Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па-чалавечы мне гэта непрыемна». Намесьнік камандзіра «каліноўцаў» пракамэнтаваў Зяленскага


Вадзім Кабанчук
Вадзім Кабанчук

У віншавальным лісьце, зачытаным у Варшаве на цырымоніі з нагоды 160-годзьдзя пачатку паўстаньня 1863 году, вядомага ў Беларусі як паўстаньне Кастуся Каліноўскага, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі не згадаў беларусаў.

«160 гадоў таму нашы народы аб’ядналі свае сілы, стаўшы плячо ў плячо супраць расейскага імпэрыялізму. Студзеньскае паўстаньне паскорыла нацыянальнае адраджэньне і вызваленчы рух на тэрыторыі сучаснай Украіны, Польшчы і Літвы», — напісаў прэзыдэнт Украіны ў звароце.

Пракамэнтаваць словы прэзыдэнта Ўкраіны Свабода папрасіла намесьніка камандзіра палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.

— Вы беларус, які ў палку імя Каліноўскага змагаецца ва Ўкраіне за Ўкраіну. Як вы ўспрынялі словы Зяленскага?

— У Кіеве і ня толькі зьявілася вуліца імя Кастуся Каліноўскага. Вядомасьць пра Каліноўскага і гэтае паўстаньне пашырылася дзякуючы нашаму падразьдзяленьню. Тое, што не ўзгадалі беларусаў, гэта наступства таго, што Беларусь — суагрэсар. Сярэдняму ўкраінцу вельмі цяжка разьбірацца, што ёсьць добрыя беларусы, што ёсьць кепскія беларусы. Народ думае проста. Яны да 2022 году пераважна ўсе хвалілі Лукашэнку, а зараз усе лаюць яго, а разам зь ім і беларусаў. На жаль, гэта разварот грамадзкай думкі, які цяжка павярнуць назад.

— Але пра гэта сказаў не сярэднестатыстычны ўкраінец, а прэзыдэнт Украіны. Ён напэўна ведае, што полк Каліноўскага змагаецца за Ўкраіну і што беларусы ваявалі ў паўстаньні. Вам ня крыўдна?

— На жаль. Мне па-чалавечы гэта таксама непрыемна. Але так склалася грамадзкая думка ва Ўкраіне, і публічныя палітыкі, якім зьяўляецца ў тым ліку прэзыдэнт Украіны, яны крочаць і сочаць за рэйтынгамі. Зараз сказаць нешта добрае ў бок беларусаў — гэта мавэтон. Нехта зразумее, але я канстатую, што на сёньняшні час нейкую пазытыўную ролю беларусаў ці іх гісторыі зразумее невялікі адсотак украінцаў. На жаль, грамадзкая думка сфармаваная вельмі адмоўна ў дачыненьні да Беларусі і беларусаў.

— Лукашэнка сёньня заявіў, што Ўкраіна прапанавала Беларусі «пакт аб ненападзе». Што вы пра гэта думаеце?

— Дамаўляцца з гэтай асобай — такі сабе занятак. Для мяне з гісторыі вядома, чым заканчваюцца такія пакты Молатава-Рыбэнтропа. Я ва Ўкраіне жыву з 2014 году, і таму дзіўна чуць такое, бо нешта падобнае ў найноўшай гісторыі Ўкраіны ўжо было. Калісьці выканаўца абавязкаў кіраўніка дзяржавы Аляксандар Турчынаў сустрэўся з Лукашэнкам і пасьля сказаў, што яны размаўлялі пра магчымы напад з боку Беларусі. Лукашэнка нібыта яму паабяцаў, што калі і будзе такі напад, то ён яго папярэдзіць за некалькі дзён. Як бачым, гэтае слова не было стрымана. Камэнтаваць заявы гэтага пэрсанажа ня хочацца. Ня ведаю, хто да яго ва Ўкраіне сур’ёзна ставіцца.

— Але вы думаеце, што гэтыя словы пра пакт — фэйк, ці такое ўсё ж можа існаваць?

— Калі гэта рэальная прапанова Кіева, то Кіеву давядзецца ў чарговы раз расчаравацца. На экспэртным узроўні ва Ўкраіне даўно ўжо ўсе кажуць, што Лукашэнка не самастойны, і тым больш ён не самастойны ў ваенным пляне. Магчыма, гаворка ідзе пра тое, што нападаць будуць расейскія войскі, а беларускія ня будуць. Цяжка гэта камэнтаваць. Калі ўкраінцы зноў спрабуюць дамовіцца і хочуць у нешта верыць пасьля таго, што адбылося, пасьля Ірпяня і Бучы, мне, шчыра кажучы, гэта незразумела.

— Магчыма, вы чулі, што ўкраінскі бок лабіраваў у Брусэлі выключэньне Беларусі з-пад новых санкцый Эўразьвязу. Як вы думаеце, навошта гэта робіцца, калі ва Ўкраіне цяпер зьбіраюць подпісы за разарваньне дыпляматычных адносін зь Беларусьсю?

— Была заява аднаго журналіста, але ўкраінскі бок яе зьняпраўдзіў. Таму я ня ведаю, каму верыць.

— Рыкард Юзьвяк, які пра гэта расказаў, — гэта вельмі салідны журналіст, які там шмат гадоў працуе і мае вельмі добрыя крыніцы.

— Не выключаю, што нейкія колы маглі. Раней яны рабілі гешэфты, гандлюючы з Лукашэнкам. Мы ведаем, што пасьля 2020 году, калі пачалі ўводзіцца санкцыі, Украіна працягвала гандаль. Цалкам верагодна, што нехта хоча зноў зарабляць добрыя грошы. Ва Ўкраіне ёсьць розныя праўладныя колы, бізнэс-групоўкі. Ня ўсё ідэальна ва ўкраінскай дзяржаве. Магчыма, нехта такія перамовы і вёў.

— Лукашэнка сёньня заявіў, што ўкраінская ўлада вельмі холадна ставіцца да палку Каліноўскага. Днямі ён вазіў на інвалідзкім вазку па хакейнай арэне ўкраінца з Данбасу, якога апэравалі ў Менску. І Лукашэнка сказаў, што Зяленскі так ня будзе вазіць вас, каліноўцаў.

— У мяне такое ўражаньне, што ён сьпіць з прывідамі каліноўцаў, якія пераходзяць мяжу і лезуць у вакно ягонай рэзыдэнцыі. Амаль штотыдзень ці ён, ці ягоная прапаганда згадваюць нас. Гэта не зусім здаровы чалавек у псыхічным пляне, няма сэнсу яго камэнтаваць.

— У Кіеў прыбыў Зянон Пазьняк. Ці будзе ў «каліноўцаў» сустрэча зь ім?

— Безумоўна, будзе. Абысьці ўвагай такую гістарычную постаць мы ня можам. Большасьць хлопцаў вельмі хоча пазнаёміцца і паслухаць. Для нас гэта падзея.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG