Ваенны грузавік з прарасейскімі баевікамі едзе ў бок аэрапорта Данецка 26 траўня 2014 года. Ілюстрацыйнае фота
Эўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў, што частка ўкраінскага Данбаса знаходзіцца пад расейскім кантролем з траўня 2014 года. Гэта азначае, што супраць Расеі могуць быць разгледжаны тысячы пазоваў, якія тычацца злачынстваў, учыненых у гэтых раёнах.
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Суд у Страсбургу вырашыў, што ягоная юрысдыкцыя дазваляе разглядаць скаргі аб падзеях у Данбасе, разглядаючы тры пазовы Ўкраіны і Нідэрляндаў супраць Расеі. Два зь іх датычацца парушэньняў правоў чалавека на падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыях, адно — меркаванай віны Масквы за катастрофу ляйнэра «Малайзійскіх авіяліній» у 2014 годзе. Тады пасажырскі «Боінг» зьбіла расейская зэнітная устаноўка, разьмешчаная на кантралюемай сэпаратыстамі тэрыторыі. Загінулі 298 чалавек.
Расея адмаўляла магчымасьць разгляду пазоваў, заяўляючы, што не кантралюе сэпаратыстаў у Данецкай і Луганскай абласьцях. Аднак суд пастанавіў, што Масква мела значны ўплыў на ваенную стратэгію сэпаратыстаў, давала ім зброю і праводзіла артылерыйскія абстрэлы іх па просьбах, а значыць можа адказваць за падзеі, якія адбываліся на іх тэрыторыі.
Цяпер суд будзе разглядаць справу Ўкраіны і Нідэрляндаў супраць Расеі па сутнасьці. Акрамя таго, будзе адкрыта дарога тысячам іншых спраў, якія чакалі гэтага рашэньня.
Аднак судовыя паседжаньні, верагодна, зацягнуцца і будуць абцяжараныя пазыцыяй Масквы па ўдзеле ў працы ЭСПЧ, адзначае DW. Пасьля выключэньня з Рады Эўропы Масква ня лічыць сябе абавязанай несьці адказнасьць за парушэньне Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека.
Акрамя таго, нават калі ЭСПЧ прыме рашэньні, Расея не плянуе іх выконваць. У чэрвені ў краіне ўступіў у сілу закон, які адхіляе ўсе рашэньні суда, вынесеныя пасьля 16 сакавіка 2022 года.