Дар’ю Лосік пакаралі 2 гадамі калёніі за інтэрвію пра мужа-палітвязьня. Іхнай дачцэ 4 гады

абноўлена
Дар’я Лосік
Дар’я Лосік

Дар’ю пакаралі за інтэрвію пра яе мужа, зьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка. Пракурорка Кацярына Пакала прасіла для Дар’і Лосік менавіта 2 гады зьняволеньня.

Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня судзьдзя Мікалай Грыгаровіч: 2 гады зьняволеньня з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Меру стрыманьня (утрыманьне пад вартай) суд пакінуў без зьмены да набыцьця прысудам сілы.

Вырак можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе на працягу 10 сутак з дня абвяшчэньня, паведаміла БелТА.

Як перадавала БелТА, падчас спрэчак бакоў пракурорка запрасіла для абвінавачанай пакараньне ў выглядзе двух гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Пракурорка Кацярына Пакала таксама палічыла патрэбным пакінуць ранейшай меру стрыманьня Лосік у выглядзе ўтрыманьня пад вартай. Гэтая ж пракурорка прадстаўляла бок абвінавачання на некалькіх судах у «справе Зельцара» (суды над Міраславам Федаровічам, Аляксеем Івановым, бас-гітарыстам гурта TerraKod Віктарам Катоўскім).

На судзе Пакала сьцьвярджала, што ў Дар’і Лосік нібыта быў прамы намер на «аказаньне садзейнічаньня экстрэмісцкай дзейнасьці», піша «Вясна».

У сваю чаргу адвакатка папрасіла прызначыць Дарʼі Лосік пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Пра гэта ж у сваім апошнім слове прасіла і сама абвінавачаная.

Дар’ю Лосік абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу за інтэрвію пра мужа тэлеканалу «Белсат» вясной 2022 году, «у якім пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня».

Спэцмашыны ля суду падчас працэсу Дар'і Лосік. Берасьце, 18 студзеня 2023
Спэцмашыны ля суду падчас працэсу Дар'і Лосік. Берасьце, 18 студзеня 2023

У гэтым артыкуле, які гучыць як «Вэрбаваньне, іншае ўцягваньне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасьць, навучаньне, а таксама іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», прадугледжана пакараньне абмежаваньнем волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да шасьці гадоў.

18 студзеня споўнілася роўна тры месяцы, як палітзьняволеную ўтрымліваюць за кратамі. У няволі на Дар’ю аказваюць ціск — вагу пасылак залічваюць у агульную вагу перадач, а таксама блякуюць ліставаньне.

Увесь час папярэдняга зьняволеньня свайго мужа і пасьля прысуду яму Дарʼя рэгулярна езьдзіла ў турму, дзе ўтрымлівалі Ігара, вазіла яму перадачы, праяжджаючы дзеля гэтага сотні кілямэтраў штотыднёва.

У Ігара і Дар’і Лосікаў ёсьць 4-гадовая дачка Паўлінка, якую цяпер даглядаюць бабулі і дзядулі.

​
XS
SM
MD
LG