Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк прыехаў у Львоў. Што ён гаварыў аб паўстаньні Каліноўскага, Усходняй Эўропе і Ўкраіне


Зянон Пазьняк і Аляксей Францкевіч на акцыі з нагоды 160-годзьдзя пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Львоў, 22 студзеня 2023
Зянон Пазьняк і Аляксей Францкевіч на акцыі з нагоды 160-годзьдзя пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Львоў, 22 студзеня 2023

«Хай жа гэты сьцяг будзе для нас сымбалем, як трэба змагацца і як трэба перамагчы адвечнага ворага — расейскі імпэрыялізм».

Лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі «Беларускі народны фронт», кіраўнік ініцыятывы «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк у Львове на Лычакаўскіх могілках ушанаваў памяць удзельнікаў паўстаньня Каліноўскага.

«Сёньня мы сабраліся, таму што над намі, калі зноў пагражае гэты вораг усім нам, над намі вісіць дух гэтых паўстанцаў, якія пайшлі на сьмерць, каб гэты дух падымаў цэлыя пакаленьні. Кастусь Каліноўскі, які ўзначальваў паўстаньне на Беларусі, перад шыбеніцай напісаў ліст да народу, які заканчваўся вешчымі словамі: тады, народзе, будзеш свабодны, калі над над табой маскаля ўжо ня будзе. Вось гэта запавет людзей, якія пайшлі на сьмерць, ён важны цяпер і для нас», — сказаў Зянон Пазьняк на акцыі памяці.

Акцыя з нагоды 160-годзьдзя паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Львоў, 22 студзеня 2023 году
Акцыя з нагоды 160-годзьдзя паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Львоў, 22 студзеня 2023 году

На Лычакоўскіх могілках пахаваныя ўдзельнікі паўстаньня, найбольш вядомы зь якіх віцебскі харунжы Сымон Шыдлоўскі. Акцыю арганізавала польская дыяспара ва Ўкраіне, на ёй прысутнічалі таксама дыпляматы Польшчы, Літвы і прадстаўнікі гарадзкіх і абласных уладаў Львова.

Зянон Пазьняк падкрэсьліў, што гісторыя паўстаньня Кастуся Каліноўскага важная для народаў Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны.

«Патрэбна дапамога ўкраінцам, каб гэты мордар быў разьбіты. І мы мусім вярнуцца да таго, што было ў пачатку. І зараз аб гэтым гаворыцца ў Польшчы, аб тым, каб Усходняя Эўропа аб’ядналася, каб была Балта-Чарнаморская супольнасьць. І тады Ўсходняя Эўропа будзе прыкладам для ўсёй Эўропы», — перакананы ён.

«Так будзе, бо ва Ўсходняй Эўропе думаюць ня толькі рацыяй, але і сэрцам. Хай жа гэты сьцяг будзе для нас сымбалем, як трэба змагацца, і як трэба перамагчы адвечнага ворага — расейскі імпэрыялізм. Усімі сіламі дапамагайма Ўкраіне! Слава Ўкраіне! Героям слава!» — заклікаў Зянон Пазьняк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG