Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ціхар», «Чалавек году», прыхільнік «русского мира». Што вядома пра міліцыянта, які стаў намесьнікам рэдактара «Гомельских ведомостей»


Падпалкоўнік міліцыі Віталь Прыстромаў, цяпер намесьнік рэдактара «Гомельских ведомостей»
Падпалкоўнік міліцыі Віталь Прыстромаў, цяпер намесьнік рэдактара «Гомельских ведомостей»

Прапагандыст Станіслаў Галкоўскі больш не працуе ў газэце «Гомельские ведомости» і на мясцовай тэлевізіі. Ягонае месца намесьніка галоўнага рэдактара «Гомельских ведомостей» заняў падпалкоўнік міліцыі Віталь Прыстромаў. Расказваем, хто ён такі.

«Яшчэ ў 2017 «гераічна вызваляў з палону» незалежных журналістаў

Віталь Прыстромаў доўгі час узначальваў аддзяленьне інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкаму. У СМІ ён выступаў як «афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму». У студзені 2023 году стала вядома, што падпалкоўнік міліцыі перайшоў на працу ў «Гомельские ведомости» і стаў там намесьнікам галоўнага рэдактара. Свабода пагутарыла зь некаторымі гомельскімі журналістамі пра Віталя Прыстромава.

Паводле іхных сьведчаньняў, да 2020 году Прыстромаў быў «даволі ляяльны» да прадстаўнікоў незалежных СМІ. «Праўда, гэта тычылася толькі афіцыйна зарэгістраваных СМІ. У 2017 годзе, калі ў Гомлі праходзілі „маршы недармаедаў“, на якіх затрымлівалі незалежных журналістаў, ён асабіста езьдзіў па аддзелах міліцыі і „гераічна“ вызваляў іх. Наўрад ці гэта была асабістая ініцыятыва. Тады былі такія „вэгетарыянскія“ часы», — расказаў адзін з журналістаў.

У 2020 годзе журналістаў таксама затрымлівалі на маршах у Гомлі. «Але ніякай гаворкі пра тое, каб Прыстромаў некага пайшоў „вызваляць з палону“, ужо не было. Наадварот, ён адкрыта пагражаў незалежным журналістам „суткамі“. Сам жа хадзіў на ўсе акцыі, вельмі актыўна здымаў удзельнікаў, проста ў твар. Быў заўсёды ў гушчы падзеяў. Хадзіў ня ў форме — у спартовай вопратцы. Відаць было, што ён здымаў і сачыў — хто ў натоўпе лідэр, хто каго куды заклікае», — падзяліўся журналіст.

«Сапраўдны баец інфармацыйнага фронту»

У верасьні 2020 году, паводле інфармацыі суразмоўцы Свабоды, менавіта Віталь Прыстромаў стварыў і напаўняў зьместам тэлеграм-канал, які распаўсюджваў інфармацыю пра ўдзельнікаў пратэстаў. Там зьяўляліся фатаздымкі людзей з подпісамі «правакатар» і «кампраматам» у стылі дзяржаўнай прапаганды. Удзельнікаў пратэстаў там называлі спрэс «наркаманамі», «прастытуткамі» і «злачынцамі».

«Віталь Прыстромаў дапамагаў афіцыйным СМІ, выкрываў там „злачынцаў“, якія выходзілі на акцыі. Многія ролікі ён і здымаў, і сам агучваў», — дадала крыніца. Напрыклад, ён апавядаў ў блогу «Гомельскай праўды», што пратэсты ўзначальваюць раней асуджаныя асобы.

«Ён і сам асабіста дапытваў затрыманых. Так было ў выпадку з Дзьмітрыем Карнеевым, якога затрымалі за акцыю пратэсту 10 жніўня 2020 году. Дапытваў ён і іншых затрыманых», — кажа журналіст.

На адным з праўладных тэлеграм-каналаў ёсьць відэа з допытам затрыманых, дзе голас за кадрам вельмі падобны да голасу Прыстромава.

Цяпер тэлеграм-канал публікуе ў асноўным перапосты з расейскіх тэлеграм-каналаў, трымаецца расейскай і антыўкраінскай рыторыкі.

Актыўная «выкрываўчая» праца Прыстромава на мітынгах і ў інтэрнэце ў 2020 годзе не засталася па-за ўвагай уладаў. У 2021 годзе прапагандыста прызналі «Чалавекам году — 2020». Былы старшыня Гомельскага аблвыканкаму Генадзь Салавей, узнагароджваючы пераможцаў, назваў Прыстромава «сапраўдным байцом інфармацыйнага фронту».

«Летась яму давялося апынуцца на перадавой інфармацыйнай вайны. Калі на праваахоўнікаў абрынуўся шквал нэгатыву і хлусьні, ён кіраваў працай для раскрыцьця фэйкавай інфармацыі», — заявіў Генадзь Салавей.

Хто такі Станіслаў Галкоўскі, якога зьнялі з пасады намесьніка рэдактара

Паводле інфармацыі аднаго з гомельскіх журналістаў, у 2006 годзе Станіслаў Галкоўскі ўваходзіў у грамадзкую ініцыятыву «Партнэрства». У лютым 2006 году, напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў, ўлады разграмілі «Партнэрства». Кіраўніка ініцыятывы Эніру Браніцкую зьмясьцілі ў СІЗА КДБ разам зь іншымі прадстаўнікамі «Партнэрства» — Цімохам Дранчуком, Аляксандрам Шалайкам і Мікалаем Астрэйкам. Пазьней Эніра Браніцкая атрымала 6 месяцаў арышту.

«Галкоўскі тады выйшаў сухім з вады і неўзабаве зьявіўся на тэлевізіі як рэгіянальны карэспандэнт тэлеканалу „ОНТ“. Пазьней ён працаваў на „СБ — Беларусь Сегодня“, затым на гомельскай тэлевізіі, стаў намесьнікам рэдактара „Гомельских ведомостей“», — кажа гомельскі журналіст.

Галкоўскі ў 2022 годзе пісаў у «Гомельских ведомостях», што сталінскія рэпрэсіі былі «кропляй у моры». Кляйміў прадстаўнікоў незалежных СМІ, якія пісалі пра рэпрэсіі.

«Складваецца ўражаньне, што дэструкцыйныя каналы і сайты нашых зьбеглых апазыцыянэраў захапілі ўнукі акупантаў, якія кашмарылі кантынэнт у саракавыя гады мінулага стагодзьдзя. Ад любых узгадак пра подзьвігі савецкіх воінаў іх пачынае трэсьці, як чарцей ад ладану», — пісаў Галкоўскі.

На гомельскай тэлевізіі ён быў вядоўцам праграмы «В полдень», дзе апавядаў пра крызыс ў Эўропе.

Адна з перадач называлася «Эўропа ня можа спыніць рост цэнаў». Там Галкоўскі казаў, што «Эўропа, у адрозьненьне ад Беларусі, ня ўводзіла мараторыю на цэны». У якасьці «экспэрта» Галкоўскі запрасіў у эфір жанчыну, якую назваў «Віялета Высоцкая, жыхарка Вільнюсу». Яна казала, што ў Вільні «за ноч цэны на хлеб вырастаюць на 30%», «мы ня ведаем, што будзе зімой, ацяпленьне вырасьце ў тры-чатыры разы», «улады нічога ня робяць», «жыць невыносна, цэны касьмічныя, бязь сьлёз на гэта немагчыма глядзець», «людзі баяцца гаварыць, пратэставаць, іх запалохалі».

Ня першы выпадак

Гэта ня першы выпадак, калі зь дзяржаўных гомельскіх СМІ звальняюць супрацоўнікаў. У лістападзе 2022 году з гомельскага гарадзкога радыё звольнілі вядоўцаў. Іх абвінавацілі ў падтрымцы пратэстаў у 2020 годзе. Перад звальненьнем пра вядоўцаў пісалі ў праўладных тэлеграм-каналах, нібыта на іх паскардзіліся слухачы. У канале выклалі скрыншоты з сацыяльных сетак вядоўцаў Арцёма Забірана і Яраслава Бычкоўскага, сярод іх кліп гурту «Каста» «Выходи гулять», відэа Максіма Каца пра Ніну Багінскую. А таксама падабайкі пад допісамі, дзе ёсьць бел-чырвона-белая сымболіка.

«Іх не затрымлівалі, проста правялі гутарку. Цяпер яны ў пошуках працы, а гэта цяжка ў наш час», — паведаміў журналіст, знаёмы з сытуацыяй.

Яшчэ адзін вядоўца гомельскай радыёстанцыі Аляксей Кругляк (псэўданім Каверын. — РС) ужо адбыў тэрмін — год пазбаўленьня волі паводле «палітычнага» артыкулу 342 КК — і выйшаў на волю.Яго затрымалі 2 сьнежня 2021 году за допісы ў закрытым чаце і 12 сакавіка 2022 году пакаралі годам калёніі. Тэрмін у СІЗА быў залічаны як дзень за паўтара, і ў верасьні Аляксей Кругляк выйшаў на волю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG