Пракурор запатрабаваў 12 гадоў калёніі ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Бяляцкаму

Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч у судзе. Менск, 5 студзеня 2023. Каляж
Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч у судзе. Менск, 5 студзеня 2023. Каляж

Уладзімеру Лабковічу пракурор просіць 9 гадоў зьняволеньня, Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў, Дзьмітрыю Салаўёву, які знаходзіцца за мяжой, — 10 гадоў зьняволеньня.

Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году.

У судзе Ленінскага раёну Менску працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага і ягоных калег-праваабаронцаў Уладзімера Лабковіча і Валянціна Стэфановіча. Таксама завочна судзяць вясноўца Дзьмітрыя Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой.

Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).

Справу вясноўцаў разглядае судзьдзя Марына Запасьнік.

9 лютага адбыліся спрэчкі бакоў. Паводле «Вясны», пракурор Аляксандр Кароль запрасіў фігурантам справы «Вясны» наступныя тэрміны:

  • Алесю Бяляцкаму — 12 гадоў зьняволеньня,
  • Уладзю Лабковічу — 9 гадоў зьняволеньня,
  • Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў зьняволеньня,
  • Дзьмітрыю Салаўёву — 10 гадоў зьняволеньня.

9 лютага у судовых спрэчках з прамовамі выступілі абаронцы Валянціна Стэфановіча і Алеся Бяляцкага, адвакат Уладзі Лабковіча. Заўтра плянуецца заслухаць яшчэ аднаго абаронцу Уладзя і прызначаных сьледзтвам адвакатак Зьмітра Салаўёва, а таксама рэплікі. Магчыма, заўтра заслухаюць апошнія словы праваабаронцаў.

Суд працягнецца 10 лютага ў 10:30.

  • Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году. Гэта 553 дні.
  • У крымінальнай справе 283 тамы. Гэта рэкордныя лічбы для палітычных спраў у Беларусі.
  • На азнаямленьне з крымінальнай справай абвінавачаным далі месяц. Алесь Бяляцкі заявіў, што не пасьпеў азнаёміцца з 70 тамамі справы. Але суд палічыў, што месяца было дастаткова на гэта.
  • У справе праходзяць каля 100 сьведак.
  • У межах крымінальнай справы вясноўцаў было праведзена 120 ператрусаў.
  • За адно паседжаньне ў судзе заслухалі 27 тамоў крымінальнай справы.
  • Мытнікі заявілі, што нібыта з 2011 па 2021 год «у інтарэсах „Вясны“» ў Беларусь было ўвезена 2 мільёны даляраў. Крымінальная адказнасьць за ўвоз наяўных грошай у буйным памеры без дэкляраваньня была ўведзена ў Беларусі толькі ў 2016 годзе, таму ў крымінальнай справе фігуруе сума каля 250 тысяч даляраў за гэты пэрыяд. «Невядома, адкуль узяліся такія лічбы і як абвінавачаньне будзе пацьвярджаць іх», — пісала «Вясна».
  • Праваабаронцам пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі

​
XS
SM
MD
LG