Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паведамілі пра хвалю затрыманьняў за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы


Затрыманьне, ілюстрацыйнае фота
Затрыманьне, ілюстрацыйнае фота

У Гомлі 25 кастрычніка прайшла хваля затрыманьняў, пад якую трапілі амаль 30 чалавек.

Вядома, што на затрыманых склалі пратаколы паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць) нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы, паведаміла «Вясна».

Праваабаронцам стала вядома, што судзіць затрыманых пачалі яшчэ ўчора. Праз чатыры гадзіны пасьля затрыманьня ў судзе Навабеліцкага раёну Гомля прайшоў суд над 22-гадовай студэнткай ГДУ Янінай Зьмітровіч. Дзяўчына — дачка сьветлагорскіх грамадзкіх актывістаў Вячаслава і Зоі Зьмітровічаў.

Каля 11:30 25 кастрычніка Яніну затрымалі каля школы, дзе яна працуе. У машыне каля ўваходу яе чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу. Яны падышлі да яе і прапанавалі праехаць зь імі, каб даць паказаньні ў якасьці сьведкі. Але дзяўчына папрасіла прыслаць ёй позву. Пасьля гэтага дзяўчыну схапілі і заштурхалі ў машыну, адабралі тэлефон і запатрабавалі пароль. Пад пагрозамі гвалту Яніна была вымушана яго даць.

У 14:07 бацькам прыйшло паведамленьне зь невядомага нумару: «Мяне затрымалі, суд праз гадзіну ў судзе Навабеліцкага раёну». У судзе бацькі даведаліся, што Яніну затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. На судовае паседжаньне бацькоў не пусьцілі. Судзьдзя Аляксандар Зінчук, па словах бацькоў, разгледзеў справу Яніны за тры хвіліны. Зінчук прызнаў студэнтку вінаватай і арыштаваў яе на 15 сутак. Арышт дзяўчына будзе адбываць у гомельскім ІЧУ.

Афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што «інфармацыі па гэтым пытаньні ня мае».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG