Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта абмежаваньне права на адукацыю». Дзяцей з глыбокай разумовай адсталасьцю, якія жывуць у інтэрнатах, больш ня будуць вучыць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улетку 2022 году Міністэрства аховы здароўя выдала пастанову, якая фактычна абмяжоўвае дзяцей з інтэрнатаў з мэнтальнай паталёгіяй у праве на адукацыю. «Раней такога ня было. Гэта нейкае людаедзтва», — пракамэнтавала пастанову Свабодзе адна з настаўніц, якая працуе з такімі дзецьмі.

У ліпені 2022 году Міністэрства аховы здароўя па ўзгадненьні зь Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Міністэрствам адукацыі выдала пастанову № 79. Гэтай пастановай чыноўнікі ўстанавілі мэдычныя паказаньні і супрацьпаказаньні для атрыманьня адукацыі. Адзін з пунктаў пастановы: «Пералік мэдычных паказаньняў для асоб з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця, якія знаходзяцца ва ўстановах сацыяльнага абслугоўваньня».

Што гэта значыць? Напрыклад, дзеці з інваліднасьцю, якія маюць бацькоў і жывуць дома, па-ранейшаму змогуць атрымліваць адукацыю ў спэцыялізаваных школах, клясах, Цэнтрах карэкцыйна-разьвіцьцёвай адукацыі і рэабілітацыі. Дзеці, якія знаходзяцца ў інтэрнатах і маюць пэўныя дыягназы, ня будуць больш атрымліваць адукацыю. Міністэрства адукацыі вызначыла, што супрацьпаказаньнямі для атрыманьня адукацыі для дзяцей у інтэрнатах зьяўляюцца ў тым ліку «псыхічны разлад і разлад паводзінаў: разумовая адсталасьць (міжнародны код клясыфікацыі хваробаў F70—F79), страта слыху 2-4 ступені, глухата па Сусьветнай арганізацыі здароўя».

Пастанова набыла моц 1 верасьня 2022 году. Але да супрацоўнікаў, якія працуюць з асаблівымі дзецьмі ў інтэрнаце, яе давялі толькі нядаўна. Чыноўнікі патлумачылі, што зьмены будуць уведзеныя з 1 лютага.

«Простымі словамі гэта гучыць так: дзеці зь лёгкай і сярэдняй разумовай адсталасьцю, якія знаходзяцца ў інтэрнатах, будуць і далей атрымліваць адукацыю. Дзеці з глыбокай адсталасьцю ня будуць», — патлумачыла Свабодзе крыніца, блізкая да сацыяльнай службы і працы зь дзецьмі з інваліднасьцю.

Што гэта зьменіць у жыцьці дзяцей у інтэрнатах

Крыніца Свабоды назвала пастанову Міністэрства аховы здароўя «людаедзтвам».

«У дзяцей з інваліднасьцю, апроч дыягназу, ёсьць удакладненьне — разумовая адсталасьць трэцяй ці чацьвёртай ступені. Вось трэцюю ступень пакінулі, ім яшчэ можна будзе вучыцца. Чацьвёртай ступені — не», — патлумачыла крыніца.

Паводле суразмоўцы, цяпер такім дзецям застаецца толькі сядзець ці ляжаць у сваіх пакоях і «выжываць».

«Што тычыцца адукацыі такіх дзяцей, то тут, натуральна, не ідзе гаворкі пра паўнавартасную адукацыю. Перад такімі дзецьмі ставяцца іншыя задачы. Гэта разьвіцьцё якасьці жыцьця, сацыялізацыя, зьмена віду дзейнасьці. Дапусьцім, такіх дзяцей не навучыш пісаць ці чытаць, але можна навучыць адрозьніваць колер, форму, правесьці заняткі для паляпшэньня дробнай маторыкі. Ну ня проста ж кінуць іх так, каб яны, як бярвеньне, ляжалі ў сваіх пакоях», — зазначыла крыніца.

Суразмоўца кажа, што нават такія дзеці пры адпаведных занятках зь імі дасягалі «пэўных посьпехаў».

«Дзяцей вучылі разьбіраць ежу на смак, рабіць шнуроўку. Папросту ў іх іншая якасьць жыцьця пры адукацыі. То бок калі раней гаворка ішла пра навучаньне, цяпер — пра выжываньне», — дадала крыніца.

Па словах суразмоўцы, асноўнай мэтай заняткаў з такімі дзецьмі было падвышэньне ўзроўню агульнага разьвіцьця, фармаваньне навыкаў сацыяльнага ўзаемадзеяньня, разьвіцьцё камунікатыўных навыкаў.

Што можна зрабіць?

Пэдыятарка Мая Церакулава да нядаўняга часу працавала лекарам у Бабруйску. Яе звольнілі, цяпер яна жыве ў Польшчы. Дачка пэдыятра мае асаблівасьці разьвіцьця. Яна вучылася паводле адмысловай праграмы для такіх дзяцей.

«Я паглядзела сьпіс устаноў у гэтай пастанове, дзе дзеці з асаблівасьцямі могуць атрымаць адукацыю. Сьпіс гэты даволі вялікі. Калі ў чыноўнікаў узьнікла неабходнасьць пераглядзець пералік паказаньняў і супрацьпаказаньняў да адукацыі, то яны мусілі б неяк забясьпечыць права дзецям у інтэрнатах атрымаць адукацыю. Калі гэта чамусьці стала немагчымым у самім інтэрнаце, то арганізаваць падвоз дзяцей у Цэнтар карэкцыйна-разьвіцьцёвай адукацыі і рэабілітацыі», — лічыць лекарка.

Яна дадала, што сутыкалася са спэцыялістамі, якія працуюць у Цэнтрах карэкцыйна-разьвіцьцёвай адукацыі, і лічыць, што ў іх дастатковыя кампэтэнцыі для працы з такімі дзецьмі.

«Калі такое дзіця выхоўваецца дома, то, натуральна, маці пойдуць па інстанцыях, будуць „трэсьці паперамі“ і спасылацца на заканадаўства, каб іхныя дзеці мелі магчымасьць вучыцца. Што тычыцца інтэрнатаў, то тут цяжэй. За дзяцей мусіў бы клапаціцца дырэктар. Але бывае такое, што ён дзейнічае не ў інтарэсах дзяцей, а ў інтарэсах установы. У любым выпадку, дзяржава ўзяла на сябе функцыі клопату пра такіх дзяцей. Міністэрствы аховы здароўя і адукацыі мусяць дамовіцца неяк, каб дзеці мелі магчымасьць вучыцца», — лічыць Мая Церакулава.

Што гавораць пра новаўвядзеньне праваабаронцы

Праваабаронца Алег Граблеўскі доўгі час займаўся праблемамі людзей з інваліднасьцю ў Беларусі, быў юрыстам у «Офісе правоў людзей з інваліднасьцю». Ён азнаёміўся з пастановай і лічыць, што дакумэнт парушае Канвэнцыю аб правах інвалідаў, якую Беларусь ратыфікавала ў 2016 годзе.

«Такая сэгрэгацыя дзяцей з інваліднасьцю — справа ня сёньняшняга дня. У 2011 годзе выйшаў новы Кодэкс аб адукацыі. Паводле яго, фактычна ўсе дзеці мелі права на адукацыю, апроч тых, хто ў тэрмальнай стадыі. Потым зьмянілі кодэкс, потым выйшлі новыя пастановы», — кажа праваабаронца.

Ён лічыць, што парушэньне Канвэнцыі аб правах людзей з інваліднасьцю, абмежаваньне права на адукацыю — «частка палітыкі генацыду беларускага народу, які пасьлядоўна праводзіць беларускі ўрад».

«Пастанова накіраваная на паглыбленьне сэгрэгацыі дзяцей у інтэрнатах. Згодна з артыкулам 24 Канвэнцыі аб правах людзей з інваліднасьцю, выконваць якую абавязалася дзяржава, права людзей з інваліднасьцю на адукацыю патрабуе ад дзяржавы рэалізацыі гэтага права без дыскрымінацыі, роўнасьці магчымасьцяў, забесьпячэньня інклюзіі адукацыі на ўсіх узроўнях навучаньня. Пазбаўленьне права на адукацыю, акрамя непасрэдна дыскрымінацыі, не пакідае чалавеку, які знаходзіцца ў псыханэўралягічным інтэрнаце, нават мінімальных шанцаў стаць дзеяздольным», — выказаўся Алег Граблеўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG