Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дашу трэба было трымаць семярым, каб яна не нарабіла бедаў». У Берасьці пачынаецца суд у справе Дар’і Лосік

абноўлена

Дар'я, Ігар і Паўлінка Лосікі. Каляж
Дар'я, Ігар і Паўлінка Лосікі. Каляж

18 студзеня ў Берасьці пачынаюць судзіць Дар’ю Лосік за інтэрвію аб сытуацыі з арыштам яе мужа, журналіста Свабоды Ігара Лосіка. У пары ёсьць 4-гадовая дачка Паўлінка, якую зараз даглядаюць бабулі і дзядулі. 

«Калі Даша „руліць“, яна ўпэўненая»

Ігар і Даша родам з Баранавічаў. Ігар спачатку паступіў у Менскі пэдунівэрсытэт імя Танка, а потым перавёўся ў Баранавіцкі ўнівэрсытэт. Вучыліся яны на розных факультэтах, а вось у аўташколе ў 2009 годзе апынуліся разам, расказвае сяброўка Дашы Алена.

«Дашы кіраваньне аўтамабілем давалася лёгка. Яна клясна спраўлялася з мэханічнай скрынкай перадач, добра зь ёй ладзіла, — як прафэсійны кіроўца. Што тычыцца Ігара, у Баранавічах ёсьць такое складанае „кольца“ на вуліцы Савецкай, і калі Ігар здаваў нейкі залік, заблытаўся ў аўтамабільных перадачах і проста кінуў аўтамабіль на дарозе. Ён сказаў тады, што сядзе за стырно, толькі калі набудзе машыну на аўтамаце. І Дашы, і Ігару падабаліся „Шкоды“: у іх спачатку была Skoda Fabia, а перад нараджэньнем Паўлінкі ў сям’і зьявілася Skoda Rapid.

Ну а калі ў Дашы былі праблемы зь перадачкамі Ігару ў СІЗА, я падтрымлівала яе жартам: як Ігар вызваліцца, то за ўсе перадачы з добрай ежай (Даша аб’яжджала ўсе крамы ў Менску і Баранавічах і знаходзіла ўсе прысмакі, якія Ігар любіць, зь пяці гатункаў кабаносаў, пяці відаў арэхаў), ён будзе вымушаны будзе купіць жонцы новую машыну Skoda Superb (вышэйшая клясай мадэль чэскага вытворцы. — РС)», — прыгадвае Алена і зазначае, што Дар’я супакойвалася толькі за стырном.

«Калі Ігара арыштавалі, яна менавіта за стырном была вельмі спакойнай, ураўнаважанай. Калі Даша „руліць“, яна ўпэўненая. Калі яна была за стырном, за яе можна было не турбавацца».

«Для мяне яны заўсёды былі ідэальнай парай»

Ігар і Дар’я пабраліся шлюбам яшчэ студэнтамі. Большую частку часу праводзілі разам, успамінае яшчэ адна сяброўка Дашы Вольга.

«Для мяне яны заўсёды былі ідэальнай парай. Час, калі Ігару даводзілася надоўга кудысьці ехаць па працы, даваўся Дашы цяжка. Яны часта стэлефаноўваліся і пісалі лісты, каб аблегчыць адзіноту.

Неяк Ігару трэба было ехаць на паўгода стажавацца ў далёкую краіну. Ён вельмі сумаваў па Дар’і. І быў вельмі шчасьлівы, калі Дашы ўдалося прыехаць да яго хаця б ненадоўга», — кажа Вольга.

Калі ў сям’і нарадзілася дачка Паўлінка, Ігар быў вельмі шчасьлівы, сьцьвярджаюць усе сябры сям’і Лосікаў.

«Як у Дашы і Ігара такое „хрэстаматыйнае каханьне“, так і ў Ігара да дачкі Паўлінкі проста „хрэстаматыйныя“ адносіны. Даша казала, што Ігар — „эўрапейскі бацька“, бо часьцяком беларускія таты амаль не займаюцца дзецьмі, пакуль яны малыя. Ігар вельмі падтрымліваў жонку пасьля родаў, рабіў ёй прыемныя сюрпрызы. Даша магла даверыць мужу Паўлінку і цалкам на яго спадзявацца, а самой пайсьці па справах. Ігар вельмі надзейны і адказны бацька.

Я добра памятаю, як я першы раз убачыла, як Даша плача. Яна расказвала, што Ігар сумуе па дачцэ. І на кожнае сьвята Даша купляла Паўлінцы два падарункі: адзін ад сябе, другі ад таты. Думаю, Ігару вельмі цяжка без дачкі. Ён засьпеў толькі першы год яе жыцьця, а цяпер Паўлінцы 4 гады, гэта ўзрост, калі яна пачынае пазнаваць сьвет. А бацькоў няма побач...» — цяжка ўздыхае сяброўка сям’і Лосікаў Алена.

«Ня ведаю, адкуль Даша брала сілы»

Пасьля затрыманьня Ігара ў чэрвені 2020 году Дар’я вельмі перажывала, амаль нічога ня ела, трымалася толькі на каве, гавораць яе сябры. У першыя месяцы пісала Ігару лісты амаль кожны дзень, але яны не даходзілі. Толькі пасьля таго, як адвакату дазволілі наведаць Ігара і ён расказаў, што Ігар добра трымаецца, Дашу крыху «адпусьціла».

«Я дагэтуль не разумею, адкуль у яе было столькі сіл і самааддачы. Дар’я езьдзіла да Ігара з Баранавічаў спачатку ў Менск на „Валадарку“, а потым у Жодзіна і Гомель, па 2-3 разы на тыдзень. Нават не ўяўляю, колькі тысяч кілямэтраў яна „наматала“. Даша здымала гатэль і раніцай ішла ў СІЗА зь перадачай. Яна дапамагала парадамі сваякам іншых зьняволеных. Ня ведаю, адкуль Даша брала сілы. Магчыма, суцяшала сябе, што і Ігар для яе зрабіў бы тое ж самае. Я вельмі ганаруся Дашай: пасьля 2020 году яна стала, як і Ігар, маім героем», — кажа сяброўка Вольга.

«Менавіта Даша прывіла мне любоў да рок-музыкі і беларускай літаратуры»

Школьная сяброўка Дар’і Лосік Алеся сьцьвярджае, што Даша зь дзяцінства была аптымісткай, вельмі жыцьцярадаснай і вясёлай, а пазытыўныя людзі лягчэй пераносяць усе жыцьцёвыя праблемы.

«Спрабую прыгадаць штосьці канкрэтнае, але найперш у галаву прыходзяць бясконцыя сьмех і весялосьць у нашым юнацтве. Мы маглі пасьмяяцца з чаго заўгодна, у тым ліку і зь сябе. У нас была нават кніжачка са сьмешнымі цытатамі ў школьныя гады. Было ў нас і сваё радыё, дзе мы былі вядоўцамі. Мы запісвалі „эфіры“ з жартамі на звычайную касэту, дурэлі і слухалі музыку. Нам ніколі не было сумна ўдзьвюх.

Даша ўмела лёгка зацікавіць усім чым заўгодна. Менавіта яна прывіла мне любоў да рок-музыкі і беларускай літаратуры», — прызнаецца Алеся.

«У перадачах для Ігара было ўсё самае лепшае, якаснае, смачнае»

Яшчэ адзін блізкі сябар сям’і Лосікаў Андрэй вельмі ўражаны кранальным стаўленьнем Дашы і Ігара адно да аднаго.

«Калі Ігара затрымалі, усе размовы Дашы былі выключна пра мужа: гэта былі такія клопаты, якія ня кожны здолее выцягнуць. Двойчы на тыдзень у Ігара заўсёды былі перадачы: усё самае лепшае, якаснае, смачнае — цукеркі, далікатэсы. Можна было перадаваць адзеньне цёмнага колеру, але гэта было не адзеньне з ГУМу-ЦУМу. Даша заўсёды хацела праявіць клопат.

Пасьля прысуду можна было атрымаць кароткатэрміновыя спатканьні. Даша процьму разоў езьдзіла ў Гомель: спачатку, каб атрымаць дазвол на спатканьне, празь некалькі дзён прыяжджала зноў... А гэта шалёны шлях: кожнае спатканьне Даша ў літаральным сэнсе „выдрапвала“.

Дашу ведалі ўсе: і на „Валадарцы“, і ў Жодзіне, і ў Гомлі. Яна дапамагала сваякам зьняволеных, кансультавала, што перасылаць, што можна перадаваць, што нельга.

Я Дашу часьцяком спыняў. Бо калі яна даведвалася, што нешта адбываецца зь Ігарам, Дашу трэба было трымаць семярым, каб яна не нарабіла бедаў», — прызнаецца Андрэй.

І дадае: «Ведаю, што ў Дашы і Ігара былі мары пра мора. Але яшчэ яны вельмі любяць Прагу. Даша гаварыла, што марыць, як яны пасьля вызваленьня Ігара з Паўлінкай паедуць у Прагу проста адпачыць».

Дар’я прапаноўвала Лукашэнку абмяняць свайго мужа на сябе

Калі ў сьнежні 2020-га Ігару Лосіку выставілі новае абвінавачаньне паводле арт. 293 КК («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»), Ігар абвясьціў галадоўку, якую пратрымаў 42 дні. Дар’я ў знак салідарнасьці з мужам таксама абвясьціла галадоўку.

А 26 чэрвеня 2022 году Дар’я Лосік запісала вельмі сьмелы відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім прапанавала абмяняць свайго мужа на сябе. Калі на гэта не было ніякай рэакцыі, прапанавала сустрэцца, каб Лукашэнка даказаў, што ён не баязьлівец: «Вы можаце пасадзіць мяне ў адзін з вашых танаваных мікрааўтобусаў, прыставіць да скроні пісталет і ў рэжыме поўнай ананімнасьці вывезьці туды, куды вам будзе заўгодна. Чаго ж вы баіцеся?» — запыталася Дар’я.

Адказу на свой відэазварот Дар’я так і не атрымала. Але Лукашэнка шмат разоў паўтараў: «Я наагул супраць жанчын не ваюю».

«Я цябе кахаю! І паліто ў цябе прыгожае!»

Сяброўкі сям’і Лосікаў з захапленьнем успамінаюць прыгожае фота Дашы ў інстаграме пасьля прысуду Ігару, дзе яна была з прафэсійным макіяжам.

«А як яшчэ ісьці на спатканьне з мужам, якога ня бачыла амаль два гады? Толькі прыгожай! Ігар ацаніў таксама і паліто, якое дагэтуль ня бачыў», — перакананая Алена.

Перад спатканьнем у СІЗА Ігар ня ведаў, што гэтым разам Даша будзе не адна, а разам з дачкой Паўлінкай. Гэта было першае спатканьне з пачатку вайны, калі Ігара зусім не цікавілі навіны. Бо раней Даша, седзячы ля СІЗА, з 4 гадзін раніцы чытала апошнія навіны, каб расказаць пра іх мужу", — расказваюць сяброўкі.

Раніцай 18 кастрычніка сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-й гадзіне. Сама Даша з чатырохгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спалі. Дашу затрымалі. Паўлінку забралі бабуля зь дзядулем. Тры месяцы Паўлінка ня бачыла маму, больш за два з паловай гады — тату.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG