Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС прызнала сайт з мапай дваровых чатаў экстрэмісцкім фармаваньнем. Юрыст патлумачыў, што гэта значыць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сайт dze.chаt МУС аднесла да «экстрэмісцкіх фармаваньняў».

Пра блякаваньне рэсурсу паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Сайт dze.chаt аб’ядноўвае больш за 100 чатаў у Беларусі і за мяжой. Яны пераважна прысьвечаныя тэматыцы пратэстаў супраць кіраваньня Лукашэнкі.

Юрыст Юры Чавусаў патлумачыў Свабодзе, якія могуць быць далейшыя дзеяньні дзяржавы ў кірунку змаганьня з «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

«Насуперак таму, што шэраг СМІ і тэлеграм-каналаў пішуць, што Dze.chat — першы ў сьпісе „экстрэмісцкіх фармаваньняў“, насамрэч гэта ня так. Успомнім, што ў такі сьпіс раней трапіў „Рабочы рух“. Больш за тое — у Беларусі ёсьць людзі, асуджаныя за „стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня“, гэта Марыя Калесьнікава і Максім Знак. Іншая справа, што гэтым рашэньнем, імаверна, пачынае выконвацца нядаўняя пастанова Саўміну аб парадку вядзеньня пераліку такіх фармаваньняў, арганізацый і грамадзян».

Аднак пакуль гэты пералік дзяржаўныя органы не апублікавалі.

Пры гэтым сайт-агрэгатар Dze.chat, хоць і прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем», не фігуруе ў сьпісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў», што дэманструе розьніцу паміж паняцьцямі. Юры Чавусаў дапускае, што будуць выпадкі, калі нешта трапіла ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а ў сьпісе такіх фармаваньняў яго ня будзе, і наадварот.

«Я думаю, гэта нездарма. Міністэрства ўнутраных спраў даволі дэманстратыўна паказвае, што мае ўласную сфэру кампэтэнцыі ў пляне барацьбы з экстрэмізмам, і гэта ў тым ліку арганізацыйная дзейнасьць, якая перасьледуе экстрэмісцкія мэты».

Юрыст скептычна ставіцца да інфармацыі пра тое, што экстрэмістамі могуць прызнаць нават падпісантаў такіх чатаў і каналаў, бо там «няма актыўнай ролі чалавека». Хоць небясьпека перасьледу ёсьць.

«ГУБАЗіК на сваім афіцыйным канале паведаміў, што не выключаюцца сьледчыя дзеяньні з тымі людзьмі, якія падпісаныя на такія каналы, але сьледчыя дзеяньні — не абавязкова крымінальная адказнасьць. Хоць у кожным выпадку дадзеная фармулёўка выклікае пытаньні, быццам раней тыя сьледчыя дзеяньні немагчыма было рабіць. Новая рэдакцыя артыкула 361 дазваляе прыцягваць да адказнасьці ўжо ня толькі стваральнікаў і кіраўнікоў экстрэмісцкіх фармаваньняў, але і ўдзельнікаў».

Варта зазначыць, што экстрэмісцкім фармаваньнем могуць прызнаць і невіртуальную суполку.

У кожным артыкуле Крымінальнага кодэксу, кажа Юры Чавусаў, ёсьць аб’ектыўная і суб’ектыўная часткі. Аб’ектыўная паказвае ўчынак, а суб’ектыўная тлумачыць, было гэта наўмысным ці па неасьцярожнасьці.

«У гэтым дакумэнце ў яго аб’ектыўнай частцы паўстаюць даволі суб’ектыўныя моманты. Як ацаніць мэты, зь якімі чалавек падпісаўся на чаты ці каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі? Тут шырокае поле для інтэрпрэтацыі, двухсэнсоўных тлумачэньняў».

Акрамя сьпісу фармаваньняў, дзяржаўныя органы павінны апублікаваць і сьпіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці.

Кароткі слоўнік па тэме

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх або больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG