Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Справу Дар’і Лосік накіравалі ў суд


Дар'я Лосік

Стала вядома, у чым вінавацяць жонку палітвязьня журналіста Свабоды Ігара Лосіка. Раней праваабаронцы прызналі саму Дар’і Лосік палітычнай зьняволенай.

Пракуратура Берасьцейскай вобласьці накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачаньні Дар’і Лосік у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361–4 КК). Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле матэрыялаў справы, Дар’я Лосік дала інтэрвію «экстрэмісцкаму фармаваньню» «Белсат», у якім пазыцыянавала сябе як жонку «палітвязьня». Яна дала асабістую нэгатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампэтэнцыі якіх аднесена ажыцьцяўленьне крымінальнага перасьледу і адпраўленьне правасудзьдзя, піша сайт пракуратуры.

«Пры гэтым Лосік паведаміла, што яе муж не зьдзяйсьняў крымінальных дзеяньняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных браць зь яе прыклад», — гаворыцца на сайце пракуратуры.

Справа Дар’і Лосік трапіла ў пракуратуру 1 сьнежня і менш чым праз тыдзень яе адтуль накіравалі ў суд.

Дар’ю Лосік, жонку палітвязьня Ігара Лосіка, затрымалі 18 кастрычніка. Дачка Ігара і Дарʼі цяпер у бабулі зь дзядулем.

Перасьлед Дар’і Лосік

30 лістапада Дарʼя адзначыла 31-годзьдзе за кратамі. На Дар'ю Лосік аказвае ціск адміністрацыя берасьцейскага СІЗА-7, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Вагу пасылак для Дарʼі пачалі залічваць у агульную вагу перадач. Звычайна зьняволеным можна выдаваць 30 кг перадач у месяц і дадаткова адпраўляць неабмежаваную колькасьць пасылак вагой 50 кг. Цяпер яе ў гэтым абмежавалі.

Пасылкі для Дарʼі просяць не адпраўляць без узгадненьня са сваякамі, паколькі з прычыны вызначанага ліміту яна можа застацца безь неабходных рэчаў.

Таксама паведамляецца, што лісты ад Дарʼі амаль не даходзяць.

  • Журналіст Свабоды Ігар Лосік за кратамі амаль два з паловай гады — з 25 чэрвеня 2020 году. У сьнежні 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязень адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка. Тэлеграм-каналы сілавікоў напісалі, што Дар’ю затрымалі за тое, што яна нібыта «спрыяла экстрэмісцкай дзейнасьці», прэтэнзіі да Дар’і ўзьніклі за яе інтэрвію тэлеканалу «Белсат», які ўлады назвалі «экстрэмісцкім». З таго часу Дар’ю Лосік трымаюць у СІЗА Берасьця. 30 лістапада Дар'я адзначыць 31-годзьдзе за кратамі,
  • Паўліна, малалетняя дачка Ігара і Дар’і Лосікаў, пакуль што ў бабулі зь дзядулем — у бацькоў Дар’і.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

  • Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
  • Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
  • Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
  • Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
  • Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
  • Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.

Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу) за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG