Ва Ўкраіне выпусьцілі канвэрт і марку, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму. ФОТА

Канвэрт у гонар Алеся Бяляцкага з маркай з нацыянальным гербам Беларусі, выпушчаныя ва Ўкраіне
Канвэрт у гонар Алеся Бяляцкага з маркай з нацыянальным гербам Беларусі, выпушчаныя ва Ўкраіне

У 2022 годзе Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. Украінская пошта ўганаравала беларускага дзеяча выпускам адмысловай прадукцыі.

Ва Ўкраіне выпусьцілі адмысловы канвэрт, прысьвечаны нобэлеўскаму ляўрэату прэміі міру Алесю Бяляцкаму. Адначасна выйшла і марка, прысьвечаная Беларусі ў сувязі з нобэлеўскім уганараваньнем беларускага праваабаронцы, піша Радыё Рацыя.

Ініцыятарам выданьня канвэрта і маркі стаў Уладзімір Ханас, грамадзкі дзеяч зь Цярнопалю. Ён адзначыў, што марку зь Бяляцкім вырашылі зрабіць разам з маркай, прысьвечанай украінскім ляўрэатам. Гэта адбылося праз тое, што ўлада ў Беларусі належыць сілам, якія выступаюць супраць Украіны.

«ААН практычна нічога ня робіць у напрамку падтрымкі беларусаў. Гэта яшчэ адзін аргумэнт на карысьць рэфармаваньня ААН. Ну, і ў беларусаў менш рэсурсаў. Таму, рыхтуючы спэцыяльныя канвэрты да атрыманьня Нобэлеўскай прэміі міру Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў (старшыня Аляксандра Матвійчук), мы вырашылі зрабіць такі ж канвэрт для беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага».

Маркі зь беларускім нацыянальным гербам
Маркі зь беларускім нацыянальным гербам

Выбар быў невідавочны, ён стаўся «пэўным выклікам», кажа ініцыятар выданьня маркі і канвэрта.

«Ва Ўкраіне хапае патрыятычных марак, сусьветны розгалас выклікаў знакаміты „расейскі карабель“. У Беларусі такіх брэндаў няма. Таму мы вырашылі выпусьціць праект маркі зь беларускай сымболікай. Пасьля абмеркаваньняў вырашылі абраць стылізаваны варыянт адной зь першых марак незалежнай Беларусі з гербам „Пагоня“. Гэта афіцыйны плацёжны сродак — і своеасаблівы сымбаль падтрымкі і салідарнасьці зь беларускім народам. І канвэрты, і маркі зробленыя, пасьля гашэньня мы іх дашлём беларускім сябрам».

У студзені 2023 году над Алесем Бяляцкім, а таксама ягонымі паплечнікамі ў праваабарончай дзейнасьці Валянцінам Стэфановічам і Ўладзем Лабковічам праходзіць суд. Усіх трох падсудных праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі. Суд адхіліў хадайніцтвы праваабаронцаў, якія прасілі адкрыць працэс, зьняць зь іх кайданкі ў судовай клетцы і весьці працэс на беларускай мове.

​
XS
SM
MD
LG