Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ты ня бойся, мы цябе не балюча зарэжам». Што Лукашэнка разумее пад «крокамі насустрач беглым»


Барыс Ельцын, Франсіска Франка (ззаду), Касым Жамарт Такаеў, Аляксандар Лукашэнка. Каляж
Барыс Ельцын, Франсіска Франка (ззаду), Касым Жамарт Такаеў, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Рэпрэсіі — ці не адзінае, у чым Лукашэнка ўсё яшчэ адчувае сябе самадзержцам, паўнаўладным і нікому не падкантрольным тыранам у Беларусі. Менавіта таму яны не спыняюцца і становяцца ўсё больш жорсткімі.

Пра міласэрнасьць, паблажлівасьць да палітычных супернікаў, патрэбу дараваць ворагам, якія «спатыкнуліся і заблудзіліся», Лукашэнка гаворыць надзвычай рэдка. За апошнія гады можна прыпомніць хіба што дзьве ягоныя рэплікі. Апошні раз — на праваслаўныя Каляды, перад амбонам Сьвята-Елізавецінскага манастыра ў Менску, калі ён, запальваючы сьвечку, павучаў чыноўнікаў і сьвятароў:

«Настаў час, калі мы, прадстаўнікі ўлады, і вы павінны зрабіць крок насустрач гэтым людзям, якія памыліліся... Я ўпэўнены, што сярод і тых зьбеглых, і тых, якія жывуць сёньня ў нас, людзі, якія глыбока пакаяліся, зразумелі, што памыліліся. Яны не павінны быць выкінутыя на ўзбочыну».

Адметна тут тое, што гэтыя поўныя хрысьціянскай міралюбнасьці і пакоры словы прамаўляліся ў той самы момант, калі на другім канцы Менску ў жалезнай клетцы судзілі нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, адмаўляючыся пры гэтым у якасьці жэсту гуманнасьці хоць бы зьняць зь ягоных рук жалезныя кайданкі; калі ва ўсіх кутках Беларусі ашалелы ад бескантрольнасьці і беспакаранасьці ГУБАЗіК працягваў свае апрычніцкія рэйды па кватэрах ні ў чым не вінаватых людзей, ламаючы дзьверы і чалавечыя хрыбты; калі затрыманым за камэнтар, рэпост, «падабайку» людзям псэўдасуды выносілі выракі, як за ўзброенае рабаўніцтва ці спробу згвалтаваньня — па 5, 8, 10 гадоў турмы.

Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч у судзе за кратамі ў ў кайданках. Менск, 5 студзеня 2023
Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч у судзе за кратамі ў ў кайданках. Менск, 5 студзеня 2023

Папярэдні раз Лукашэнка абяцаў праявіць міласэрнасьць і дараваньне ў адносінах да сваіх палітычных супернікаў мінулай восеньню, у верасьні. Памятаеце, якія спадзевы нарадзіліся ў многіх палітвязьняў і іхных сваякоў, калі ён раптам заявіў:

«Калі гэтыя людзі раскаяліся, сталі на шлях выпраўленьня, цалкам загладзілі сваю віну, да іх можна праявіць ласку». «Ёсьць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова... Часам і перагібы дапускаюцца з боку нашых прыхільнікаў: „Усіх мачыць, саджаць і гэтак далей“. Ведаеце, адзінства ў грамадзтве гэта ніколі не дабаўляла».

Колькі ілюзій узьнікла пасьля гэтых словаў у спакутаваных чаканьнем і няпэўнасьцю людзей. Абяцаная Лукашэнкам амністыя ўрэшце была праведзена, але ў выніку яе на свабоду ня выйшаў НІВОДЗІН палітвязень.

Сьледчы ізалятар №1 ГУУС Менска, архіўнае фота
Сьледчы ізалятар №1 ГУУС Менска, архіўнае фота

У абодвух выпадках за патаснымі словамі аб прымірэньні і дараваньні не стаяла нічога, апроч крывадушнасьці і блюзьнерства.

«Ты ня бойся, мы цябе не балюча зарэжам. Чык — і ты ўжо на нябёсах», — супакойваў верхавод бандытаў «Гарбаты» міліцэйскага шпіёна Шарапава ў культавым савецкім кінафільме «Месца сустрэчы зьмяніць нельга».

Міласэрнасьць па-бандыцку — яна такая: як пісалі калісьці ў пратаколах савецкія сьледчыя, «з асаблівым цынізмам». Калі Лукашэнка пасьля ўсяго, што адбылося, наважыцца і трэці раз гаварыць што-небудзь пра «крокі насустрач зьбеглым», гэта ўжо, напэўна, ня выкліча нічога, апроч рогату. Чалавек, які адной рукой жагнаецца на абразы ў царкве, а ў другой трымае кайданкі і гумавую дубіну, на іншую рэакцыю наўрад ці можа разьлічваць.

«Дастойны плод пакаяньня»

Пра тое, што ў сапраўднасьці меў на ўвазе Лукашэнка, калі казаў на Раство пра «крокі насустрач беглым», часткова можна здагадацца зь нядаўняга выступу на дзяржаўным тэлеканале СТБ Лукашэнкавага «сэнатара» Алега Дзьячэнкі.

Спрабуючы вытлумачыць словы Лукашэнкі, Дзьячэнка сказаў, што дзеля таго, каб вярнуцца на радзіму, «беглыя» павінны «сатварыць дастойны плод пакаяньня». У перакладзе з царкоўнаславянскай на мову сёньняшняга беларускага чынавенства гэта азначае прыблізна тое ж, пра што Лукашэнка казаў год таму, у студзені 2022-га:

«Мая вам парада: дамоў, кайцеся і станавіцеся на калені! Далей будзе горш. Таму дамоў, на каленях, паўзком».

Паводле вэрсіі Дзьячэнкі, «беглыя» перад тым, як вярнуцца, павінны «правесьці мітынгі ў Варшаве, Вільні, іншых заходніх дзяржавах» за адмену санкцый, уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі. А ўжо потым яны, чыноўнікі, у залежнасьці ад эфэктыўнасьці праведзеных акцый, «далей паглядзяць».

«Па пладах іхных пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць зь церняў вінаград або зь дзядоўніку смоквы? (Мацьвея, 7:16)» — спосаб распазнаньня крывадушных ілжэпрарокаў, выкладзены ў Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста, застаецца актуальным.

Словы Лукашэнкі і ягоных лёкаяў аб прымірэньні і вяртаньні палітэмігрантаў ня значаць абсалютна нічога да таго часу, пакуль за імі няма ніякіх рэальных учынкаў.

«Паставіцца да людзей з дараваньнем»

Беларусь ня першая і не апошняя краіна, якая прайшла праз паласу грамадзянскага супрацьстаяньня, у выніку якога рэжым, што здолеў утрымаць уладу, вымушаны клапаціцца пра ўсталяваньне спакою і згоды ў наэлектрызаваным грамадзтве. Але вырашалі і вырашаюць гэту праблему вельмі па-рознаму. Адметны ў гэтым сэнсе нядаўні досьвед Казахстана.

Адміністрацыйны будынак, спалены падчас пратэстаў у Казахстане. Кызыларда, 7 студзеня 2022
Адміністрацыйны будынак, спалены падчас пратэстаў у Казахстане. Кызыларда, 7 студзеня 2022

Амаль усе памятаюць студзень 2022-га ў гэтай краіне: масавыя пратэсты, палаючыя будынкі, разгул марадэраў, узаемны гвалт... І вось мінула зусім ня шмат часу, а прэзыдэнт Касым Жамарт Такаеў выступае з наступнай ініцыятывай:

«Некаторыя з тых, якія парушылі закон, ужо асэнсавалі сваю віну і раскаяліся ў сваіх мінулых учынках. Я думаю, што лепш ставіцца да іх з дараваньнем. Таму я прыняў рашэньне абвесьціць адначасную амністыю ўдзельнікам студзеньскіх падзеяў».

Тут важныя дзьве акалічнасьці. Па-першае, з гэтай ініцыятывай прэзыдэнт Такаеў выступіў у канцы жніўня 2022 года — усяго праз сем месяцаў пасьля студзеньскай рэвалюцыі, якую ўлады палічылі патрэбным называць не «мяцяжом», не «паўстаньнем» і не «беспарадкамі», а палітычна нэўтральна — «студзеньскімі падзеямі». Ужо 2 лістапада 2022 года быў падпісаны закон аб амністыі — і на свабоду выйшлі каля паўтары тысячы палітвязьняў.

Машыны спаленыя пратэстоўцамі ў Алматы. 6 студзеня 2022
Машыны спаленыя пратэстоўцамі ў Алматы. 6 студзеня 2022

Па-другое, «студзеньскія падзеі» 2022 года ў Казахстане — гэта не «аксамітная рэвалюцыя» з балёнікамі, кветкамі, сьпяваньнем песьняў і разуваньнем перад тым, як стаць на лаўку. Гэта былі жорсткія сутыкненьні з паліцыяй, марадэрства, захоп аэрапортаў, падпалы ўрадавых будынкаў, у тым ліку спаленыя мэрыя і былая рэзыдэнцыя прэзыдэнта ў Алматы. І ўсё гэта даравалі дзеля згоды ў грамадзтве.

У ідэале так і павінна адбывацца ў краінах, якія дбаюць пра рэальную стабільнасьць: не зацягваць насьпелыя рашэньні на доўгія гады, імкнуцца хутка загаіць былыя раны, аднавіць спакой у грамадзтве, залагодзіць крыўды. Такім шляхам, дарэчы, ішла і Расея ў чачэнскім крызісе ў 90-я гады. Першая амністыя для ўдзельнікаў чачэнскага ўзброенага супраціву была абвешчана Дзярждумай Расеі яшчэ 13 сьнежня 1994 года, усяго праз два дні пасьля ўводу расейскіх войскаў у Чачэнію. А ўсяго падобных амністый у Расеі падчас прэзыдэнцтва Ельцына і раньняга Пуціна было каля дзясятка.

Лукашэнка ў адносінах да сваіх палітычных супернікаў так ніколі не рабіў. Гэта супярэчыць ягонай натуры, ягонай унутранай сутнасьці — помсьлівай і злапамятнай. У апошнія два з паловай гады гэта асабліва заўважна. Выглядае, што ён знаходзіць нават нейкую асалоду, асаблівае задавальненьне ад свайго статусу гэткага цалкам расьперазанага тырана; яго забаўляе спаборніцтва з Пуціным, «хто больш таксычны». Рэпрэсіі — ці не адзінае, у чым ён яшчэ адчувае сябе самадзержцам, паўнаўладным тыранам, дзе ён адзіны гаспадар і вяршыцель людзкіх лёсаў. Бо ў іншых галінах — і ў эканоміцы, і ў вонкавай палітыцы, і ў абараназдольнасьці — ад былога самаўладзьдзя не засталося і сьледу. Можа, менавіта таму палітычныя рэпрэсіі і не спыняюцца.

У чаканьні «Пакту аб забыцьці»

Адметнасьць беларускай сытуацыі ў тым, што аўтарытарызм у краіне расьцягнуўся на доўгія тры дзесяцігодзьдзі. І палітычныя рэпрэсіі на працягу гэтага вялізнага пэрыяду цалкам ніколі не спыняліся: яны то заціхалі да ўзроўню адміністрацыйных затрыманьняў, штрафаў і параўнальна мяккіх прысудаў, то разгараліся да палітычных зьнікненьняў і забойстваў (як у канцы 90-х) ці масавых катаваньняў і жорсткага крымінальнага перасьледу за самую малую праяву іншадумства (як адбываецца цяпер).

Адмаўленьне ад гэтай таталітарнай спадчыны і пераход да дэмакратыі наўрад ці будуць хуткімі і простымі. Надта шмат узаемных крыўдаў, абвінавачаньняў, фобіяў назьбіралася за доўгія дзесяцігодзьдзі; надта доўгі шлейф злачынстваў цягнецца за тысячамі асобаў, якія ажыцьцяўляюць уладу ў краіне і нікуды ў адно імгненьне не падзенуцца, — нават калі дыктатар аднойчы памрэ ці зьнікне яшчэ пры жыцьці якім-небудзь іншым чынам. Нешта падобнае адбывалася ў Гішпаніі пасьля падзеньня дыктатуры.

Гішпанскі дыктатар Франсіска Франка. Бургас, 1938
Гішпанскі дыктатар Франсіска Франка. Бургас, 1938

Каўдыльлё Франсіска Франка кіраваў дыктатурай у Гішпаніі ажно 39 гадоў. На той час, калі ён паміраў у страшных пакутах у лістападзе 1975-га, выбудаваны ім рэжым абрыд, здавалася, ужо амаль усім гішпанцам. Заходняя Эўропа ў той час будавала рынкавую эканоміку і супольнасьць дэмакратычных дзяржаў, а на захад ад Пірэнеяў захоўваўся замшэлы ізаляваны ад цывілізацыі дыктатарскі рэжым — з тысячамі палітычных вязьняў, рэпрэсіўнымі законамі, дзясяткамі тысяч палітычных выгнаньнікаў і адсутнасьцю дэмакратычных свабодаў.

Тое, што патрэбны дэмантаж фашысцкага рэжыму і дэмакратычныя пераўтварэньні, разумелі амаль усе, тут у грамадзтве фактычна быў кансэнсус. Але адначасова існавала вялікая асьцярога: як бы хуткія пераўтварэньні не справакавалі новы грамадзянскі канфлікт. Адна справа — вызваліць усіх нявінна асуджаных, рэабілітаваць расстраляных, вярнуць тых, хто вымушаны быў уцякаць. А што рабіць з тымі дзясяткамі і сотнямі тысяч, якія самі арыштоўвалі, выганялі, катавалі, выносілі беспадстаўныя прысуды?

Мясцовыя рабочыя загружаюць статую былога іспанскага дыктатара Франсіска Франка, апошнюю статую, якая заставалася ў Гішпаніі, 2021
Мясцовыя рабочыя загружаюць статую былога іспанскага дыктатара Франсіска Франка, апошнюю статую, якая заставалася ў Гішпаніі, 2021

Пасьля некаторага роздуму гішпанскія эліты (і правыя, і левыя) дамовіліся прыняць «Пакт аб забыцьці» — спробу пакінуць ззаду мінуўшчыну і засяродзіцца на будучыні. Каб забясьпечыць паступовы і небалючы пераход да дэмакратыі,

Аўтары Пакту гарантавалі адсутнасьць судовага перасьледу вінаватых у злачынствах дыктатуры. Складаныя пытаньні нядаўняй мінуўшчыны вырашана было проста адкласьці на потым, не засяроджвацца на іх, каб не парушыць грамадзянскі мір. Адказнасьць за грамадзянскую вайну і за наступныя палітычныя рэпрэсіі дамовіліся да пары да часу не ўскладаць ні на адну з палітычных сілаў.

Спачатку — амністыя, а потым — разбор гістарычных крыўдаў

«Пакт аб забыцьці» праз два гады пасьля сьмерці дыктатара, у 1977 годзе, увасобіўся ў Закон аб палітычнай амністыі. Дзясяткі тысяч людзей атрымалі магчымасьць вярнуцца на радзіму, з соцень тысяч былі зьнятыя абсурдныя абвінавачаньні. Гішпанія далучылася да сям’і эўрапейскіх нацый: праз 10 гадоў пасьля падзеньня дыктатуры яна ўступіла ў Эўразьвяз. Гішпанцы ўпершыню за многія дзесяцігодзьдзі атрымалі магчымасьць свабодна выказваць уласныя думкі, выбіраць сабе ўладу.

Сваякі памерлага іспанскага дыктатара Франсіска Франка нясуць труну пасля эксгумацыі ў Valle de los Caidos (Даліна загінуўшых) у Сан-Ларэнца-дэ-Эль-Эскарыял, Іспанія, 24 кастрычніка 2019
Сваякі памерлага іспанскага дыктатара Франсіска Франка нясуць труну пасля эксгумацыі ў Valle de los Caidos (Даліна загінуўшых) у Сан-Ларэнца-дэ-Эль-Эскарыял, Іспанія, 24 кастрычніка 2019

Але стрэмка ў целе гішпанскага грамадзтва заставалася. Франкісцкія кáты (спэцслужбы, сьледчыя, судзьдзі), па сутнасьці, не панесьлі ніякай адказнасьці. Былыя палітвязьні і былыя іхныя турэмнікі хадзілі па адных і тых жа вуліцах, сядзелі ў адных і тых жа кавярнях. Стваральнікі Пакту аб забыцьці разьлічвалі, што праблема паступова вырашыцца сама сабой — натуральным чынам, шляхам зьмены пакаленьняў. Ня вырашылася. І праз дваццаць, і праз трыццаць гадоў новыя дэмакратычныя ўрады раз-пораз вымушаны былі вяртацца да франкісцкага пэрыяду. Сваякі і блізкія тых, хто быў пакараны сьмерцю ці зьнік бяз зьвестак пры дыктатуры, патрабавалі справядлівага суду над вінаватымі. І ўвесь час зьяўляліся новыя законы: напрыклад, у 2004 годзе — «Аб гістарычнай памяці» (закон прызнаў незаконнымі многія судовыя выракі эпохі Франка, адмяніў шэраг франкісцкіх законаў, абавязаў выдаліць рэшту франкісцкіх сымбаляў з грамадзкіх будынкаў).

Але старыя раны вострага грамадзкага супрацьстаяньня не загоеныя і цяпер, амаль праз паўстагодзьдзя пасьля сьмерці дыктатара. У ліпені 2022 года парлямэнт Гішпаніі прыняў закон, якім прадугледжаны пошук больш як 110 тысяч зьніклых бяз зьвестак падчас грамадзянскай вайны, а таксама выплаты дзяржаўных кампэнсацый ахвярам франкісцкага рэжыму. А парэшткі дыктатара больш як сорак гадоў заставаліся ў самым пачэсным нэкропалі краіны — у базыліцы ў Даліне паўшых герояў. Перапахаваны Франка на звычайных муніцыпальных могілках Мадрыду толькі ў 2019 годзе. Аднаўленьне гістарычнай праўды і справядлівасьці бывае вельмі расьцягнутым у часе...

Нешта падобнае, верагодна, можа адбывацца пасьля падзеньня дыктатуры і ў Беларусі. Шлях да свабоды бывае доўгім і цяжкім. Асабліва там, дзе несвабода панавала многія дзесяцігодзьдзі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG