Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыве ў трохпакаёўцы ў Менску, «маці» абслугоўвае беларускую прапаганду. Расказваем пра «афіцэра ДНР», якога Лукашэнка катаў па лёдзе


Аляксандар Лукашэнка і Павел Прахарэнкаў. Менск, Беларусь, 21 студзеня 2023
Аляксандар Лукашэнка і Павел Прахарэнкаў. Менск, Беларусь, 21 студзеня 2023

Аляксандар Лукашэнка 21 студзеня гуляў у хакей, ягоная каманда сустракалася з калектывам з Магілёўскай вобласьці. Пасьля гэтага матчу Лукашэнка нечакана выкаціў на лёд чалавека ў інвалідным вазку, яго прадставілі як «ветэрана баявых дзеяньняў».

Пасьля гульні Лукашэнка выкаціў на лёд хлопца ў інвалідным вазку, зь якім зрабіў некалькі колаў на арэне.

«Гэтаму хлопцу трыбуны аплядавалі стоячы», — напісаў тэлеграм-канал «Пул першага». Высьветлілася, што хлопца завуць Павел Прахарэнкаў, ён ваяваў за Расею супраць Украіны, атрымаў раненьне і цяпер жыве ў Беларусі. Расказваем, што пра яго вядома яшчэ.

Ад 2014 году падтрымліваў прарасейскіх баевікоў

Паўлу 26 гадоў. Ён родам з Данецку. Яго выхоўвалі бабуля і дзядуля. Бацьку Павал увогуле ня ведаў, маці злоўжывала алькаголем. Ад 2014 года Павал падтрымаў расейскую акупацыю Данецку. Гэта можна прасачыць па ягонай старонцы «ВКонтакте». Ён зьмяшчаў у сябе і заявы лідэра прарасейскіх баевікоў Паўла Губарава, захапляўся Пуціным і зьневажаў Абаму, пускаў шпількі ў дачыненьні Ўкраіны, абураўся наяўнасьцю ў крамах Данецку Coca-cola.

«Вы зае...лі абс...раць Расею!!!», — эмацыйна напісаў Прахарэнкаў 14 лютага 2015 году.

Падарваўся на міне

Прахарэнкаў працаваў аўтамэханікам у Данецку. Беларускія прапагандысты паведамлялі, а ўкраінскія СМІ пацьвярджалі, што ў 2017 годзе хлопец пайшоў на службу ў «народную міліцыю ДНР». «Пул першага» падкрэсьлівае, што перад гэтым Павал параіўся зь дзедам.

«Калі я заб’ю салдата УСУ, то ён ня зможа забіць дзіця, бабулю ці дзядулю», — казаў Прахарэнкаў у інтэрвію расейскаму агенцтву «Спутник».

Служыў Прахарэнкаў у артылерыі, езьдзіў на самаходнай гаўбіцы 2С1 «Гвоздика». Калі пачалася паўнамаштабная вайна, то браў удзел у баявых дзеньнях на баку Расеі. Раненьне Павал атрымаў 30 красавіка, калі ягоная гаўбіцы падарвалася на міне. Сам Прахарэнкаў расказваў, што сядзеў зьверху, а ногі знаходзілі ў люку машыны. Адну нагу адразу ампутавалі, праз шматлікія пераломы хацелі і другую. Тады ў справу ўмяшалася Вольга Волкава.

Хто такая Волкава?

Апошнім часам Волкава актыўна абслугоўвае беларускую прапаганду, яна зьяўляецца ў самых розных шоў і перадачах на дзяржаўнай тэлевізіі. Гэта дырэктарка данецкай грамадзкай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў «Дэльфіны». Яе сын Дзьмітрый хворы на ДЦП, займаецца плаваньнем. Найлепшым сябрам Дзьмітрыя якраз і зьяўляецца Павел Прахарэнкаў. Вольгу Волкаву Прахарэнкаў лічыць сваёй «маці», як і яна яго паўсюль называе «сынам».

Вольга шмат гадоў актыўна супрацоўнічае зь беларускім спартоўцам-паралімпійцам Аляксеем Талаем, які заўзята падтрымлівае Лукашэнку, рэпрэсіі супраць іншадумцаў і ідэі «русского мира». Сам Талай неаднаразова прыяжджаў у Данецк, сустракаўся там з «Дэльфінамі». Потым дзяцей з «Дэльфінаў» сталі вывозіць у Беларусь на лячэньне. У гэтым дапамагае гендырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты.

«Калі ў 2020 годзе ў Беларусі пачаліся падзеі, то ў мяне замерла сэрца і я чакала, што скажа Аляксей Талай. Мне так было страшна: людзі, куды вы лезеце, нейкая дзіўная жанчына (Сьвятлана Ціханоўская. — РС). І калі Аляксей даў камэнтар, што ён „за бацьку“, то ў мяне адлягло. Чаго вам не хапае з такім кіраўніком? Я зь ім (Лукашэнкам. — РС) пазнаёмілася — гэта чалавек-гара, у ім такая сіла, ён гаспадар, ён бацька. Ён любіць сваю зямлю, сваіх людзей, як дзяцей. Вы жывяце як мы калісьці, пры камунізьме», — казала Волкава ў інтэрвію генэральнаму дырэктару АНТ Марату Маркаву.

Менавіта Волкава патэлефанавала Талаю пасьля раненьня Прахарэнкава. Талай задзейнічаў свае сувязі, і тады зьявілася магчымасьць атрымаць лячэньне ў Беларусі.

Перавёз у Менск і жонку зь дзецьмі

Апэрацыю правялі ў Менскім абласным клінічным шпіталі. Апэраваў траўматоляг-артапэд Аляксандар Каваленка. Лекары абяцаюць, што можна выратаваць другую нагу Прахарэнкава. Цяпер былы ўдзельнік вайны Расеі супраць Украіны разам зь сям’ёй жыве ў Менску.

«Паўгода таму Павел Прахарэнкаў пераехаў з Данецку ў гэтую трохпакаёвую кватэру ў Менску, а яшчэ праз два месяцы перавёз і жонку зь дзецьмі», — гаварылася ў ток-шоў «За гранью» на расейскім тэлеканале НТВ.

Ці сам Павел здымае кватэру, ці яму гэта прадставіла дзяржава, у роліку не гаварылася.

«У Данецку вельмі страшна, таму мы вырашылі прыехаць сюды. Калі ўсё будзе працягвацца, то лепш застацца ў Беларусі, тут спакойна, а там вельмі страшна. Забіваюць мірных людзей — дзяцей, старых. Няма гарачай вады, няма сувязі, паўсюль ляжаць „пялёсткі“-міны. Няма нічога, мы вельмі радыя, што мы выбраліся», — казала жонка Прахарэнкава Ліна Тоніна ў камэнтары «Спутнику».

Пара пабралася шлюбам у траўні 2022 году, калі Прахарэнкаў быў у шпіталі. На той момант Ліна ўжо была цяжарнай, нарадзіла сына Яраслава, калі муж быў на лячэньні ў Беларусі. Ад першага шлюбу ў Ліны ёсьць яшчэ адна дачка. Цяпер сям’я Прахарэнкавых спадзяецца атрымаць беларускае грамадзянства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG