Галоўчанка: санкцыі закранулі пытаньні лічбавізацыі

Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка

Абмежаваньні на продаж і абнаўленьне праграмнага забесьпячэньня, адмовы ў пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталяваньня — «пэўны стрымальны фактар укараненьня сучасных тэхналёгій і паслуг», заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка на форуме Digital Almaty.

«Беспрэцэдэнтныя санкцыі, якія былі ўведзеныя ў 2022 годзе супраць часткі краінаў нашага саюзу, закранулі і пытаньні лічбавізацыі», — сказаў Раман Галоўчанка.

Прэмʼер-міністар Беларусі адзначыў, што абмежаваньні на продаж і абнаўленьне праграмнага забесьпячэньня, адмовы ў пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталяваньня зьяўляюцца пэўным стрымальным фактарам укараненьня сучасных тэхналёгій і паслуг.

«Гэта чарговы раз нагадвае нам аб важнасьці нацыянальнага сувэрэнітэту ў сфэры лічбавага разьвіцьця», — сказаў Галоўчанка.

У якасьці прыкладу таго, як Беларусь «спраўлялася з такімі выклікамі», Галоўчанка назваў адказ на адключэньне банкаў ад сыстэмы SWIFT. Паводле яго, у найкарацейшыя тэрміны было створана рашэньне, якое дазволіла забясьпечыць фінансавыя зносіны паміж краінамі.

«Нам неабходна акумуляваць існуючыя дасягненьні, навуковы патэнцыял нашых краін і забясьпечыць пераход у новую лічбавую рэальнасьць на сваіх умовах, на базе ўласных распрацовак, тэхналёгій і інфраструктуры», — заявіў Галоўчанка.

Паводле яго, асабліва актуальным і пэрспэктыўным зьяўляецца стварэньне вытворчых працэсаў, матэрыялаў і абсталяваньня на аснове штучнага інтэлекту, вялікіх даных, робататэхнікі, інтэрнэту рэчаў, віртуальнай і дапоўненай рэальнасьці. Галоўчанка прапанаваў ЭЭК каардынаваць супрацоўніцтва ў гэтай сфэры.

​
XS
SM
MD
LG