускай праваахоўнай сыстэме яны раней усё ж фармальна хваляваліся пра «доказы». Міліцыянты выступалі лжэсьведкамі, пісалі пратаколы, што затрымлівалі людзей — хоць часам адбывалася гэта зусім у іншым месцы, і затрымлівалі часам зусім іншыя людзі. То бок выкананьне юрыдычных і прававых фармальнасьцяў ім заўсёды было важна.

— Так, гэта зноў-такі мазаічная штука. З аднаго боку, поўнае беззаконьне, але зь іншага — амаль маніякальнае жаданьне выконваць пэўныя фармальнасьці. Суды нярэдка накіроўвалі на дапрацоўку пратаколы, якія былі няправільна аформленыя, зь нейкіх фармальных прычын. Кагосьці не апыталі, хтосьці не падпісаў. Загадзя ўсё зразумела, які будзе прысуд — але ім трэба вытрымаць фармальную працэдуру.

— Як тыя людзі, на якіх будзе накіраваная дзейнасьць камісіі, могуць адрэагаваць на яе стварэньне? Тэарэтычна некаторыя маглі б «паверыць» уладзе, калі б яна спыніла рэпрэсіі і сказала б: «Вяртайцеся». Але ж рэпрэсіі не спыняюцца. Саджаюць і тых, хто ўжо вярнуўся на працягу апошніх месяцаў. Хто на такім палітычным фоне падасьць заявы ў гэтую камісію?

— Яны ня могуць спыніць рэпрэсіі зараз, бо машына запушчаная і працуе на захаваньне ўлады. Гучаць меркаваньні, што стварэньне гэтай камісіі накіраванае на замежных спажыўцоў. Я тут ня згодная. Хто там «купіцца» на гэтую юрыдычную «пачварку»? Нейкую амністыю яшчэ можна было б «прадаць».

Людзі, якіх яны грэбліва называюць «зьбеглымі» — яны па-за законам, яны для іх чужыя. Той факт, што павінна быць публічнае «пакаяньне» — гэта відавочны элемэнт прыніжэньня чалавечай асобы. Яны хочуць зламаць і растаптаць чалавека. Паспрабуюць паказаць, «хто ў доме гаспадар».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG